Беларус у Венесуэле: Людзі пачалі скупляць усе запасы ў крамах

Як адрэагавалі ў Венесуэле на звесткі пра смерць Чавеса?


У людзей, відаць, шок з гэтай нагоды. Гэта першае, што можна было заўважыць. Учора ў 16.25 паводле мясцовага часу ўсе пра гэта даведаліся. Народ запанікаваў і ўсе пабеглі па крамах. Па ўсіх: аптэках, харчовых, бытавой хіміі, віна-гарэлачных. Паляцелі скупляць усё, што ёсць: ваду, туалетную паперу, любыя запасы, што былі. З-за такога ажыятажу крамы праз гадзіну закрыліся.


Вуліцы хутка абязлюдзелі. На запраўках тое самае адбылося. Чарга была на запраўцы такая, якую я ніколі не бачыў. Машын 25-30 стаяла, яны перакрылі ўсю вуліцу, каб неяк трапіць туды. Але запраўка таксама вельмі хутка скончыла сваю працу. І ўсе зніклі.

Дзесьці а восьмай вечара на вуліцы такая цішыня зрабілася! Такога ніколі не было. У Каракасе ўначы не спакойна, таму пасля апоўначы заўжды ціха, машын мала, людзей таксама няма. А зараз гэта адбылося гадзіне а восьмай вечара.


А што будзе далей?


Пакуль не зразумела, што будзе адбывацца. Ёсць прапанова, што да пахавання Уга будзе ціха. Яно прызначана на пятніцу, а што далей — не зразумела.


А вы як сябе адчуваеце?


Дыскамфорт ёсць. Я быў тут падчас выбараў, на якіх Чавес перамог. Тады прагназавалі хваляванні і магчымасць грамадзянскай вайны, але ўсё абышлося. Кандыдат ад апазіцыі прызнаў паражэнне. А зараз не зразумела, што будзе. Я не скажу, што страшна, але неспакой ёсць.


Нам засталося адпрацаваць менш за паўтэрміна, але ў выпадку праблем, магчыма, могуць адправіць дадому. Такі варыянт не выключаю. Але на сёння сітуацыя спакойная.


А што паказваюць па тэлевізары? Людзі плачуць?


Плачуць у драбнейшых гарадах. У сталіцы, гледзячы з акна, ніякай карціны не назіраю. Можа, бліжэй да цэнтру, ля будынка палаца народ стаіць з плакатамі. Учора па навінах паказвалі, што там дзяжурылі гадзіны да сёмай-восьмай вечара.


У Венесуэле былі чуткі, што Чавес даўно ўжо памёр?


Тут была поўная блакада. Мае сваякі з Беларусі мне скідвалі спасылкі, што Чавес памёр. А тут была поўная цішыня. Студэнты ў Каракасе бунтавалі, патрабавалі распавесці, што з прэзідэнтам, але ніхто нічога не паведамляў. Учора першая заява была. Дагэтуль толькі казалі, што прэзідэнту палепшала і ён пераехаў з Кубы ў Каракас у вайсковы шпіталь.


А што вашы сябры-венесуэльцы кажуць?


Бліжэйшыя дзён сем будзе спакойна, пакуль пахаванне, жалоба, пакуль народ будзе адыходзіць ад шоку. А далей самае цікавае: будуць перавыбары і падзел улады капітальны. Хто прыйдзе да ўлады, не зразумела. Мадура? Чавес назваў яго пераемнікам, але, наколькі я памятаю яго біяграфію, ён былы кіроўца метробуса. Кандыдат ад апазіцыі цалкам можа прыйсці да ўлады, ён набраў каля 40 працэнтаў на мінулых выбарах.


А самі венесуэльцы як адрэагавалі на навіну?


Яны насамрэч былі прыхільнікамі Чавеса, падтрымлівалі яго. Не ўсе, але шмат хто. І яны насамрэч смуткуюць. Але наконт таго, што ўсе так робяць, я б не сказаў. Я чытаў у твітары, што пішуць венесуэльцы — некаторыя адклікаюцца, што гэты быў кепскі чалавек і цяпер нам будзе лепш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі