Беларускія актывісты папярэдзілі Польшчу пра шпіёнаў

111108 Eurafokus.mp3

Менавіта гэтая тэма стала прычынай для прэс-канферэнцыі, якая адбылася 8 лістапада ў Варшаве. Яна была арганізаваная грамадзянскай кампаніяй “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” і Беларускім Домам у Варшаве.

Удзел у ёй прынялі маладыя беларусы, адміністратары і актывісты суполак у сацыяльных сетках, якім беларускае КДБ прапанавала супрацоўнічаць. Гаворыць прэсавы сакратар суполкі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” Уладзімір Кумец.

Кумец: Цягам трох месяцаў, летам я займаўся рэвалюцыяй праз сацыяльныя сеткі разам з Вячаславам Дыянавым. Я займаў пасаду прэс-сакратара. У верасні вырашыў паехаць у Беларусь. На наступны дзень пасля прыезда да мяне ў кватэру ўварвалася група захопу “Алмаз” і пяць супрацоўнікаў КДБ. 

У ордэры, які паказалі сілавікі, было напісана, што справа зусім не датычыць палітыкі. У дакуменце сцвярджалася, што брат Уладзіміра абвінавачваецца ў спробе забойства і супраць яго узбуджаная крымінальная справа. Спецслужбы пачалі схіляць Кумца да супрацоўніцтва з імі, па яго словах, шантажавалі.

Кумец: Вось твой брат і ты. Ты хочаш, каб ён быў на волі, ты сам хочаш быць на волі. Падумай, што ты павінны зрабіць. Яны мне сказалі: "ты будзеш даваць нам інфармацыю"! Іх цікавіла толькі тэма рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі і Дыянаў. Як ён жыве, што ён есь, што п’е, якія крамы наведвае.

Не менш цікавую гісторыю распавёў адміністратар суполкі Укантакце “Надакучыў нам гэты Лкашэнка” Максім Чарняўскі.

Чарняўскі: Пасля першай акцыі рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі мяне выклікалі ў КДБ. Сказалі, што на прафілактычную размову, але аказалася, што выклікалі на допыт. Доўжыўся ён пяць гадзін, а праводзілі яго чатыры чэкісты. Калі яны пачалі казаць, што у маіх родных узнікнуць праблемы, я пагадзіўся на супрацоўніцтва. Аднак адразу для сябе я вырашыў, што буду весці падвойную гульню. 

На прэс-канферэнцыі прысутнічаў экс-кандыдыт у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч. Тэма вярбовак спецслужбамі для яго таксама не чужая. Алесь упэўнены, што пра спробы вярбоўкі КДБ трэба казаць як мага часцей, тым больш, што ён сам выдатна памятае пра размовы і допыты ў “амерыканцы”.

Міхалевіч: Гэтыя ўспаміны даволі свежыя. Мне вельмі прыемна, што чарговыя людзі распавялі пра такія дзеянні спецслужбаў. Мы павінныя пра гэта распавядаць, бо іншага метада барацьбы няма. Адзін з тых людзей, які пасля майго вызвалення заставаўся ў следчым ізалятары, расказваў, што пасля майго ад’езда начальнік ізалятара ўзгадваў справу Літвіненкі і казаў пра тое, што ў КДБ доўгія рукі. Але ніхто не прыдумаў больш дзейснага метада, як пра ўсё гэта распавядаць.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі праз сродкі масавай інфармацыі даслалі кіраўніцтву Польшчы паведамленне, у якім прасілі звярнуць увагу на тое, што на тэрыторыі Польскай Рэспублікі могуць знаходзіцца супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі