Анатоль Лябедзька не можа атрымаць новыя правы кіроўцы

Нагадаем, што днямі палітык атрымаў паведамленне, што крымінальнае расследаванне супраць яго па "справе 19 снежня" спынілі. Аднак пашпарт яму ўсё адно не вяртаюць. Праз гэта, кажа кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі, ён чатыры месяцы адчувае побытавыя складанасці:

Анатоль Лябедзька: "У мяне назбіраўся стос карэспандэнцыі на пошце, які я не магу забраць па банальнай прычыне адсутнасці дакумента. Я так і не змог замяніць свае шафёрскія правы на новыя. Я не магу прайсці медычную камісію і атрымаць медычную даведку, бо ў мяне няма пашпарта. Вось такія бытавыя пытанні... Ужо не кажучы пра аплаты, звязаныя з бытавым жыццём".

Не можа палітык і выехаць за мяжу. Аднак за запрашэнні на міжнародныя канферэнцыі не перажывае — там, кажа, можна знайсці выйсце. Так, на віленскай канферэнцыі выступ Лябедзькі зачытваў кіраўнік літоўскай парламенцкай камісіі Эмануэліс Зінгерыс, што толькі паспрыяла большаму розгаласу.

Асноўнай жа праблемай у гэтым сэнсе палітык лічыць тое, што не змог паехаць на пошукі магілы свайго дзеда за межы краіны. Кажа, збіраўся выправіцца яшчэ з восені, але не атрымалася.

Лябедзька мяркуе, што з КДБ яму не вяртаюць пашпарт, бо папросту яго згубілі. Калі бліжэйшым часам дакумент не вернуць, палітык хутчэй за ўсё падасць заяву на афармленне новага пашпарта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі