Алеся Бяляцкага вылучаюць на Нобелеўскую прэмію міру

Праваабаронцу Алеся Бяляцкага прапанавалі вылучыць на Нобелеўскую прэмію міру за 2012 год. З такой ініцыятывай выступілі шэраг беларускіх і замежных праваабаронцаў, палітыкаў і грамадскіх лідараў.

Паводле слоў старшыні “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Жаны Літвіной, апошнім часам менавіта супраць журналістаў і праваабаронцаў ідзе найбольшы ціск з боку ўладаў і праваахоўных органаў. Тое ж, як павёў сябе ў гэтай сітуацыі кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, лічыць яна, дае падставы намінаваць яго на прэмію міру.

Жана Літвіна: “Я асабіста Алеся ўспрымаю як вельмі мужнага, вельмі адкрытага, сумленнага чалавека. Я з вялікай павагай паставілася да самога факту, што цягам пэўнага перыяду Алесь мог з’ехаць з Беларусі, мог пазбегнуць гэтага лёсу і затрымання, але гэта не было зроблена. Гэта грамадзянская, чалавечая, цвёрдая пазіцыя — застацца на радзіме. І прыняць усё, што яму падрыхтаваў лёс”.




Зараз у Міжнародным камітэце налічваецца 29 чалавек. Сярод іх такія вядомыя асобы, як Дэвід Крамер, прэзідэнт “Фрыдам хаўз” (ЗША), Сухаір Белхасэн, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека, Б’ёрн Энгелсланд, генеральны сакратар Нарвежскага Хельсінскага камітэта, Івонка Сурвіла, прэзідэнт БНР, і гэтак далей. Але, кажа старшыня БАЖ, спіс адкрыты для новых сябраў.

Кіраўнік руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч адзначае, што беларусы даўно заслужылі права, каб сярод іх землякоў быў лаўрэат Нобелеўскай прэміі. І Бяляцкі — найлепшая кандыдатура ў гэтым годзе.

Аляксандр Мілінкевіч: “Беларусы, якія столькі гадоў адстойваюць сваё права на годнае жыццё, змагаюцца са страхам і хочуць жыць у свабодзе, заслужылі, каб сярод іх быў лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Для мяне Алесь Бяляцкі — гэта чалавек, які адпавядае абсалютна ўсім крытэрам, неабходным пры вылучэнні на Нобелеўскую прэмію. Пры гэтым яму дастаткова было б быць гістарычным беларускім праваабаронцам, але ён вышэй — ён чалавек высокаграмадскі, моцнага духу. І сваім прыкладам паказвае, які павінен быць сапраўдны грамадзянін, проста чалавек”.




А кіраўнік Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч дадае, што кандыдатура Алеся Бяляцкага была аднагалосна падтрыманая ўсімі прадстаўнікамі беларускага грамадства.

Кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак нагадвае, што Бяляцкі бараніў правы чалавека не толькі ў Беларусі, але і ў свеце — у якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека. А праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч, які днямі вярнуўся ў Беларусь, кажа, што кампраметаваць Алеся Бяляцкага на міжнародным узроўні і прадставіць яго справу як крымінальную беларускім уладам не ўдалося. І ўсе міжнародныя структуры ды асобныя палітыкі лічаць яго палітвязнем і патрабуюць тэрміновага вызвалення.



Што ж тычыцца далейшых крокаў Міжнароднага камітэта па вылучэнні Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію, то, кажа, Алесь Лагвінец, наперадзе ў іх шмат працы.

Алесь Лагвінец: “Пачынаючы з 1 лютага 2012 года, у нас будзе кампанія па падтрымцы кандыдатуры Алеся Бяляцкага. І гэта можна рабіць цягам года, да абвяшчэння лаўрэата. Мы хочам арганізаваць максімальную колькасць палітыкаў, найперш — міністраў і парламентарыяў з усяго свету, каб яны намінавалі Алеся".




Тым часам вядома, што Алесь Бяляцкі ўжо пазнаёміўся з матэрыяламі сваёй справы, і яе накіравалі ў пракуратуру. У хуткім часе яе могуць перадаць у суд. Жана Літвіна спадзяецца, што кампанія па вылучэнні на Нобелеўскую прэмію дапаможа праваабаронцу.

Жана Літвіна: “Нам бы вельмі хацелася, каб гэта (вылучэнне на Нобелеўскую прэмію — Еўрарадыё) паўплывала на лёс Алеся. Як і на лёс усіх палітзняволеных, якія яшчэ застаюцца за кратамі”.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі абвінавачваецца па крымінальным артыкуле, які прадугледжвае альбо пазбаўленне волі да 5 гадоў, альбо абмежаванне волі да 7 гадоў. На тое, што пакаранне будзе ўмоўным, праваабаронцы не вельмі спадзяюцца. І непакояцца, што суд над Бяляцкім зробяць закрытым.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі