Дачка Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды выступіла ў брытанскім парламенце

Тэкст прамовы Мікалай Халезін змясціў у сваім блогу. Прапануем вам пераклад на беларускую.

"Мяне завуць Даніэла Каляда. Бацькі завуць мяне Данусік або Данжубас. Хутка мне споўніцца 13. Мае бацькі займаюцца тэатрам — адной з самых мірных прафесій. Але нават тут, у Лондане, я ўвесь час баюся за іх. Гэта пачуццё нарадзілася ў мяне ў 1999 годзе, калі Анатоля, мужа маёй хроснай маці, выкралі і забілі разам з яго сябрам. Гэта пачуццё страху вярнулася да мяне позна ўвечары 19 снежня мінулага года. Пасля доўгіх угавораў мама пагадзілася ўзяць мяне з сабой на плошчу. Я патлумачыла маме і тату, што мая будучыня залежыць ад гэтага, і што я павінна быць там. Я прыгатавала тэрмасы з гарачай гарбатай з малаком, таму што мы планавалі правесці ноч на плошчы. Усё гэта адбывалася за тыдзень да Каляд, усе былі ўсхваляваныя і спадзяваліся весела адсвяткаваць Новы год... Пачаць новае жыццё...

У рэшце рэшт я не пайшла на плошчу — бацькі пакінулі мяне ў кватэры сваіх сяброў. Потым мама растлумачыла, што пакінуць мяне ў сяброў ёй падказала інтуіцыя... Пазней маю маму арыштавалі, а тату атрымалася таемна пакінуць нашу кватэру незадоўга да таго, як да нас ўварваліся супрацоўнікі КДБ. Незадоўга да гэтага дня я сказала тату, што ў мяне было адчуванне, што ў гэтым годзе ў нас не будзе ні Калядаў, ні навагодніх сямейных абедаў. Не будзе ні калядных падарункаў, ні торта, ні смеху, ні сяброў за сталом. Нічога.

Усе сябры маіх бацькоў: Андрэй Саннікаў, Дзіма Бандарэнка, Іра Халіп, Наташа Радзіна, а таксама многія іншыя — тыя, хто заўсёды дарыў падарункі і прымушаў мяне смяяцца — знаходзяцца ў турмах. 31 снежня іншыя нашы сябры падпольным шляхам вывезлі нас з краіны.

З тых часоў у нас ужо не было дома. Я не хадзіла ў школу на працягу 10 месяцаў (шчыра кажучы, гэта адзінае, па чым я не сумавала, але мама была гэтым вельмі засмучаная).

Калі сур'ёзна, не было бабулі з блінамі і гарачым шакаладам ў ложак па раніцах, не было дзядулі, з якім мы разам глядзелі снукер, не было іншага дзядулі, які рыхтаваў лепшыя ва ўсім свеце пяльмені. Было вельмі шмат слёз. І пастаянныя навіны пра ўсё новыя рэйды КДБ у кватэру бабулі і дзядулі ў пошуках бацькоў. У лютым гэтага года яны наляцелі ў пошуках мяне. Супрацоўнікі КДБ хацелі забраць мяне, каб прымусіць бацькоў замаўчаць. Тое ж самае было зроблена з маім сябрам Данікам, чатырохгадовым хлопчыкам, сынам Андрэя і Іры, абодва бацькі якога знаходзіліся ў турме КДБ.

Мама абяцала мне, калі мы ад'язджалі, што на наступныя Каляды ў нас будзе сапраўднае свята. Але яна не стрымала сваё абяцанне. Нішто ўжо не можа быць такім, як раней. Мой дзядуля, які рабіў лепшыя пяльмені ў свеце і быў самым вясёлым чалавекам, якога я калі-небудзь ведала, памёр ад сардэчнага прыступу ў жніўні, пасля чарговага рэйду КДБ.

Андрэй і Дзіма, два вялікіх чалавека, як вялікіх мядзведзя, з вялікай колькасцю дабрыні і са шматлікімі падарункамі, цяпер у турме. Андрэй піша з турмы казкі для Даніка. З дапамогай сваіх казак ён спрабуе выхаваць яго як добрага чалавека.

Я маладая. Як правіла, маладых ніхто не слухае. Я ведаю, што і вы не чараўнікі і не можаце вярнуць мне майго дзядулю. Але я прашу вас толькі аб адным: здзейсніць усё адно цуд і зрабіць усё магчымае, каб вярнуць гэтых людзей, якія ўсё яшчэ жывыя і знаходзяцца ў турмах, назад — да іх дзяцей і бацькоў.

Дзякуй".

Фота: thepoliticizer.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі