Чакаць месяц, калі выпішуць рэцэпт?

120417 Nasta Leki.mp3

Журналіст Еўрарадыё спрабуе запісацца на прыём да гінеколага ў мясцовую паліклініку. Нечакана там просяць пачакаць… да траўня!


Паліклініка №4: Да гінеколага? Толькі на травень месяц!
Еўрарадыё: А раней?
Паліклініка: Раней увогуле нічога няма. Ваша доктар пайшла на курсы… Таму так.
Еўрарадыё: Дык запішыце мяне да іншага…
Паліклініка: Да іншага і запісваю, але бліжэйшы час ужо 2-га траўня.


З ліпеня супрацьзачаткавыя таблеткі прададуць толькі паводле рэцэпту. А каб атрымаць рэцэпт, давядзецца наведацца да гінеколага. А гінеколаг — толькі праз месяц!


Міністэрства аховы здароўя пачынае жорстка кантраляваць аптэкі, каб тыя прадавалі лекі выключна паводле дакумента ад доктара. У спіс лекаў без рэцэпту ўваходзяць абязбольвальныя, супрацьпрастудныя, лекі, якія прымаюць пры разладзе страўніка і г.д. Лекі ад гіпертаніі і кантрацэптывы — толькі паводле рэцэпту! Без паперы адпусцяць “Пасцінор” — сродак экстранай кантрацэпцыі.


“Хочуць, каб было так, як у Еўропе. Але як яно атрымаецца — хто яго ведае. Спрабавалі ўжо ў мінулым годзе. Паліклінікі не гатовыя да гэтага ўсяго. Вы ж ведаеце, што ў нас, каб патрапіць да тэрапеўта, трэба праседзець у чарзе цэлы дзень! А цяпер яшчэ будзе лавіна тых жа самых гіпертонікаў, якія сядзяць на прэпаратах”, — дзівіцца фармацэўт мінскай аптэкі “Юніфарм”.


У мінскай паліклініцы №6 прызнаюць, што будзе цяжка… Але спадзяюцца штосьці прыдумаць.


“Пакуль думаем, як нам выходзіць са становішча. Што датычыцца кадравай палітыкі — нічога не змянілася. Будзем пакуль думаць — да першага ліпеня ў нас яшчэ ёсць час. Мы думаем, але гэта цяжка”, — распавядае намесніца галоўнага лекара Вольга Зайцава.


Магчыма, рэцэпты будуць выдаваць адразу на паўгода! А, можа, знянацку ў паліклінікі прыйдуць працаваць дадатковыя людзі.


Вольга Зайцава: “Так часам бывае, што раптам знянацку пачынаеш укамплектоўвацца. Людзі прыязджаюць… заканчваецца вясна, людзі пачынаюць думаць, як бы ім памяняць месца працы, горад… Гэтым чынам паціху нейкія кадры з’яўляюцца. Пакуль вывучаем, унікаем у сутнасць, што ды як… Думаем, як будзем з гэтага выходзіць. Цяжка, але трэба”.


У аптэках таксама баяцца. Бо прыбыткі могуць знізіцца.


“Канешне, будуць менш купляць, — кажуць у аптэцы. — Можа, у паліклініках штосьці прыдумаюць, на рэцэптах, можа, будуць сядзець асобна нейкія ўрачы. Пакуль яшчэ аптэкі адпускаюць без рэцэптаў. Ідуць нават з выпіскамі… Чалавек прыйшоў, напрыклад, з бальніцы, там у яго выпіска і назначэнне на руках. Але з ліпеня патрэбны будзе рэцэпт. Выпіска — гэта выпіска. А на гэтыя прэпараты чалавек павінен будзе ісці з бальніцы ў паліклініку, каб яму выпісалі рэцэпт”.

Спіс лекаў, якія адпускаюць без рэцэпту, можна паглядзець тут.

Фота: fabfitsquad.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі