Drum Ecstasy: "Нам вельмі дорага сядзець 15 сутак за нелегальны канцэрт!"

Днямі ў Нацыянальнай мастацкай галерэі “Захэнта” ў Варшаве адбылася выстава “Адчыняючы дзверы” (яна, дарэчы, працуе да 21 ліпеня). Там прадстаўленыя працы нашых сучасных мастакоў. 22 траўня адбылося адкрыццё выставы, увечары ва ўнутраным дворыку зайгралі гурты “Серебряная свадьба”, "Нагуаль" і “Drum Ecstasy”, апошнія і прыйшлі да нас у студыю.

Еўрарадыё: Вы любілі ўдзельнічаць у нелегальных паці і праводзілі неафіцыйныя канцэрты пад мастом з вогнішчамі і піратэхнікай.

Філіп Чмыр: “Раней мы гралі пад мостам, а цяпер не граем. Бо цяпер “за пад мостам” даюць 25 сутак – гэта задорага для гурта, які зарабляе грошы -  сядзець 25 сутак за бясплатны канцэрт. Таксама мы вельмі рэдка сталі граць у альтэрнатыўных клубах, бо проста ў Беларусі іх няма”.

Еўрарадыё: На жаль. Дарэчы, у “Вікіпедыі” няма даты стварэння гурта.

Філіп Чмыр: “Мы маладзімся і хаваем гэта. У 1992 годзе на кухні, там, дзе мы да гэтага часу рэпетуем на кватэры, сядзела двое засмучаных людзей – гэта Марат Жымагулаў, які цяпер жыве ў Казахстане, і Аляксандар Краўцоў, які сядзіць цяпер тут. І ў іх з групы, у якой яны гралі, - яны два бубначы -  сышлі ўсе. Гітарыст, басіст, карацей, усе. І яны засталіся адныя і маракавалі, што ім рабіць. Тады і вырашылі, што трэба граць так, без гэтых усіх, хто сыйшоў. А я ім збіраўся падыграць крыху. І так з таго часу пайшло. Першая назва гурта была гіганцкая: “Група імя каралеўскага геаграфічнага таварыства, якая грае у стылі барабаннага экстазу". Гэта ўсе адвалілася і засталося толькі “Drum Ecstasy”.

Еўрарадыё: А што наконт будучых выступаў? Пачынаецца фестывальная пара. Вы такі стрыт-гурт, для нейкіх маштабных выступаў.

Філіп Чмыр:  “Пакуль мы нічога сказаць не можам. Мы павінны выступаць, зараз праводзім вельмі складаныя фінансавыя перамовы з “Байк-шоў” у Севастопалі і ў іншых месцах. Мы ў працэсе цяжкіх фінансавых перамоваў”.

Еўрарадыё: А што наконт выступаў на радзіме, у Беларусі?

Філіп Чмыр: “Пу-пу-пуру-пу. Я не памятаю, недзе мы павінны хутка граць. Падаецца, дзве карпаратыўкі – вяселле там. У асноўным гэта закрыццё нейкіх мерапрыемстваў і адкрыццё крамаў. Мы ж, у асноўным, грошы зарабляем у шоў. Мы сапраўдны шоў-бізнэс. Фестывалі ў нас таксама ёсць, але яны таксама ў нас пры нейкіх падтрымках, проста так мы не ездзім і не граем”.

Еўрарадыё: Шмат удаецца зарабляць на карпаратывах?

Філіп Чмыр:  “А вы з падатковай? Нармальна. Хочацца больш, заўсёды. Чалавечая сквапнасць бязмежная”.

Еўрарадыё: Распавядзіце можа пра акцыю, якая адбывалася пад мастом і чаму яна перастала праходзіць?

Філіп Чмыр: “Мы вырашылі, што гэта дзень нараджэння нашага гурта. 28 лістапада. А першы канцэрт быў з нагоды таго, што ініцыятыва “Беларускі клімат” зрабіла выставу у той часцы, якую зараз зносяць. Гістарычны будынак Мінска – першая электрастанцыя. Людзі прыйшлі, пахадзілі, і мы падумалі, што мала. Трэба зноў цягнуць людзей на выставу. І зрабілі тады канцэрт, Барыс Штэрн тады яшчэ працаваў на радыё “Бі-эй” і ён за поўгадзіны да канцэрту паведаміў, што там канцэрт. І спараўды, было вельмі шмат людзей, не толькі тых, хто выгульвае сабакаў”.

Еўрарадыё: І гэта было не адзін раз?

Філіп Чмыр: “Гэта было шмат-шмат разоў. Прыехала міліцыя і нам давялося з ёй дамовіцца. Па-першае, мы абяцалі – была дамова, што мы без дазволу больш не граем, тады нас адпускаюць. Нас адпусцілі і мы, як чэсныя людзі, нікога не падманваем. Мы, на самой справе, не супраць працягваць канцэртную дзйнасць, але паколькі ў нас усё вельмі складана арганізаваць… Паперы, АМОН трэба арганізоўваць”.


Еўрарадыё: Як вы можаце акрэсліць свой стыль? Бо я на канцэрце пыталася ў людзей, нехта казаў, што гэта нейкі метал, нехта – хард-драм…

Філіп Чмыр: “Мы так і называем  - “Drum Ecstasy”. Стыль, падаецца, прапісаны ў назве і ўсе чотка. Вось такога нідзе няма. Ёсць гурты барабанныя, але дакладна такога прадукту няма. З гэтым ёсць некаторыя праблемы, бо людзі стэрэатыпна мысляць і не ведаюць, куды нас паставіць – дзе ж наша паліца? Калі б мы гралі джаз, магчыма было б прасцей, бо ўсё кажуць : “Клас! Ну вам бы гітарку”. А іншыя – “Не, вам бы дзяўчынку клавішніцу”. І ўсе неяк хочуць нас дарабіць. Мы зараз дадалі электоронныя барабаны. Мы не адмаўляем, што будзем працаваць з нейкімі іншымі музыкамі. Мы ўжо працавалі з Змітром Лук'янчыкам, у нас быў цудоўны праект “Песні”, працавалі з джазавымі выканаўцамі. Мы плануем працаваць і з трубой – ніякіх праблемаў. “Drum Ecstasy” будзе запрашаць да сябе якога–небудзь саліста”.

Еўрарадыё: А хто гэта будзе?

Філіп Чмыр:  "Па-першае, мы з Памідоравым размаўлялі, каб ён у нас пачытаў. З ім плануем зрабіць праект лацінаамерыканскі “Казачнік”. З духавіком мы праводзілі перамовы, пакуль не буду казаць, з кім. Віяланчэлістку яшчэ не знайшлі. Акардыяністка – гэта мы ўвогуле збіраемся стаць мільянерамі. Мільянерамі з акардыяністкай, а пакуль пазабаўляемся з Памідоравым”.

Еўрарадыё: У 2004 годзе вы трапілі ў “чорны спіс” забароненых гуртоў. Як вы адтуль выйшлі?

Філіп Чмыр:  “Нас нейкім чынам выпісалі пасля. Мы былі не адзін раз, мы былі два. Усе гурты ўжо гралі, а нас вылоўлівалі па ўсялякіх мерапрыемствах, а пасля перасталі. І цяпер, калі ў нас склалі новы “чорны спіс”, я сказаў – “О! Нас не ўзялі. Не хапіла графы”.

Еўрарадыё: Таму пра гэтыя гурты, якія зараз трапілі ў “спіс”, пра іх таксама забудуцца…

Філіп Чмыр: "Яно, канешне, уляжацца. Але я лічу, што хлапцам капітальна пашанцавала. Бо гэта цудоўны піяр – падзея, бо калі мы патрапілі ў гэты спіс, то Беларусь нікому не была патрэбная – ні расіянам, ні Захаду. Мы сядзелі фактычна цэлы год на бабах. А цяпер хлапцы распіяраныя. Шыкоўная піяр-акцыя, толькі марыць можна”.

Поўную версію інтэрв'ю з музыкамі слухайце тут: 

Фота: Ціна Сікорская. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі