Апошні дзень Управы (фотарэпартаж)

У гэтым славутым памяшканні на Машэрава,8 (былой вуліцы Варвашэні) партыя знаходзілася ад пачатку 1990-х гадоў. Праз чорны ход Управы ў 1996 годзе сышоў ад спецслужбаў Зянон Пазняк. Некалькі дзён ён прабыў на канспіратыўнай кватэры, а пасля - з'ехаў за мяжу.

У офісе амаль не засталося ніякіх рэчаў

На Управе заўсёды можна было купіць незалежную прэсу. Некалі толькі тут прадаваліся касеты з беларускімі гуртамі.

Кнігі з выставы спакаваныя "на ўсялякі выпадак"

Кастусёў: Мы чакаем прыходу судовага выканаўцы ці сілавікоў

Андрэй Елісееў

Еўрарадыё паразмаўляла з намеснікам старшыні Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым пра лёс партыйнага офіса. Сёння фронтаўцы, паводле рашэння суда, мусяць яго вызваліць.

Еўрарадыё: Як адбываецца высяленне ці вы ўсе ж плануеце адстойваць управу?

Кастусёў: "Мы адназначна заявілі, што самі мы не будзем высяляцца. Сёння апошні дзень, мы чакаем прыходу або судовага выканаўцы або прадстаўнікоў сілавых структураў, але пакуль нікога не было. Мы працуем у звычайным рэжыме. Спадзяемся, што можа ўлады перадумаюць нас высяляць. Апошнія два дні паказалі некаторыя саступкі ўладаў у бок лібералізацыі, я маю на ўвазе адкліканне Міністэрствам інфармацыі сваіх іскаў на "Нашу ніву", "Народную волю". Мы ведаем, што зараз газэты будуць выходзіць у звычайнм рэжыме".

Еўрарадыё: Але каб было прынята такое рашэнне, мусіць быць новае паседжанне суда, які прыме такую пастанову?

Кастусёў: "Мы зараз падрыхтавалі і перадалі ў Вышэйшы гаспадарчы суд касацыйную скаргу. Зразумела, што гэтая скарга ў Вышэйшы гаспадарчы суд не прыпыняе рашэння Калегіі Мінскага гарадскога суда аб высяленні. Але мы адначасова звярнуліся і да судовага выканаўцы Нікуліна з Мінскага гаспадарчага суда і звярнуліся да камунальнікаў з тым, каб яны прыпынілі нашае высяленне да разгляду нашай скаргі".
 
Еўрарадыё: Рэчы з офіса выносілі?

Кастусёў: "Зразумела, што некаторыя рэчы мы ўжо павывозілі. Але мы працуем у звычайным рэжыме, як і раней. Там таксама дзяжураць нашыя сябры па партыі".

Еўрарадыё: Ці вы знайшлі іншы офіс на выпадак, калі на вас не распаўсюдзіцца гэта невялічкая "лібералізацыя"?

Кастусёў: "Так, у нас ёсць запасны варыянт і ўжо падпісана дамова, на ўсялякі выпадак".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі