Мясніковіч сустрэўся ў Маскве з Сігалам

Стывен Сігал і Міхаіл Мясніковіч / eec.eaeunion.org

Міхаіл Мясніковіч сустрэўся ў Маскве са Стывенам Сігалам. Справаздачу пра сустрэчу змясціла на сваім сайце Еўразійская эканамічная камісія — Мясніковіч старшыня яе калегіі. Пра што ж ён размаўляў з прадусарам, кінарэжысёрам, сцэнарыстам і акцёрам?

"Міхаіл Мясніковіч расказаў аб асноўных напрамках дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, падкрэсліўшы важную ролю еўразійства ва ўмацаванні не толькі эканамічных, але і гуманітарных і сацыякультурных адносін паміж народамі на еўразійскай прасторы, дзе Стывен Сігал займае на сённяшні дзень значнае месца з улікам яго багатага жыццёвага, прафесійнага вопыту і сусветнай папулярнасці", — гаворыцца ў справаздачы.

Сігал — вядомы прыхільнік Уладзіміра Пуціна, мае расійскі пашпарт. У жніўні 2016-га ён прыязджаў у Беларусь. Аляксандр Лукашэнка частаваў яго морквай.

Міхаілу Мясніковічу 72 гады. Ён — экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта РБ (1995 — 2001), былы беларускі прэм'ер (2010 — 2014), экс-старшыня Савета Рэспублікі (2015 — 2019). А яшчэ Мясніковіч некалькі гадоў кіраваў Нацыянальнай Акадэміяй навук. Пасаду ў Еўразійскай эканамічнай камісіі ён атрымаў у пачатку 2020 года.

eec.eaeunion.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.