ЕС увёў санкцыі супраць 3 фірмаў і эмбарга на гандаль зброяй


Замежныя міністры краін ЕС ў ходзе пасяджэння ў Люксембургу прынялі рашэнне замарозіць актывы трох кампаній, "звязаных з рэжымам".

Паведамляецца, што гаворка пра "Белтэхэкспарт", які займаецца гандлем зброяй, ЧУП "БТ Тэлекамунікацыі"” і латэрэйную фірму "Спорт-пары".

Апрача таго, “чорны спіс” чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС, дадаецца новымі імёнамі, якія стануць вядомыя праз дзень. Уводзіцца і эмбарга на гандаль зброяй і "рэчамі, якія могуць выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсій".

Міністры вітаюць нядаўняе рашэнне Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця перакінуць падтрымку, якая раней ішла непасрэдна беларускім уладам, на недзяржаўныя і лакальныя праекты, якія прыносяць выгоду насельніцтву ў цэлым.

Яны таксама вырашылі, што Еўрапейскі інвестыцыйны банк мусіць працаваць з Беларуссю толькі тады, калі сітуацыя з правамі чалавека і вяршэнствам права ў краіне палепшыцца.

Савет Міністраў ЕС нагадвае, што працягне палітыку “крытычнага набліжэння”. Гэта значыць, прагрэс у адносінах будзе пры ўмове, што Беларусь пачне шанаваць прынцыпы дэмакраты, вяршэнства права і правоў чалавека.

ЕС асуджае "затрыманні, судовыя працэсы і прысуды па палітычных прычынах прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, СМІ і палітычнай апазіцыі, уключна з былымі кандыдатамі Някляевым, Рымашээўскім, Саннікавым, Статкевічам і Усам". Савет ЕС паўтарае свой заклік неадкладна іх вызваліць і рэабілітаваць, а таксама вельмі шкадуе пра факты катаванняў у беларускіх турмах.

Асобна згадваецца сітуацыя вакол газет "Наша Ніва" і "Народная Воля", "Аўтарадыё" і судовы працэс над журналістам Андрэем Пачобутам.

Замежныя міністры таксама падкрэсліваюць, што ЕС на гэтым не спыніцца і пры патрэбе пойдзе далей. "У святле развіцця падзеяў, ЕС гатовы разгледзець наступныя кропкавыя захады ва ўсіх сферах супрацоўніцтва", гаворыцца ў рашэнні.

На здымку: Замежныя міністры Польшчы, Бельгіі, Фінляндыі і Швецы падчас паседжання ў Люксембургу 20 чэрвеня. Council of the European Union

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі