Лукашэнку не акрэдытавалі на Алімпіяду "за рэпрэсіі і парушэнні на выбарах"

Як паведамляе БелаПАН, у амбасадзе нагадалі, што "Лукашэнка знаходзіцца ў спісе асобаў, якім забаронены ўезд у ЕС". Прычынамі патраплення туды сталі "ягоны ўдзел у парушэнні міжнародных стандартаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 года, а таксама падаўленні грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі". Гэтая забарона будзе дзейнічаць падчас Алімпійскіх гульняў.

Нагадаем, у аўторак з'явілася інфармацыя, што арганізатары Алімпіяды-2012 адмовілі Лукашэнку ў акрэдытацыі. Аб гэтым у сваім твітары паведаміў кіраўнік Алімпійскага камітэта Расіі Аляксандр Жукаў, інфармаваў сайт goals.by. Жукаў піша, што аргкамітэт Гульняў-2012 адмовіў кіраўніку Беларусі і НАК нашай краіны Аляксандру Лукашэнку ў атрыманні акрэдытацыі:

“Прэзідэнту НАК Беларусі Аляксандру Лукашэнку аргкамітэт Алімпіяды ў Лондане не даў акрэдытацыю. Спорт - па-за палітыкай?".

Аднак 25 ліпеня Міжнародны алімпійскі камітэт і арганізацыйны камітэт Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Лондане заявілі, што не адмаўлялі Лукашэнку ў акрэдытацыі. Яны сцвярджаюць, што запрашэнні прыехаць на Алімпіяду адправілі ўсім кіраўнікам дзяржавам, аднак рашэнне ад дазволе на ўезд у краіну прымае Міністэрства ўнутраных спраў Вялікабрытаніі.

Аляксандр Лукашэнка ўжо шмат гадоў не можа наведваць большасць краін Заходняй Еўропы — ён знаходзіцца ў спісе неўяздных на тэрыторыю Еўрасаюза. Алімпійскія гульні сёлета пройдуць у сталіцы Вялікабрытаніі Лондане. Яны пачынаюцца ўжо ў бліжэйшую пятніцу, 27 ліпеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі