На пасяджэнні "Кааліцыі шасці" Фядута ўдарыў Рымашэўскага

120131 Martin Pendel.mp3

31 студзеня кааліцыя шасці партый і грамадзянскіх ініцыятыў планавала расказаць пра агульную стратэгію на будучых выбарах у Палату прадстаўнікоў. “Рух за Свабоду”, “Гавары праўду”, “Справядлівы свет”, БНФ, БХД і АГП мусілі падпісаць адзін план дзеянняў. Журналісты чакалі 40 хвілін, але рашэнне так і не агучылі, палітыкі спрачаліся за закрытымі дзвярыма кухні.

І пасварыліся. Віталь Рымашэўскі не падпісаў дакумент, падрыхтаваны Рухам “За свабоду”. Паводле яго слоў, тэкст дэкларацыі не быў узгоднены з усімі ўдзельнікамі кааліцыі.

“Яшчэ ёсць шанец, пры ўмове захавання прыстойнасці, што мы прыйдзем да супольнай пазіцыі, – з аптымізмам адзначыў Рымашэўскі. – Пазіцыя БХД – адназначная, пры наяўнасці вязняў, удзел у кампаніі – здрада”.

Палітык дадаў, што асноўнае цяпер – захаваць адзінства кааліцыі. Пачуўшы гэтыя словы, не стрымаўся сябра “Гавары праўду” і палітолаг Аляксандр Фядута, які даў выспятка пад зад Рымашэўскаму. Лідар хрысціянскіх дэмакратаў адказваць не стаў і сышоў. А Фядута свой учынак патлумачыў наступным:


Аляксандр Фядута: “Калі людзі хочуць сарваць канструктыўную працу, яны пераходзяць на асабістыя выпады. Гэта дрэнна для справы”.

Асноўны тэзіс дакумента, які збіраліся падпісаць палітыкі: “Усе дэмакратычныя кандыдаты мусяць зняцца, калі ў краіне застануцца палітвязні ці з’явяцца новыя”.

Аляксандр Фядута здзіўляецца таму, што дакумент падпісваць адмовіліся два ўдзельнікі “кааліцыі шасці”.

“Дакумент прапаноўвае выкарыстаць кампанію для легальнага паходу да людзей, каб патлумачыць, што адбываецца ў краіне і зняцца. І нашых актывістаў не будуць біць дубінкамі…”, – мяркуе ён.

Акрамя БХД падпісваць дакумент не захацеў “Справядлівы свет”. Намеснік старшыні партыі левых Валерый Ухналёў сваю пазіцыю патлумачыў тым, што яны не гатовыя здымаць усіх кандыдатаў. У сваю чаргу, лідар АГП Анатоль Лябедзька не бачыць праблемы ў тым, што пагаднення так і не дасягнулі.

Анатоль Лябедзька: “Да выбараў сёй-той гатовы, але гатовы па-свойму. Тое, што мы можам сёння сказаць, – гэта дробна. Не ўсё атрымоўваецца адразу. Паспрабуем зрабіць яшчэ адзін раунд перамоваў”.

Каб пасля таго раунду не атрымаў пад азадак яшчэ нехта з палітыкаў…
З’явілася на канферэнцыі і лідар Сацыял-дэмакратаў “Грамада” Ірына Вештард. Пачытаўшы дакумент, яна здзівілася, што той не быў падпісаны.

Ірына Вештард: “Гэта неабачліва казаць. Не атрымаў, не прадбачыў, не паспеў. Я той чалавек, якога вы не бачылі ў складзе шасці. Сацыял-дэмакраты заўсёды былі перакананыя ў адзінстве. Спроба ісці кожнаму паасобку – паражэнне”.

Нагадаем, выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны адбыцца не пазней за 25 верасня 2012 года.

Фота: svobodanews.ru, mk.ru