Апостальскі нунцый у Беларусі наведаў палітвязняў
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці быў упаўнаважаны гэта зрабіць як прадстаўнік Рымскага Папы ў Мінску.
Як паведамляе Ватыканскае Радыё, нунцый наведаў за кратамі Сяргея Каваленку (цяпер ужо вызваленага), Паўла Сырамалотава, Алеся Бяляцкага, Змітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава і Паўла Севярынца. Апостальскі нунцый сустрэўся з кожным з іх і выслухаў тое, што яны хацелі яму паведаміць. Ён запэўніў у малітве з боку Святога Айца і католікаў за іх ды іх сем’і.
Гэтую падзею Еўрарадыё пракаментаваў беларускі каталіцкі філосаф і публіцыст дыякан Пятро Рудкоўскі OP:
Рудкоўскі: "Вельмі добры знак, у першую чаргу важны для саміх пацярпелых, для іх сем’яў, што прадстаўнік Касцёла такога высокага рангу вырашыў з імі спаткацца, падтрымаць маральна, духоўна. Вядома і без гэтага пастыры, у прыватнасці нунцый, падтрымліваюць беларусаў малітвай, асабліва тых, якія церпяць. Але такі выразны, яскравы знак важны у першую для саміх палітвязняў і іх сем’яў. Таксама і для нас, католікаў, грамадзянаў Беларусі, гэта немалы знак маральнай падтрымкі".
Дыякан Пятро Рудкоўскі выказаў меркаванні, што гэты жэст быў прадыктаваны чалавечымі і пастырскімі меркаваннямі Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Гуджэроцці.
Фота — svjazep.org