Бомбы беларускага спорту 2012: перамогі, праекты, зламаны лёс

Вікторыя Азаранка – першая ракетка свету

У студзені знакамітая беларуская тэнісістка навечна ўпісала сябе ў спартовую гісторыю: стала першай у сусветным рэйтынгу. Зрабіць гэта ёй удалося пасля перамогі на турніры “Вялікага шлему” ў Мельбурне.

Дарэчы, за ўвесь сезон Вікторыя зарабіла каля васьмі мільёнаў долараў прызавых.

На Алімпіядзе ў Лондане беларуская тэнісістка пацвердзіла свой экстраклас. Узяла бронзу ў адзіночным разрадзе і золата ў парным: Вікторыя выступала дуэтам з Максімам Мірным.

Дар’я Домрачава ― на другім месцы па выніках сезону ў біятлонным Кубку свету


Мінская спартсменка вярнула беларускі біятлон у сусветную эліту. На розных этапах Кубку свету яна сабрала ўраджай з першых, другіх і трэціх месцаў. Дар’я не мела роўных у мас-стартах і гонках пераследу.

Любяць Домрачаву і за тое, што ў жыцці яна ― дзяўчына простая, ветлівая і сімпатычная. Хоць і можа ў парыве эмоцый сыпануць трапным народным праклёнам

Зборная Беларусі па хакеі: правальны чэмпіянат свету

Першынство планеты праходзіла ў Фінляндыі. Нягледзячы на тое, што беларусам удалося сабраць наймацнейшы склад гульцоў, нашы прайгралі шэсць гульняў з сямі. Саступілі нават французам (што раней цяжка было ўявіць), у камандзе якіх гулялі ў тым ліку паўпрафесіяналы.

Пасля такога чэмпіянату фінскага трэнера беларусаў Кары Хейкіля звольнілі. Нягледзячы на параўнальна высокія заробкі ў беларускім хакеі (пазайздросцяць і французы, і швейцарцы), прагрэсу не назіраецца ўжо цягам шэрагу гадоў. Грошы ўкідваюцца на набыццё легіянераў, выдаюцца пашпарты замежным хакеістам. А падрыхтоўка юных спартсменаў вядзецца не на самым высокім узроўні: моладзевыя зборныя гуляюць яшчэ горш за дарослых.

Алімпіяда ў Лондане: крымінальныя справы, допінгавыя скандалы

На Гульнях чатырохгоддзя Беларусь, згодна медальнаму заліку, аказалася на 26-м месцы. Гэты вынік спартовыя спецыялісты называюць найгоршым у гісторыі.

Беларускі спорт пачало трэсці ўжо за некалькі месяцаў да Алімпіяды. У траўні нечакана затрымалі і змясцілі ў СІЗА КДБ дзяржтрэнера па лёгкай атлетыцы Анатоля Бадуева і ўрача каманды Паўла Дрынеўскага. Дакладная інфармацыя праваахоўнымі органамі не разгалошвалася, спецыялістаў нібыта абвінавачвалі ў прымусе да дачы хабару і ў нямэтавым выкарыстанні спонсарскіх сродкаў.

У пачатку кастрычніка абодвух спецыялістаў выпусцілі, хоць крымінальную справу не закрылі.

Вядомая беларуская штурхальніца ядра Надзея Астапчук, якая мела канфлікт з Бадуевым перад Алімпіядай, здолела ўзяць залаты медаль. Але праз некалькі тыдняў Міжнародны алімпійскі камітэт агаломшыў навіной: штурхальніца ядра прымала допінг. Пазней у Беларусі было праведзена ўнутранае расследаванне, і вынесены яшчэ больш сенсацыйны вердыкт: допінг у каву дадаў трэнер. Тэрміны дыскваліфікацыі Надзеі Астапчук з-за такой блытаніны не абвешчаны дагэтуль. Як і не вядомы ўсе акалічнасці скандалу.

На гэтым допінг-атака на нашых спартсменаў не скончылася. МАК пастанавіў пазбавіць алімпійскіх медалёў Алімпіяды…2004-га года кідальніка молата Івана Ціхана і кідальніцу дыска Ірыну Ятчанку. Нібыта з’явіліся новыя тэхналогіі даследаванняў, якія дапамаглі выявіць забароненыя рэчывы. Толькі так мэтанакіравана правяраюць чамусьці менавіта беларусаў. 

Алімпіяда: залатая перамога беларускай вінтоўкі

Стралок Сяргей Мартынаў перад Лонданам не лічыўся жалезным фаварытам. Відаць, спрацаваў савецкі стэрэатып: пасля трыццаці кар’ера спартсмена ідзе на спад.

Сяргей Мартынаў да Гульняў-2012 двойчы браў алімпійскія бронзы, але ў Пекіне-2008 не трапіў на п’едэстал. І вось ― трыумфальнае золата. 

Прарыў у беларускім плаванні: Аляксандра Герасіменя і Ігар Бокій


 Два срэбныя медалі ― найлепшы наш вынік у плаванні за часамі незалежнай Беларусі. Аляксандра Герасіменя на Алімпіядзе стала другой у дысцыплінах 50 і 100 метраў вольным стылем.

А пасля лонданскіх Гульняў перамагла на чэмпіянатах Еўропы і свету.

Паралімпіец Ігар Бокій (18 год) у Лондане здабыў аж пяць залатых медалёў цягам адных спаборніцтваў. І абвясціў пра пераход у плаванне сярод здаровых. Праз некалькі месяцаў пасля спаборніцтваў Еўрарадыё наведала Ігара Бокія ў Бабруйску. Пакуль таленавіты плывец вымушаны трэніравацца ў паходных умовах: дарожкі ў басейне правісаюць, няма належных стартавых тумбаў.

Калі Ігар атрымае належныя ўмовы і вытрымае псіхалагічнае выпрабаванне, то росквіт яго кар’еры можа прыйсціся на 25-26 год.  

БАТЭ здабыла першыя перамогі ў Лізе чэмпіёнаў

Чэмпіёны Беларусі па футболе працягнулі прафесійны рост. У 2012-м годзе здарыліся першыя перамогі ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў.

У верасні БАТЭ перамагло ў гасцях французскі “Ліль”, а ў пачатку кастрычніка ― саму мюнхенскую “Баварыю” (лік абедзвюх гульняў 3:1). Праўда пасля гэтага сенсацыйнага старту беларусаў чакала серыя з чатырох паразаў.

У выніку БАТЭ выйшла ў плэй-оф Лігі Еўропы і сустрэнецца ў лютым з турэцкім “Фенербахчэ”.

Адметным быў і той факт, што ў клуб вярнуўся Аляксандр Глеб, які несумненна ўзмацніў каманду і павялічыў уласныя рэйтынгі.  

Гандбольнае “Дынама” ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў, зборная ― у фінале чэмпіянату планеты

 Гэты сезон стаў самым удалым для беларускага гандбола з 1995-га года. Чэмпіён Беларусі “Дынама” у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў даваў адлуп найлепшаму клубу планеты ― каталонскай “Барселоне”. Перамагаў аднаго з лідараў Бундэслігі ― “Берлін”. У выніку нашы выйшлі ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў.

Нацыянальная зборная Беларусі прабілася ў фінальную стадыю чэмпіянату свету. Драматычна і самааддана. Фінал адбудзецца хутка ― у студзені 2013-га года ў Іспаніі.

Галоўныя будоўлі краіны: стадыён “Дынама”, стадыён БАТЭ

 Па класіфікацыі УЕФА сёння ніводзін беларускі стадыён не падыходзіць для правядзення той жа групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Але праз год-два сітуацыя пачне мяняцца.

Рэканструкцыя “Дынама” распачыналася адметным беларускім шляхам. Улетку інфармацыйныя агенцтвы абвясцілі пра тое, што тэндэр выйграла аўтарытэтная кампанія “Грабаплан”. Венгерскія банкі нібыта збіраліся праінвеставаць праект. Пасля замежнікам далі адварот-паварот і абвясцілі новы конкурс. Як правядуць рэканструкцыю, дагэтуль не зразумела, але яе распачалі і нават правялі на стадыёне суботнік. Прэзідэнт даў загад ― здаць праект да 7 лістапада 2014-га года.

Будуе сваю арэну пад Барысавам і БАТЭ. Плануецца, што кампактная арэна будзе адпавядаць усім міжнародным патрабаванням і паўстане да восені 2013-га года. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі