Чым куратарства Мясніковіча і яго намеснікаў дапамагло іх падшэфным?

130121_lukashuk_kuraptory.mp3

За кожным з кіраўнікоў урада замацавалі падшэфныя прадпрыемствы, каб “ўзяць пад асабісты кантроль рэалізацыю інвестыцыйных праектаў”. Адбылося гэтае “размеркаванне” на пачатку верасня мінула года.

Прэм’ер-міністру Міхаілу Мясніковічу дасталася “Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне”. Прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства ўпэўнівае Еўрарадыё, што змены — кардынальныя.

“Я бачу, вядома, паляпшэнне ў лепшы бок”, — упэўнівае суразмоўца Еўрарадыё. Але калі яго просяць прывесці канкрэтны прыклад паляпшэння дзякуючы куратарству Мясніковіча, той спасылаецца на занятасць і развітваецца.

На першага намесніка прэм’ера Уладзіміра Сямашку “павесілі” два прадпрыемствы — сталічны “Камволь” і “Аршанскі ільнокамбінат”. Трохмесячныя вынікі куратарства Сямашкі на "Камволі" 17 снежня праверыў кіраўнік краіны. У выніку праверкі дырэктар прадпрыемства страціла пасаду, а Сямашку разам з Мясніковічам Лукашэнка прыгразіў адстаўкай. У сваіх падшэфных у Оршы Сямашка бывае прыкладна раз на месяц, распавядаюць Еўрарадыё супрацоўнікі ільнокамбіната. Што пра змены пасля атрымання такога куратара….

“Шмат што ў нас змянілася пасля таго, як змяніўся генеральны дырэктар, гэта я магу дакладна сказаць. А Сямашка… Ну, я не магу сказаць, што ў маёй працы нешта памянялася. Нам кіраўніцтва дае ўказанні, а зыходзілі яны ад Сямашкі ці не — гэтага не ведаю”.

Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы сочыць за дзейнасцю “Аршанскага мясакансервавага завода”. Але, прызнаецца выканаўца абавязкаў галоўнага інжынера Аляксандр Сідаровіч, за мадэрнізацыю яны ўзяліся даўно, і на яе тэмпы куратарства Русага ніяк не ўплывае. Фінансавыя пытанні таксама вырашаюць з банкам самастойна. Хаця мець такога шэфа нядрэнна. На ўсялякі выпадак.

Аляксандр Сідаровіч: “Калі ёсць — ведаеш хоць, да каго звяртацца! А яму ж лепш відаць, дзе па якіх калідорах улады потым накіраваць, каб прасцей было пытанне вырашыць. Яно, канешне, лепш, калі ёсць куратар, калі ён адказвае разам з намі. Але пакуль яшчэ яго няма чым “загружаць” асабліва”.

У сваіх падшэфных на “Нясвіжскім заводзе медыцынскіх прэпаратаў” Анатоль Тозік за апошнія месяцы быў ажно два разы. Вынік — “прынялі пратакол, у якім прапісана, што каму з кіраўніцтва рабіць пасля яго (Тозіка. — Еўрарадыё) наведвання”. І шчыра прызнаюцца: куратарства Анатоля Тозіка яны пакуль не заўважылі.

“Рэальных вынікаў пакуль няма. А хто нам рэальна дапаможа, акрамя нас саміх?! Мадэрнізацыяй мы займаемся з 2007-2008 года. Адна новая вытворчасць у нас ужо запушчана, рэканструкцыяй другой мы займаемся з мінулага года — рухаемся ў абраным намі раней накірунку!”

Прадпрыемства “Даламіт” віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін хоць і наведваў раней, але пасля свайго прызначэння куратарам ні разу там не быў. На планы мадэрнізацыі ніяк не ўплывае, разважае галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Прошчанка.

Аляксандр Прошчанка: “Ён, напэўна, нейкія дае ўказанні адпаведныя… Не наўпрост, а праз міністэрства тое ж самае. А мы выконваем тое, што ў нас ёсць: план мадэрнізацыі ў нас ёсць, і нешта па ім рабіць хутчэй… Ну, ёсць жа ў такіх мерапрыемстваў нейкія рэальныя тэрміны, і хутчэй за рэальнае нічога не ажыццяўляецца. Мы гэтым і не замарочваемся”.

А вось калі тэрміны выканання мадэрнізацыйных планаў паляцяць ці нешта яшчэ здарыцца надзвычайнае, тады да свайго куратара і будуць звяртацца. А пакуль: “Тое, што нехта пастаянна за намі назірае, — стварае пастаянны тонус, мабілізуе”. Для некаторых і гэта ўжо карысна.

Фота: http://www.government.by/be/