Частку альбомаў Svet Boogie Band прададуць на канцэрце-аўкцыёне

11 кастрычніка ў клубе "Гудвін" пройдзе канцэрт-прысвячэнне памяці  беларускага блюзмэна, спевака, кампазітара ды лідара гурта Svet Boogie Band Святаслава Хадановіча. Падчас канцэрту адбудзецца прэзентацыя фільма "Svet", які ўпершыню быў прадэманстраваны гледачам у гадавіну смерці музыкі 12 верасня.

Грошы на стварэнне фільма сабралі ў тым ліку, дзякуючы дабрачыннаму канцэрту-аўкцыёну, які адбыўся ў мінскім клубе "Мулен Руж" год таму. Цяпер і рэжысёр фільма Алена Цагельская, і сваякі Света шукаюць сродкі, каб выдаць фільм у належнай якасці на DVD. На рэалізацыю гэтай ідэі пойдуць сродкі, сабраныя на канцэрце ў "Гудвіне".

Праўда, частку з іх, кажа маці музыкі Любоў Сямёнаўна, давядзецца выплаціць за арэнду "Гудвіна" і працягвае:

"Увогуле, гэта дабрачынны вечар, бо ўсе ўдзельнікі імпрэзы выступаюць бясплатна. Да таго ж, мы правядзем невялічкі аўкцыён, дзе прапануем некалькі дыскаў, якія Свет запісваў сам, а таксама DVD "Svet and friends", які я падрыхтавала да першай гадавіны са дня смерці Света".

Увогуле, імпрэза, прысвечаная памяці Святаслава Хадановіча, абяцае быць насычанай.  Так, падчас прэзентацыі фільма "Svet" выступіць творчая група, якая працавала над здымкамі. Наведвальнікі ўбачаць адмысловае слайд-шоў з канцэрта-аўкцыёна мінулага году. Завяршыцца імпрэза канцэртам гурта Steve Cramer Band і after-party, дзе можна будзе вольна пагутарыць з музыкамі гурта Svet Boogie Band ды з іншымі блюзменамі, якія таксама возьмуць удзел у мерапрыемстве.  У ролі вядучага імпрэзы выступіць Анатоль Вечар. Да таго ж, на мерапрыемства запрошаныя вядомыя фатографы краіны, якія рыхтуюць адмысловы сюрпрыз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі