Cуд апраўдаў актывіста Валерыя Вусіка

130411_ty_mozash.mp3

Валерый Вусік болей за 30 гадоў адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы галоўным ветэрынарным лекарам, а таксама быў дэпутатам розных узроўняў. Пасля сыходу на пенсію ён пачаў пісаць лісты ў розныя кантралюючыя дзяржаўныя інстанцыі аб фактах карупцыі ў калгасе. Аднак сапраўдны рэзананс пачаўся толькі пасля таго, як інфармацыю пра карупцыю і злоўжыванні ў калгасе Лебядзянка атрымалі незалежныя журналісты з газеты “Магілёўскі выбар”. Цяпер па некаторых агучаных вяскоўцам фактах ідзе праверка аддзелам па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

Не дзіва, што дырэктара калгаса “Лебядзянка” Пятра Бялова моцна раздражняе актыўнасць былога супрацоўніка. Пляменнік дырэктара падаў у суд на вяскоўца нібыта за тое, што той яго абражаў.

У судзе, які адбыўся 8 красавіка, у якасці сведак выступілі незалежныя журналісты Аліна Скрабунова і Яўген Глушкоў. Таксама суддзя далучыла да матэрыялаў справы відэазапіс, з якога было бачна, што Валерый Вусік нікога не абражаў і трымаўся карэктна. А вось пляменнік старшыні калгаса Міхаіл Бялоў абражаў яго непрыстойнымі словамі, расказвае Валерый Вусік:

“Суд прайшоў добра. Я лічу, што там я даказаў усю сваю невінаватасць. Сведкі і відэазапіс пацвердзілі, што на мяне быў складзены хлуслівы данос і напісана было тое, чаго не было, і ў чым я не ўдзельнічаў. Мяне абражалі, а я нікога не чапаў”.


Вясковец кажа, што ў судзе ён прасіў пакараць грамадзян Бялова і Сафонава, якія далі клятву ў судзе казаць толькі праўду, аднак бессаромна хлусілі, працягвае Валерый Вусік:


“Я напісаў сустрэчны іск аб тым, што гэты Бялоў мяне абражаў, і што я прашу правесці праверку. Сёння мне прыйшоў адказ з раённай міліцыі, што падчас правядзення праверкі ў дачыненні да Бялова Міхаіла Віктаравіча ўчастковым інспектарам міліцыі Емяльянавым складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, артыкул 9.3 “Абраза”, які накіраваны ў раённы суд для прыняцця рашэння”.


Валерыя Вусіка чакае наперадзе яшчэ некалькі судовых пасяджэнняў. Раней старшыня суда Бялыніцкага раёна Уладзімір Гуз аштрафаваў вяскоўца на 5 мільёнаў рублёў — 2 мільёны штрафу за распаўсюджанне газеты “Магілёўскі выбар” і 3 мільёны рублёў — за матэрыял у газеце, які, нібыта, быў хлуслівым і ганьбіў старшыню мясцовага калгаса. Актывіст ужо абскардзіў пастанову, бо суддзя не дазволіў выклікаць у суд сведак і скарыстацца паслугамі адваката, кажа Валерый:

“Суддзя даў мне штраф у памеры 50 базавых велічынь. На гэтым суд скончыўся. Праз суткі ён мне тэлефануе і просіць прабачэння за гэта. Кажа, выбачай мяне, я не меў рацыі, бо карыстаўся ў судзе эмоцыямі, а не законам, у выніку чаго дапусціў школьную памылку. Даруй мне і падай апеляцыю”.


Вясковы актывіст кажа, што паводзіны суддзі яго вельмі здзівілі. Вусік не сумняваецца ў тым, што рашэнне Магілёўскага абласнога суда адменіць пастанову раённага, а суд Быхаўскага раёна аштрафуе за абразу яго крыўдзеціля Міхаіла Бялова.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі