Айчым душыў пасынка, але суд не пабачыў у тым правапарушэння

Брэстаўчанка мае 15-гадовага сына ад першага шлюбу. Яе другі муж ад свайго першага шлюбу мае толькі досвед асацыяльных паводзін, кажа праваабаронца Уладзімір Малей у каментары Еўрарадыё:

Малей: "Ужывае спіртныя напоі, прыходзіць дадому п’яны, учыняе дэбошы. Апошні раз за маці ўступіўся сын. Дык ён збіў таго з ног, пачаў душыць, замахнуўся гумовым малатком для рыхтоўкі аўтамабіляў. Маці перахапіла малаток і стукнула мужа два разы па галаве. Ён пагнаўся за ёю з крыкам “Заб’ю!”. На калідоры узнавіў бойку…"

Пры з'яўленні пабочнага чалаека айчым зачыніўся за жалезнымі дзвярыма двухпакаёўкі. Маці выклікала міліцыю. Тыя мусілі адчыняць дзверы з дапамогай слесара.

На судзе, аднак, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні не быў прыняты да ўвагі, бо сведкі-міліцыянты не з’явіліся. Таксама суддзя не прыняў пад увагу, што непаўналетні Аляксандр мусіць мець свайго прадстаўніка ў судзе з боку органаў апекі, кажа Малей. Суддзя Рэўцкі пакінуў без увагі нават зафіксаваныя лёгкія цялесныя пашкоджанні падлетка і закрыў справу.

Затое суддзя больш увагі звярнуў на акт судмедэкспертызы айчыма і канстатаваў “лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія маюць вынікам кароткатэрміновы разлад здароўя”. Таму маці, якая выступала на судзе сведкам, паставілі на спецулік у Ленінскім РАУС Брэста. Калі муж падасць у суд, яе могуць асудзіць паводле крымінальнага артыкулу, кажа Малей.

На вырак суддзі Рэўцкага пададзеная касацыя ў Брэсцкі абласны суд. Каб прадухіліць магчымыя эксцэсы, у неўладкаванай сям’і па чарзе начуюць дзядуля і бабуля Аляксандра.

Фота — lider.crimea.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі