Апазіцыя збіраецца на перамовы пра перамовы

Не паспеў кіраўнік краіны заявіць пра віртуальную магчымасць дыялогу ўлады з прадстаўнікамі апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці, як лідары гэтай самай апазіцыі вырашылі сабрацца на тэрміновую нараду.

Сустрэча будзе праходзіць па ініцыятыве Аб’яднанай грамадзянскай партыі і не ўсе запрошаныя на яе палітыкі дакладна ведаюць яе мэту. Да прыкладу, лідар грамадскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў шчыра прызнаецца Еўрарадыё, што ўвогуле пакуль не бачыць у ёй патрэбы. Але завітаць на офіс АГП усё ж плануе.

Уладзімір Някляеў: “Не бачу ніякай неабходнасці гарачку пароць — ніякай жа прапановы перамоваў няма. Ёсць толькі прапанова пра прапановы. І так, як гэта сфармулявана, без вызвалення палітвязняў — гэта нічога. Але калі ўжо збіраюцца, то трэба падысці”.

І прызнаўся, што калі ўжо падчас гэтай сустрэчы нехта паспрабуе арганізаваць абранне будучых удзельнікаў магчымага круглага стала ад апазіцыі, то ён браць у гэтым удзел не будзе.

Але старшыня АГП Анатоль Лябедзька супакойвае: ніхто нікога і нікуды абіраць сёння не збіраецца. Маўляў, апазіцыя хоча толькі на паперы сфармуляваць свае патрабаванні да будучых перамоў.

Анатоль Лябедзька: “Па вязнях у нас ёсць агульная пазіцыя — мы яе фіксуем. І далей: калі мы гаворым, што адкрываецца перамоўны працэс, то — што мы хочам там бачыць? На мой погляд, гэта павінна быць вельмі выразны парадак дня: два-тры пункта, не больш, і жорсткая прывязка да часу. Калі гэта ёсць, то гэта ўжо ёсць пазіцыя”.

Як вядома, за апошнія 17 гадоў былі ўжо тры спробы наладзіць дыялог паміж уладай і апазіцыяй. І ніводнага разу ў гэтых “дыялогах” не браў асабіста ўдзел кіраўнік краіны. Уладзімір Някляев адзначае, што калі Лукашэнка перамовы праігнаруе, то ён браць удзел у такім стале не будзе.

Уладзімір Някляеў: “Я зраблю тое самае, што я зрабіў на тэледэбатах (Някляеў сышоў з тэлестудыі падчас тэледэбатаў, дзе мусілі быць усе кандыдаты ў прэзідэнты, але на якія Лукашэнка не з’явіўся — Еўрарадыё). З людзьмі, якія не прымаюць рашэнні, ніякія перамовы весці не збіраюся. Зноў будзе здача на картачны стол рэжыма”.

У адказ Лябедзька кажа, што галоўнае — не персоны, а іх паўнамоцтвы. І таму ўносіць у патрабаванні апазіцыі пункт наконт абавязковай прысутнасці на круглым стале Лукашэнкі няма патрэбы.

Анатоль Лябедзька: “Галоўнае — каб у гэтай сітуацыі ў чалавека быў мандат на правядзенне перамоў. Ёсць досвед: у 1999 годзе Сазонаў меў паўнамоцтвы, асабіста ад Лукашэнкі, і ён падпісваў дакумент аб доступе апазіцыі да дзяржаўных мас-медыя. Яго подпіс там стаіць. І гэта не проста чалавек з боку — ён меў на гэта паўнамоцтвы”.

Паводле словаў Лябедзькі, запрашэнне ўзяць удзел у сённяшняй сустрэчы атрымалі ўсе палітычныя сілы краіны. Прысутнічаць абяцаліся ўсе. А вось журналістаў вырашана было на саму сустрэчу не пускаць — каб хто асабліва ўражлівы не “псіхануў”, патлумачыў Лябедзька.


Дарэчы, як стала вядома Еўрарадыё, лідара ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча на гэтую сустрэчу не запрашалі. Ён праз гэта не пакутуе і сёння раніцай сабраў сваю нараду з гэтай жа нагоды.

Сяргей Гайдукевіч: “Хай яны збяруцца — нешта выпрацуюць. Мы сабраліся — выпрацуем таксама сваю пазіцыю. Вось і будзем глядзець, якія калоны будуць збірацца. Мы не супраць, калі калегі выпрацуюць нешта большае, чым мы тут прапануем, — мы гатовыя размаўляць на гэтыя тэмы”.

І адзначыў, што калі перамовы з уладай усё ж будуць, то сядаць за стол з нейкімі “міністрамі ці чыноўнікамі з прэзідэнцкай адміністрацыі” ён не бачыць сэнсу — лідар ЛДПБ хоча размаўляць толькі з моцным і роўным яму прадстаўніком улады.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі