Чатыры бісы "Океана Ельзи": "Гуляць дык гуляць!"

"Так горача ў вас тут у Арэне, што нават гук "паплыў,"  вітаецца Вакарчук, паставіўшы паўнюткую Арэну на вушы першымі ж акордамі песні “Вставай”. Музыкі наладжваюць гітары, а Святаслаў разглядвае "sold out"- Арэну. - Для нас вялікі гонар, што вас столькі сёння прыйшло на канцэрт!" 

 

Нягледзячы на заўважныя праблемы з голасам на пачатку канцэрта, Святаслаў знаходзіцца ў відавочна добрым настроі — бегае ад краю да краю сцэны, скокае з "п’едэстала" бубнача на пляцоўку і папярэджвае: "Але гэта яшчэ не ўсё!" Пад "Більше для нас" музыка скача са сцэны ў натоўп фанзоны. "Во дзе пашанцавала!" — шэпчуцца тыя, каму не давялося праціснуцца ў першыя шэрагі і “дакрануцца да легенды”, але на ўсялякі выпадак прасоўваюцца бліжэй — а раптам паўторыць?

 

Паўторыць і не раз! Але гэта ўсё – потым. Пакуль жа “Океан Ельзи” нечакана аб’яўляе блок “медлякоў”. Рамантыкаў у зале набралося не так шмат – танчылі пад летуценныя “Пташку” ды “Друга” хіба некалькі пар . Астатнія па-ранейшаму зачаравана назіралі за тым, як “трансфармуецца” Славін голас і шчасліва выдыхалі – "Ну, усё ўжо нармальна! Той яшчэ будзе выступ!"

 

Як музыкі і абяцалі напярэдадні канцэрту, неспадзяванак было шмат. Па-першае, арыгінальны трэк-ліст — некаторыя песні гурт выконвае вельмі рэдка. Так, напрыклад, Мінску пашчасціла паслухаць “Ордени” з альбома “Dolce Vita”. Да таго ж, чамусьці знік легендарны атрыбут канцэртаў “Океана Ельзи” — павязаны на стойку мікрафона шалік. Ды і новых песень мы так і не дачакаліся.

Як Святаслаў прызнаўся пасля канцэрту, нечаканыя праблемы з голасам на пачатку выступу не дазволілі яму рызыкнуць і ўсё ж спець хаця б любімую мінчукамі “Стіну”, якая мусць з’явіцца на новай пласцінцы ў якасці бонуса.

“Я не вельмі пераймалася, што не было новых песень, кажа даўняя прыхільніца творчасці “Океана Ельзи” Іна Бо самы кайф, калі ўжо ведаеш тэксты песень і можаш падпяваць. Таму я дачакаюся новага альбому і будучага туру. Мне даўно хацелася такога вялікага канцэрту гурта і тут адчуваецца сапраўдная, хатняя атмасфера, нягледзячы на велізарныя памеры Арэны. Эйфарыя, сляпая радасць і шчасце!”

 

Дзяніс Дудко 

Тым часам энэргетыка "Акіянаў" запаўняе залу. Выключна “українською мовою” лідар славутага гурта цёпла вітаецца з публікай, аб’яўляе песні і шмат жартуе.

“А вы ведаеце наш альбом “Я на небі був”? — какетліва пытаецца Святаслаў са сцэны. Ну хто ж не ведае адзін з самых “моцных” альбомаў "Океана Ельзи"! — Якая зараз будзе песня?”

У зале пранеслася “Сосны” ды “Там де нас нема”. Але ж абяцаны “нечаканы” трэк-ліст працягвае здзіўляць рэдкімі нумарамі —“Фіалкі”.

“Сапраўдны сюрпрыз не для публікі, а для гурта “Океан Ельзи”, бо зараз будзе не тая песня, смяецца Слава. Можа, мне захацелася яе сыграць таму, што вас так многа ў зале тых, для каго мы пішам усе свае песні. Гэта “Не можу без тебе”. Вы падтрымліваеце мяне? Добра, вы мяне, а я буду падтрымліваць штаны, каб не ўпалі!”

З гэтымі словамі Вакарчук выдаў ударную порцыю “баевікоў” на развітанне: “soft-porno песня” “Кішка” пад якую Святаслаў нават мяўкнуў ад задавальнення, “Вище неба” ды “Без бою” — як без іх? Пад “Зелені очі” нарэшце ўзняліся і самыя заўзятыя аматары “сідзячых” канцэртаў на трыбунах. Але на гэтым “афіцыйная” частку канцэрту нечакана скончылася. Праз 5-7 “прыстойных” хвілін паўзы пераапрануты Святаслаў і кампанія з’явіліся на сцэне. Падчас “бісу” Вакарчук зноў накіраваўся па парапетах ды агарожах фанзоны  — у самы натоўп.

 

 

 

“Квітка”, “Я так хочу” і “911”. Пасля музыкі зноў сыходзяць, каб усё ж вярнуцца ў залу яшчэ і яшчэ, па-ціху распранаючыся!

“Не будзе літасьці вашым далоням! Гуляць дык гуляць!   кажа Вакарчук. —  У першай частцы канцэрту нейкая фігня была з голасам. Голас вярнуўся, і я хачу спяваць больш!”

Рэкордныя 4 бісы і 28 песень за канцэрт —  такога не было яшчэ нідзе! На развітанне Святаслаў вырашыў паспрабваць сябе за клавішамі, а клавішнік Мілаш Еліч  на басе. І хто ведае, чым бы ўсё скончылася, калі б на гэтым непасрэдна не скончыўся сам канцэрт.

 

Пётр Чарняўскі 

 

Калі ўсё ж рассмакаваць “Океан Ельзи” у Мінск-Арэне атрымалася не ва ўсіх, давядзецца чакаць будучага вялікага тура гурта па Беларусі. Напрыканцы наступнага года музыкі не толькі збіраюцца зладзіць тур па нашай краіне, але і падумваюць адыграць “двайны” канцэрт у Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі