Еўрасаюз рыхтуе "чорны спіс" беларускіх фірмаў

Сікорскі: "Санкцыі будуць тычыцца таксама еўрапейскіх рахункаў асобаў, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях. А таксама з’явіцца польска-шведскае новаўвядзенне. Мы далі Высокаму Прадстаўніку па замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі, а таксама новай службе замежных дзеянняў магчымасць выкарыстання вузка накіраваных, але вельмі адчувальных санкцый супраць беларускіх асобаў, інстытуцый і фірмаў. Мы мяркуем, што гэта будуць санкцыі супраць фірмаў, якія або дазваляюць выкарыстоўваць сябе для рэпрэсій, або ствараюць фінансавую падставу для існавання рэжыму Лукашэнкі".

Праўда, міністры не абмяркоўвалі канкрэтныя прадпрыемствы, якія маглі б увайсці ў гэты спіс. Захады, які выкарыстаюць супраць іх, будуць абмяркоўваць зацікаўленыя краіны — Чальцы ЕС і баранэса Кэтрын Эштан, паведаміў Радаслаў Сікорскі:

Сікорскі: "Мы стварылі юрыдычную магчымасць. А вось канкрэтны спіс і канкрэтныя дзеянні — гэта прадмет дыялогу паміж некаторымі краінамі ЕС і высокім прадстаўніком ЕС. Але Высокі Прадстаўнік зможа не толькі змяняць спіс асобаў, якія падлягаюць візавым санкцыям, але і прыводзіць у дзеянне гэтыя дадатковыя санкцыі".

Як і чакалася, кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Мартынава вырашылі не ўключаць у чорны спіс. Радаслаў Сікорскі падкрэсліў, што ЕС не мае намеру ізаляваць Беларусь, да таго ж Мартынаў удзелу ў рэпрэсіях не прымаў. Па словах Сікорскага, рашэнне міністраў замежных спраў ЕС — гэта вельмі ясны сігнал для Лукашэнкі.

Сікорскі: "Думаю, што мы даслалі вельмі моцны сігнал нашага катэгарычнага пярэчання наконт таго, што адбылося 19 снежня, і палявання на апазіцыю, якая ідзе ад таго часу".

Сікорскі заявіў, што мноства ягоных калег на паседжанні 31 студзеня падтрымала ініцыятыву правядзення донарскай канферэнцыі ў Варшаве для збору сродкаў для беларускай грамадзянскай супольнасці. У канферэнцыі, якая адбудзецца 2 лютага, прыме ўдзел таксама еўракамісар па палітыцы суседства Штэфан Фюле.

Шэраг міністраў замежных спраў краін ЕС на паседжанні Савета ЕС 31 студзеня таксама выказалі жаданне зрабіць бясплатнымі  нацыянальныя візы для грамадзян Беларусі, як гэта з 1 студзеня зрабіла Польшча. Ці будзе спрошчаная працэдура атрымання шэнгенскіх візаў, Радаслаў Сікорскі не адказаў Еўрарадыё нічога канкрэтнага. Праўда, магчымасці такой не выключыў:

Сікорскі: "Што тычыцца візаў, для гэтага патрэбныя размовы з Беларуссю. І такія размовы на тэхнічным узроўні могуць адбывацца".

Ацэньваючы паседжанне Савета ЕС, польскі міністр замежных спраў назваў дыскусію адной з найбольш інтэнсіўных з-за драматычных падзеяў, якія адбываюцца як на поўдні ад ЕС, так і на ўсходзе. Падчас абмеркавання Беларусі міністры замежных спраў Еўрасаюза згадвалі таксама, што Уладзіміра Някляева і іншых вязняў КДБ перавялі пад хатні арышт. Але, кажа Радаслаў Сікорскі, гэта не паўплывала на канчатковае рашэнне:

Сікорскі: "Мы лічым, што гэты жэст далёка не дастатковы, каб мы перасталі асуджаць беларускія ўлады. Мы дамагаемся вызвалення ўсіх вязняў і спынення рэпрэсій у адносінах да іх".

Польскі міністр таксама адзначыў, што для яго падзеі ў Беларусі і Егіпце маюць агульныя карані ў непавазе да стандартаў дэмакратыі.


Фота: www.gover.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі