Ці збіваў магілёўскі АМАП “дынамаўскага” фаната?

Еўрарадыё выйшла на след 18-гадовага заўзятара мінскага “Дынама”, які паскардзіўся, што яго збіў у Магілёве прапаршчык АМАПа Р. Нягледзячы на рэзананс, які выклікала гісторыя, “пацярпелы” адмаўляецца размаўляць на тэму свайго затрымання.

І гэта гісторыя наўрад ці атрымае працяг, бо яна не трапіла ў поле зроку кампетэнтных структур.

“У следчых органах няма крымінальнай справы ў адносінах да супрацоўніка міліцыі”, ― паведамляе Аксана Салянюк, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.

“Нічога па гэтым факце вам паведаміць не магу”, ― сцісла адказвае Раман Посахаў, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Нагадаем, што на выхадных інтэрнэт выбухнуў скандальнай гісторыяй. Cайт belultras.by паведаміў пра зняважлівае затрыманне мінскага фаната. Таго, па інфармацыі рэсурса, спынілі перад матчам, каб праверыць дакументы, і знайшлі ў кішэнях налепкі. Пасля гэтага павялі ў міліцэйскі пастарунак, каб праверыць іх легальнасць. Там фанату трошкі натаўклі і, выпусціўшы з пастарунка, прымусілі дэфіляваць у дынамаўскай амуніцыі перад фанатамі “Дняпра”. Паведамлялася, што ўсю гэту экзекуцыю фанату арганізаваў амапавец Р., які ў 2011-м годзе распыляў cлезацечны газ на заўзятараў “Дынама” ў Бабруйску.

Нам удалося задаць некалькі пытанняў іншаму фанату “Дынама-Мінск”, які ведае героя магілёўскай гісторыі і быў з ім разам на стадыёне.

“Яго затрымалі дзесьці за гадзіну да гульні, ля стадыёна. Ён прыехаў неарганізавана, сваім ходам. Калі яго прывялі на стадыён, ён спачатку нічога не расказваў. Мы даведаліся пра ўсё толькі на наступны дзень пасля матчу”.

Еўрарадыё: Сцікеры, за якія яго затрымалі, былі праварадыкальныя?

“Не, без матаў і іншай крамолы. З яго словаў, нічога супрацьзаконнага на іх не было. Ён сказаў, налепкі правяралі па базе і нічога забароненага не знайшлі”.

Еўрарадыё: Ці скардзіўся ён на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў іншыя інстанцыі?

“Заяву не піша, таму што ніякіх доказаў, апроч яго словаў, няма. Былі яшчэ сведкі, якія бачылі, як яго выводзяць з аддзялення міліцыі”.

Еўрарадыё: Хто гэтыя людзі?

“Фанаты магілёўскага “Дняпра”. Праваахоўнік прымусіў яго прайсціся ў атрыбутыцы “Дынама” каля, груба кажучы, “варожых фанатаў”. 

Еўрарадыё: Ці ёсць на целе ў фаната пабоі?

“Ён сказаў, што разы два-тры білі па нырках. Яшчэ аднойчы ўдарылі, калі ён паспрабаваў некаму патэлефанаваць. Але нічога фіксаваць ён не стаў”.

У Магілёве былі супрацоўнікі ФК “Дынама-Мінск”. Спецыяліст па пытаннях бяспекі клуба Сяргей Бортнікаў не заўважыў падчас матча ніякіх канфліктаў з міліцыяй і высвятляў падрабязнасці інцыдэнту ў панядзелак.

“Мы там былі цягам матча. Бачылі, як фанаты прыязджалі, як ад’язджалі. Ніхто да нас не звяртаўся з паведамленнямі, што кагосьці дзесьці збілі. Я зараз спрабую высветліць, каго, дзе, як і за што. Зноў жа, усё вядома са слоў заўзятара. А ці быў такі факт ― пытанне. Зноў жа, калі няма заявы, то і размаўляць няма пра што”.

У Беларускую федэрацыю футбола рэгулярна паступаюць скаргі на міліцыю ад фэнаў розных каманд.

Напрыклад, у Брэсце не пускалі на стадыён у бяскрыўдных майках і шаліках. У Гродне заўзятараў прымушалі перад камерай прагаворваць асабістыя дадзеныя, і некаторыя называліся Эйнштэйнамі, Калумбамі і шлі далей.

У Жодзіне дручком пачаставалі нават афіцыйнага супрацоўніка, які адказваў за працу з заўзятарамі. У Мінску бацька чатырох дзяцей скардзіўся, што яго “за былыя заслугі” цягаюць у міліцыю перад пачаткам усіх футбольных сезонаў. А ў Мазыры дзяўчаты абураліся, што перад уваходам на стадыён іх распраналі да ніжняй бялізны. 

Як спыніць міліцэйска-фанацкую “вайну”? Многія спадзяюцца, што калі футбол будуць абслугоўваць сцюарды, а не байцы спецпадраздзяленняў, стаўленне да звычайных людзей будзе “людскае”. Але як хутка на нашы арэны ўвядуць новую пасаду, не вядома.

“Для таго каб гэта здарылася, павінны быць прыняты папраўкі ў закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Толькі пасля гэтага сцюарды могуць быць афіцыйна ўведзены, ― тлумачыць Ігар Бяльковіч, спецыяліст па працы з заўзятарамі Федэрацыі футбола. ― На дадзены момант “БАТЭ” і “Дынама-Мінск” уводзяць сваіх сцюардаў. Хоць міліцыя таксама сочыць за парадкам на стадыёне, напрыклад, здзяйсняе дагляд на ўваходзе. Бо ў сцюардаў няма адпаведных паўнамоцтваў. І адказвае за ўсё міліцыя”.

Калі магчыма чакаць паправак у закон, у БФФ не ведаюць. Федэрацыя не мае права ініцыяваць папраўкі і не можа кантраляваць працэс. Тым часам, па водгуках ад фанатаў Ігар Бяльковіч робіць выснову, што супрацоўнікі міліцыі паводзяць сябе “трошкі больш культурна, чым раней”. Але гарантый, што новы футбольны сезон абыдзецца без “сюрпрызаў”, няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі