Алесь Бяляцкі асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй (ОНЛАЙН)

24 лістапада

Гутарка з жонкай Алеся Бяляцкага Наталляй Пінчук карэспандэнта Еўрарадыё Змітра Лукашука:

111124 NatallaPinczuk_0.mp3

***

Гутарка з палітолагам Алесем Лагвінцом:

111124 Lagvinec_site.mp3

***

Гутарка з праваабаронцай Таццянай Равяка ў жывым эфіры Еўрарадыё пасля абвяшчэння прысуду Алесю Бяляцкаму:

111124 Raviaka_site_0.mp3

Еўрарадыё: Як вы ўспрынялі прысуд Алесю Бяляцкаму?
Тацяна Равяка: Канешне, хоць мы і чакалі, што Алесь атрымае рэальны тэрмін, для нас гэта вельмі вялікі ўдар, шок. Эмоцыі перапаўняюць, перапаўняе адчуванне роспачы пакуль што. Канешне, гэтыя першыя эмоцыі ўлягуцца, але боль застаецца, як ён застаецца напрацягу амаль чатырох месяцаў, калі наш калега знаходзіцца за кратамі.


Еўрарадыё: Як будзе выглядаць праваабарончая дзейнасць без кіраўніка?
Тацяна Равяка: Наш кіраўнік знаходзіцца за кратамі і хутчэй за ўсё будзе канфіскаваны наш офіс. Канешне, нельга сказаць, што нічога не зменіцца ў нашай працы. Гэта вельмі моцныя ўдары па "Вясне", па сябрах "Вясны", па нашай дзейнасці. Але я ўпэўненая, што мы з імі справімся...


Еўрарадыё: А чаму можа быць канфіскаваны офіс?
Тацяна Равяка: Кватэра фармальна знаходзіцца ва ўласнасці Алеся Бяляцкага. А згодна з прысудам падлягае канфіскацыі ўся яго маёмасць. Я думаю, кватэра перш за ўсё будзе канфіскаваная. Гэта робіцца мэтанакіравана, каб пазбавіць нас месца працы. Бо да гэтага нас пазбавілі ўжо рэгістрацыі, за кратамі кіраўнік арганізацыі, засталося пазбавіць офіса.


Еўрарадыё: Ці будзеце вы працягваць акцыі салідарнасці і прыцягваць увагу ЕС да гэтага прысуду?
Тацяна Равяка: Адназначна мы будзем працягваць кампаніі салідарнасці. Не ведаю, у якім фармаце гэта будзе, але пачнем планаваць з сённяшняга ці заўтрашняга дня, бо рэчаіснасць змянілася і нам трэба планаваць жыццё ў новых рэаліях. Адзін з нямногіх інструментаў уплыву на сітуацыю з Алесем Бяляцкім — гэта дакладна сфармуляваная і ўжо выказаная пазіцыя Еўразвязу. Я спадзяюся, што яна застанецца такой паслядоўнай і паўплывае на тое, каб наш калега, наш сябра, а для мяне і настаўнік, як мага хутчэй апынуўся на волі.

***

ЗША і Еўрасаюз называюць прысуд Алесю Бяляцкаму палітычным

Злучаныя Штаты заклікаюць неадкладна і безумоўна вызваліць праваабаронцу і іншых палітычных вязняў Беларусі.

Пра гэта заявіў 24 лістапада часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан адразу пасля вынясення прысуду Алесю Бяляцкаму. Паводле інфармацыі БелаПАН, ён таксама ад імя сваёй дзяржавы заклікаў зняць усе бар'еры для далейшага ўдзелу палітвязняў у грамадскім жыцці і спыніць кампанію іх пераследу за крытыку ўрада.

***

"Вясну" не спыніць!" — выгукнуў Алесь Бяляцкі пасля абвяшчэння прысуду.

***

Алесь Бяляцкі асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд набывае моц праз 10 дзён. Прысутныя сустрэлі абвяшчэнне прысуду крыкам "Ганьба!". Адвакат заявіў, што прысуд будзе абскарджаны.


***

Праваабаронца Таццяна Равяка трымае ў руках вялікі плакат з партрэтам Бяляцкага і надпісам "Свабоду Алесю Бяляцкаму, віцэ-прэзідэнту міжнароднай федэрацыі правоў чалавека".

***

На просьбу Алеся Бяляцкага, суддзя Сяргей Бандарэнка пачаў чытаць увесь тэкст прысуду.

***

Сёння а 11-й гадзіне ў Першамайскім судзе сталіцы будзе абвешчаны прысуд па справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пракурор патрабуе для яго 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

На здымку: жонка Алеся Бяляцкага (у цэнтры)

23 лістапада

Прысуд будзе агучаны ў чацвер, 24 лістапада, а 11-й гадзіне.

***

Кэтрын Эштан і Штэфан Фюле заклікаюць вызваліць Алеся Бяляцкага

З такой заявай высокапастаўленыя прадстаўнікі Еўрасаюза выступілі ў сераду 23 лістапада.

Высокі прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і Камісар ЕС па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле сур'ёзна занепакоеныя судовым пераследам вядомага беларускага праваабаронцы.

На думку еўрачыноўнікаў, абвінавачанні, па якіх судзяць Бяляцкага, палітычна матываваныя. Суд над ім Эштан і Фюле называюць праявай падаўлення грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Таму яны заклікаюць неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага і зняць абвінавачанні, высунутыя супраць яго і яго паплечніка Валянціна Стэфановіча.

***

Алесь Бяляцкі выступае з апошнім словам. Ён згодны з усімі аргументамі адваката. Кажа, што справа мае палітычны падтэкст. "Таму мы з адвакатам спрабуем дакрычацца да сонца", — сказаў Бяляцкі. Паводле яго словаў, КДБ свядома працуе супраць праваабаронцаў — адсюль гэтая справа.

Бяляцкі параўноўвае сітуацыю з праваабаронцамі ў Беларусі з Каўказам, Кіргізіяй і Таджыкістанам.

"Матэрыялы ў "Советской Белоруссии" пра суд нада мной — ціск на суд", — кажа праваабаронца. Карыстаючыся магчымасцю, распавядае пра гісторыю і дзейнасць "Вясны".

***

Адвакат: 4 следчых следчай групы нічога не даказалі. Ён запатрабаваў цалкам апраўдаць Бяляцкага.

***

У судзе выступае адвакат Дзмітрый Лаеўскі (на здымку ніжэй). Ён кажа, што няма дадзеных у абвінавачання, хто, колькі і ў якія тэрміны, ды на якія канкрэтна мэты пералічваў грошы на 2 замежных рахункі Бяляцкага.

Адвакат: Мы не пачулі, адкуль узяліся лічбы атрыманых Бяляцкім сродкаў. І няма доказаў, што было наўмыснае ўхіленне ад падаткаў. Дакладна следствам устаноўлена, што ён мае два рахункі за мяжой і што на іх паступалі нейкія сродкі. Усё астатняе не даказана, а з'яўляецца толькі меркаваннем следства. Не даказана, што сродкі з замежных рахункаў паступілі ў Беларусь. Бяляцкі іх не перавозіў праз мяжу, а таму грошы не могуць лічыцца замежнай бязвыплатнай дапамогай і не абкладаюцца падаткамі.

Адвакат даказвае, што сродкі, якія пералічваліся на рахункі Бяляцкага, прызначаліся не яму. Там яны не былі яго прыбыткам і не абкладаюцца падаходным падаткам, не пазначаюцца ў падаткавых дэкларацыях.

Следства наўмысна не выканала просьбу абароны і не звярнулася ў міжнародныя арганізацыі, што пералічвалі грошы, каб даведацца, на якія мэты грошы былі выдаткаваныя і ці задаволеныя яны іх выкарыстаннем. Бо такія дакументы, на погляд адваката, цалкам апраўдвалі б Бяляцкага. Таму абвінавачванню гэта нявыгадна. Узнікае пытанне: хто і што хацеў падчас следства даказаць?

Запыт у літоўскі банк пайшоў да пачатку крымінальнай справы — таму парушаны нормы акта аб прававой дапамозе і дадзеныя атрыманыя незаконна. Паперы з Літвы — ксеракопіі дакументаў, што ёсць у справе — не завераны ні пячаткамі гербавымі, ні подпісамі афіцыйных асоб, а часта там нават няма і пячаткі банка.

Не зразумела, на якой падставе камерцыйны банк дае адказ з утрыманнем камерцыйнай тайны замежнай структуры. А таму гэтыя звесткі не могуць лічыцца доказам, кажа адвакат. Запыт палякам таксама быў дасланы да пачатку крымінальнай справы, што парушае дамову аб прававой дапамозе. На польскіх дакументах таксама няма пячатак.

Беларускі бок ведаў пра гэтае патрабаванне, але не прасіў польскі бок аформіць дакументы належным чынам. Таму іх нельга лічыць доказам.

***

Пракурор патрабуе Алесю Бяляцкаму 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці.

***

Пачаліся спрэчкі бакоў, выступае абвінаваўца.

Асноўная тэма выступу пракурора — ухіленне ад падаткаў, "што недапушчальна". Маўляў, Бяляцкі выконваў працу, вядомую толькі яму і заказчыку, і атрымліваў на гэта і за гэта грошы. Гэта дазволена, але ён "ухіляўся ад выплаты падаткаў, што супрацьзаконна".

Інфармацыя аб атрыманні Бяляцкім грошай з-за мяжы паступіла з КДБ, што дало падставы для правядзення падаткавай праверкі. Страты, нанесеныя Бяляцкім, склалі 2500 базавых велічынь.

22 лістапада

Уключэнне з нашым карэспандэнтам Алесем Пілецкім:

111122 PileckiS.mp3

10.15. І адвакат, і пракурор папрасілі перапынак да 10-й раніцы 23 лістапада, каб падрыхтавацца да спрэчак.

10.10 Пракурор пачаў агучваць дакументы з Мінюста, дзе называюцца прычыны адмовы ўзнаўлення рэгістрацыі "Вясны".

10.05 Адвакат папрасіў у суддзі перапынак да заўтрашняга дня. Ён матываваў гэта неабходнасцю падрыхтавацца да спрэчак.

10.00 Паседжанне пачалося. пракурор запытаў у Бяляцкага, ці зразумелае яму новае абвінавачанне. "Зразумелае, яно фактычна нічым не адрозніваецца ад старога. таму я не бачу неабходнасці нешта дадаваць да раней сказанага. Яно неабгрунтаванае і я яго не прызнаю", адказаў Бяляцкі.

Разгляд справы аднаўляецца. Верагодна, ужо сёння пачнуцца судовыя спрэчкі. З прамовамі выступяць адвакат і пракурор. Зараз у судовай залі шмат людзей -- яна прктычна цалкам запоўненая.

Алесь Бяляцкі, як звычайна, у добрым гуморы. Усміхаецца знаёмым і вітае іх.

16 лістапада


Перапынак да 22 лістапада папрасіў адвакат Алеся Бяляцкага. Ён абгрунтаваў гэта тым, што неабходна азнаёміцца з новым абвінавачаннем.

Уключэнне з суда з нашым карэспандэнтам Алесем Пілецкім:

111116 Pilecki2 s.mp3

10.36 Працэс аднавіўся. Пракурор зачытаў новае абвінавачанне. У ім няма гаворкі аб дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Толькі аб нясплаце падаткаў. Заля зашумела — ніхто не можа зразумець, у чым выявіліся абяцаныя пракурорам на папярэднім паседжанні "вялікія змены".

Паводле новага абвінавачання (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу), за ўхіленне ад выплаты сум падаткаў пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі, і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю (або без пазбаўлення).

10.00 Пракурор на самым пачатку паседжання папрасіў у суддзі перапынак у 20 хвілін. Па яго словах, гэта неабходна для ўдакладнення новага абвінавачання.

Уключэнне з суда з нашым карэспандэнтам Алесем Пілецкім:

111116 Pilecki1 s.mp3

9.45 Заля запаўняецца людзьмі. Ля будынку суда назіраецца ажыятаж — сёння шмат жадаючых трапіць на працэс. Пракурор павінен агучыць новыя абвінавачанні для Алеся Бяляцкага. Чакаецца, што праваабаронцу абвінавацяць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Аднак невядома, ці застануцца актуальнымі старыя абвінавачанні ў нясплаце падаткаў у буйным памеры.

10 лістапада

12.37 пракурор папрасіў аб перапынку да 16 лістапада. Ён кажа, што яму трэба перакваліфікаваць абвінавачанне. "Яно будзе істотна адрознівацца, ад старога", кажа пракурор.

12.33 Пракурор запытаў, чаму Бяляцкі упарта спрабаваў зарэгістраваць менавіта "Вясну", а не іншую арганізацыю. Бяляцкі кажа, што гэта насамрэч былі спробы рэгістрацыі менавіта новай арганізацыі, а не аднаўленне старой.

12.30 Пракурора зацікавіла працэдура выдавання кніг. Бяляцкі расказвае, што ў большасці выпадкаў кнігамі займаўся не ён. прозвішчы такіх людзей ён назваць адмовіўся. Патлумачыў гэта тым, што не хоча выдаваць іх пад пераслед.

12.25 Да матэрыялаў справы далучаныя дакументы, што сведчаць ад узнагароджванні Бяляцкага міжнароднымі прэміямі за праваабарончую дзейнасць. Таксама адквакат папрасіў далучыць дакумент аб наданні Бяляцкаму звання ганаровага грамадзяніна Генуі. Суддзя пагаджаецца.

12.15 Адвакат просіць суд далучыць да справы тэкст артыкула з "Белгазеты", дзе былы палітвязень Сяргей Вазняк расказвае карэспандэнту аб дапамозе, атрыманай ім ад "Вясны". Пракурор супраць. Кажа, што гэтая інфармацыя нічым не падтрыманая. Адвакат таксама папрасіў далучыць да справы копію дыплома аб атрыманні Бяляцкім прэміі Сахарава. Суддзя, нягледзячы на пратэсты пракурора, прапанаваныя матэрыялы далучае да справы.

11.57 "Забарона дзейнасці "Вясны" была парушэннем міжнародных дамоўленасцяў Беларусі", -- адказаў Бяляцкі на пытанне свайго адваката аб тым, чаму ён не спыніў праваабарончую дзейнасць пасля закрыцця яго арганізацыі. "Нашы правы парушаюцца. Таму няма падстаў для спынення дзейнасці нашай арганізацыі", -- дадаў Бяляцкі.

11.55 Бяляцкі расказаў, што не ўсе кнігі, выдадзеныя "Вясной", былі пералічаныя ў матэрыялах справы. Ён заўважыў, што кніг было выдадзена нашмат больш. Адваката цікавіць, якія сумы траціліся на выданне кніг. "Суму розныя. Ад тысячы еўра за брашурку, да дзесяці за кнігу на добрай паперы і з каляровымі ілюстрацыямі", -- адказаў Бяляцкі. Ён таксама заўважыў, што накіраваць сродкі спонсараў на мэты, не ўзгодненыя з імі, проста немагчыма.

11.45 Пытанні да Бяляцкага у абвінаваўцы скончыліся. Зараз адвакат агучыў ліст Міністэрства юстыцыі Літвы аб тым, што інфармацыя аб рахунках Бяляцкага не можа быць доказам яго віны. Суддзя пагадзіўся далучыць гэты ліст да справы.

11.40 Пракурор пацікавіўся ў Алеся Бяляцкага, ці выдадзеная на беларускай мове кніга, якую Бяляцкі некалькі гадоў таму перакладаў з польскай. "Пераклад яшчэ не скончаны. Кніга не выдадзеная. Кнігу перакласці -- гэта не крымінальную спарву супраць праваабаронцы зрабіць", -- заявіў Алесь Бяляцкі паркурору.

11.35 Адвакат звярнуў увагу суддзі на тое, што раздрукоўкі з сайтаў не разглядаюцца ў працэсуальным кодэксе ў якасці дакументаў, бо немагчыма парверыць іх даставернасць. У сувязі з гэтым ён выказаў пратэст супарць далучэння раздруковак з сайта "Вясны" да справы.

Выглядае на тое, што сёння галоўнай крыніцай інфармацыі для абвінавачання з'яўляецца сайт "Вясны". Пракурор агучыў ужо некалькі тэкстаў з яго і просіць далучыць іх да справы. Сярод матэрыялаў мэты дзейнасці "Вясны", заявы літоўскіх чыноўнікаў і міжнародных арганізацый у сувязі з арыштам Бяляцкага. Залю вельмі цешаць некаторыя з дакументаў. У прыватнасці, пракурор падаў хадайніцтва аб далучэнні да справы справаздачы адной з заходніх арганізацый аб тым, што дзейнасць "Вясны" адпавядае таму, аб чым заяўлена на сайце арганізацыі.

11.25 Пракурор агучыў заяву Міністэрства юстыцыі Літвы, дзе выказваецца шкадаванне аб перадачы Беларусі дадзеных аб рахунках Бяляцкага. Інфармацыю аб гэтым абвінавачанне атрымала з сайта "Вясны".

11.15 Пракурор запытаў у Бяляцкага, які від дзейнасці цэнтра "Вясна" не падпадае пад дэкрэт прэзідэнта, які прадугледжвае бесперашкоднае карыстанне фінансавай дапамогай з-за мяжы. "Мне складана сказаць", -- адказаў праваабаронца. Абвінавачанне таксама зацікавіла, якой была сума прэміі Сахарава, атрыманай Бяляцкім у 2006 годзе. Абвінавачаны адказаў, што атрымаў толькі грамату.

11.00 Пракурор вярнуўся да пытання ад справаздачах перад заходнімі донарамі. Яго цікавіць, якім чынам Бяляцкі рабіў спарваздачы перад імі, ці захоўваў копіі справаздачаў. Яго размова з Бяляцкім скіравалася ў бок схемы працы праваабаронцаў.

Відавочна, што абвінавачанне вельмі цікавяць дакументы, звязаныя з дзейнасцю "Вясны". Пракурор нават запытаў у Бяляцкага, ці не магла выпадкова яго жонка знайсці іх дома. Бяляцкага гэтае пытанне закранула. Ён заявіў, што у яго дома і на лецішчы неаднаразова праводзіліся ператрусы і усе дакументы можна было даўно знайсці. Пракурор зняў пытанне.

10.55 Дзяржаўны абвінаваўца запытаў у Бяляцкага, ці той хоча праверыць з дапамогай экспертызы сапраўднасць яго подпісу на дакументах з замежных банкаў. "Гэтыя дакументы незаконныя, няма чаго іх правяраць", -- адказаў кіраўнік "Вясны".

10.45 Пракурор спрабуе высветліць у Бяляцкага, якія прыбыткі ў таго былі ў 1995, 1999 -ым гадах. Дакументаў з падатковай інспекцыі аб гэтых гадах няма. Алесь Бяляцкі гаворыць, што дакладна не можа ўзгадаць, якія прыбыткі і выдаткі меў у той час. Праваабаронца таксама адзначыў, што існуе значна больш актаў мытнага нагляду, чым сёння было агучана ў судзе, таму што за апошнія гады кожнае яго перасячэнне мяжы рэгістравалася. "Выпусціце мяне пад падпіску, я вам заўтра ўсе акты прынясу", -- заявіў Бяляцкі пракурору.

10.33 Адвакат угледзеў памылкі ў перакладах, аб чым паінфармаваў суддзю. З агучаных Лаеўскім перакладаў большасць -- назвы замежных арганізацый і банкаўскія квітанцыі.

10.30 Суддзя паведаміў, што нарэшце былі перакладзеныя да канца матэрыялы крымінальнай справы. Зараз адвакат Лаеўскі іх агучвае.

10.25 Паводле дакументаў мытнікаў, пры перасячэнні мяжы Алесь Бяляцкі не дапускаў нейкіх парушэнняў.

10.22 Пракурор пачынае агучваць дакументы з Памежнага камітэта. Гэта копіі актаў мытнага агляду Алеся Бяляцкага і мытныя дэкларацыі, якія ён запаўняў пры перасячэнні мяжы. Яны атрыманыя з Гродзенскай, Ашмянскай і Брэсцкай мытняў.

10.20 Дакументы з падатковай інспекцыі далучаныя да справы. Адвакат звяртае увагу суддзі на тое, што вялікіх парушэнняў выяўлена не было. А разыходжанне паміж прыбыткамі і выдаткамі нязначныя. Прычым нават з гэтай нязначнай сумы (33 долары ў пераліку на сённяшні курс) Бяляцкі заплаціў падаткі.

10.15 У дакументах з падатковай шмат інфармацыі аб нерухомасці Бяляцкага і яго жонкі. У прыватнасці, паркурор агучыў факты продажу і набыцця кватэр, зямельных участкаў і дамоў. Аднак нейкіх парушэнняў у гэтых здзелках падаткавікі не знайшлі.

10.08 Згодна з праверкамі Інспекцыі па падатках і зборах, у Алеся Бяляцкага не было выяўлена нейкіх сур'ёзных парушэнняў. Прычым праверкі праводзіліся рэгулярна. Адзінае несупадзенне, пра якое расказаў пракурор, гэта нязначнае разыходжанне выдаткаў з прыбыткамі. Аднак максімальная лічба перавышэння выдаткаў за год -- менш чым паўтара мільёна рублёў.

10.05 Працэс пачаўся. Заля ўсё ж запоўнілася людзьмі, аднак вольныя месцы застаюцца. Пракурор зачытвае дакументы з падатковай інспекцыі, якія сведчаць аб прыбытках Алеся Бяляцкага.

9.40 У залю запусцілі людзей. Яна запоўнілася толькі крыху больш за палову. Акрамя журналістаў і праваабаронцаў амаль нікога няма. Упершыню працэс наведаў Аляксандр Казулін.

Варта таксама адзначыць, што ахова значна ўзмацніла асабісты нагляд. Кожнага, хто ўваходзіць у залю суда, правяраюць вельмі уважліва і пільна. Журналістаў нават змушаюць уключаць ноўтбукі, каб праверыць, ці гэта не муляжы.

4 лістапада

16.30 У працэсе Бяляцкага абвешчаны перапынак да 10 лістапада.

У судзе над Алесем Бяляцкім абвешчаны перапынак да 10 лістапада. Каб працягнуць разгляд справы, суду патрэбныя дакументы з Памежнага камітэту. Сабраць іх з розных пунктаў пропуску не ўяўляецца магчымым раней за сераду.

Такім чынам, судовае пасяджэнне працягнецца толькі праз 6 дзён.

16.20 "Я сцвярджаю, што гэтая справа пачыналася з мэтай пакараць мяне за праваабарончую дзейнасць", -- заявіў Алесь Бяляцкі суду. Перад гэтым ён агучыў лісты кіраўніцтва КДБ, дзе выказвалася неабходнасці распачаць справу супраць яго.

16.15 Абарона працягвае указваць на недакладнасці і парушэнні ў матэрыялах справы. У прыватнасці, адвакат расказаў, што на дакументах, атрыманых следствам з Польшчы, няма не толькі пячаткі, але нават подпісаў супрацоўнікаў банкаў. "Гэты дакумент, у прынцыпе, не можа даследавацца. Ён не з'яўляецца доказам", -- паведаміў адвакат.


16.05 Адвакат звяртае увагу суддзі на тое, што у матэрыялах справы ёсць неперакладзеныя дакументы, няправільна аформеныя і інш. Ён заўважыў, што некаторыя дакументы справы не адпавядаюць працэсуальнаму кодэксу.

15.55 Алесь Бяляцкі звяртае увагу суддзі на, як ён выказаўся, "манеру вядзення следства". Ён звяртае увагу, што ў матэрыялах справы шмат недакладнасцяў, якія маюць "абвінаваўчы ухіл".

15.45 Адвакат Бяляцкага зачытаў тэкст свайго хадайніцтва, дзе заяўляў, што лічыць вінаватасць яго падабароннага недаказанай. На думку абаронцы, нават дакументы з літоўскіх і польскіх банкаў сведчаць аб тым, што грошы з рахункаў Алеся Бяляцкага ішлі на патрэбы "Вясны", а не асабіста Бяляцкага.

Адвакат звяртае увагу суддзі на тое, што у матэрыялах справы няма некаторых важных элементаў. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на тое, што крыніца некаторых дакументаў пазначаная як "дыск DVD", атрыманы ў выніку следчых мерапрыемстваў. Аднак у саміх матэрыялах дыску няма. Адпаведна абарона не можа з ім азнаёміцца. Іншы момант -- ананімныя крыніцы інфармацыі. На думку адваката, яны супярэчлівыя і нават "пазбаўленыя ўсякага сэнсу".

15.35 Суддзя запытаў Алеся Бяляцкага, ці прызнае ён іск. Праваабаронца заявіў, што не прызнае. Зараз адвакат Бяляцкага робіць удакладненні па матэрыялам справы.

Сёння пасля перапынку заля запоўненая на дзве траціны. Сярод прысутных кіраўніцтва "Вясны", Лявон Баршчэўскі, прадстаўнікі дыпмісій. Журналістаў заўважна паменела.

15.27 Пракурор агучвае спіс маёмасці Бяляцкага, зарэгістраванай на яго і жонку Наталлю Пінчук. Ён супадае з пададзеным раней афіцыйным інфармагенцтвам БелТА -- кватэры, дача, аўтамабіль.

15.25 Зачытаная характарыстыка участковага на Алеся Бяляцкага. Паводле яе, на праваабаронцу скаргаў не паступала.

У залю суда прывезлі дакументы з Памежнага камітэта і падатковай інспекцыі. Аб далучэнні іх да справы хадайнічала абарона. Пракурор пакуль працягвае чытаць матэрыялы 6-га тома справы.


15.15 Пракурор зачытвае перапіску Уладзіміра Лабковіча па электроннай пошце. Цікава, што іх тэксты датычацца падзей, якія мелі месца ўжо пасля арышту Бяляцкага. У прыватнасці, там абмяркоўваецца магчымая дапамога Бяляцкаму. Лісты датаваныя 6 жніўня і пазней.

Сёння у будынак суда запускаюць пасля асабліва пільнага дагляду. Амаль усіх змушаюць паказаць, што знаходзіцца пад верхняй вопраткай -- шукаюць кашулькі з выявай Алеся Бяляцкага.

15.10 Працэс аднавіўся. Пракурор працягвае чытаць матэрыялы справы. Між тым дакументы, дзеля якіх абедзенны перапынак быў прадоўжаны на гадзіну, пакуль так і не прывезлі. Са словаў абвінавачання, неабходныя паперы падвязуць праз паўгадзіны.

13.10 У судзе абвешчаны перапынак да 15 гадзінаў.

У ходзе следства не ўстаноўлена,  ці ўвозіў у Беларусь і ці дэклараваў грошы асабіста Бяляцкі, хаця такое даручэнне следчыя атрымлівалі. Згодна з матэрыяламі справы, ноўтбукі Праваабарончага цэнтра "Вясна" правяралі на наяўнасць файлаў, у якіх ёсць словы "грант" і "распіска", перадае "Народная Воля".

10.30 На трэці дзень працэсу працягваецца вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы.

Як перадае Радыё "Свабода", пракурор зачытаў пераклад ліста з літоўскага банка NORD ад 7 сакавіка 2011 года. Банк паведамляе, што рахункі Бяляцкага былі адкрытыя ў 2009 годзе і што раздрукоўкі руху па іх не могуць быць завераныя пячаткай, бо банк яе не мае.

Агучваюцца сумы, якія паступалі на рахунак Бяляцкага ад Нарвежскага хельсінкскага камітэту, запіс у графе "прызначэнне пераводу" — "Вясна". Агучваецца таксама, што Бяляцкі пераводзіў грошы Таццяне Равяцы ды іншым праваабаронцам.

Нагадаем, што 3 лістапада міністр юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шымашус абвясціў, што дакументы па справе Бяляцкага, перададзеныя з Літвы ў Беларусь, не маюць юрыдычнай сілы і не могуць выкарыстоўвацца ў судзе.

3 лістапада

18.00 Сённяшняе паседжанне закончылася. Апошняя гадзіна амаль цалкам была прысвечаная таму, што пракурор зачытваў матэрыялы справы Бяляцкага.

Працяг суда прызначаны на 10 гадзінаў 4 лістапада.

17.20 У матэрыялах справы, якія зараз агучвае пракурор, шмат банкаўскіх дакументаў, а таксама дакументаў з падатковай інспекцыі. Ёсць распіскі атрымальнікаў грошай. Цікава, што некаторыя дакументы, атрыманыя з Польшчы і Літвы не перакладзеныя, альбо перакладзеныя не цалкам.

17.05 Суддзя вырашыў пакуль адкласці разгляд дакументаў, запрошаных абаронай з Памежнага камітэта (актаў надгляду Бяляцкага і мытных дэкларацый), а таксама з падатковай інспекцыі. Яны будуць разгледжаныя, калі пракурор атрымае іх. Працэс працягваецца. Допыт сведкаў скончаны і абвінавачанне зараз агучвае матэрыялы справы.

17.00 Разгляд справы аднавіўся. Пракурор заявіў, што дакументы з Памежнага камітэта і падатковай інспекцыі, якія адвакат Бяляцкага прасіў далучыць да справы, будуць гатовыя толькі на наступным тыдні.

16.30 У працэсе абвешчаны перапынак на 30 хвілін.

16.22 Запрошаная наступная сведка -- Алёна Лапцёнак. Пракурор пачынае задаваць ёй пытанні. Лапцёнак кажа, што з Бяляцкім сябруе, разам з ім займаецца праваабарончай дзейнасцю. Далей яна пачала спасылацца на артыкул 27 Канстытуцыі. Лапцёнак заявіла, што яна займаецца распаўсюдам інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека.

16.20 Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук адмовілася сведчыць супраць мужа. Яна засталася ў залі суда.

16.15 Адвакат Алеся Бяляцкага звярнуў увагу суддзі на тое, што некаторыя дакументы справы (у тым ліку і агучаныя пракурорам), маюць вельмі сумнеўнае паходжанне. Яны нават не з'яўляюцца ксеракопіямі дакументаў. Гэта раздрукаваныя фота дакументаў, агорнутых у файл. Адпаведна, на думку адваката, немагчыма вызначыць, якім чынам дадзеныя матэрыялы справы атрыманыя.

16.08 Пачаўся допыт магілёўскага прадпрымальніка Колчына Аляксея. Ён таксама амаль адразу спаслаўся на 27 артыкул Канстытуцыі. Пракурору, відавочна, сёння не асабліва шанцуе з атрыманнем інфармацыі ад сведкаў.

У дакументах, якія агучвае пракурор, фігуруюць сумы ў 5, 7, 8, 10, 20 тысяч еўра. Паводле атрыманых з Літвы і Польшчы дакументаў, менавіта такія сумы Бяляцкі пераводзіў усім асобам, якіх сёння выклікаюць у суд ў якасці сведак пасля абедзеннага перапынку.

15.50 Выклікалі сведку Віктара Сазонава -- гродзенскага праваабаронцу. На ўсе пытанні, датычныя дзейнасці "Вясны" і фінансавання, Сазонаў гаварыць адмаўляецца. Кажа, што ад праваабарончай дзейнасці прыбыткаў не меў.

Сыходзячы з залі суда, Таццяна Равяка паказала Алесю Бяляцкаму, што на ёй апранутая кашулька з яго выявай. Увогуле, гэтыя кашулькі сталі вельмі папулярнымі ў Маскоўскім судзе Мінска. Сёння ахова пільна сачыла, каб яны не былі апранутыя на наведвальніках будынка. Некаторых жадаючых трапіць на працэс нават прымушалі распранацца да бялізны.

15.45 Равяка таксама згадвае пра права не сведчыць супраць сябе, таму ў пракурора мала што атрымліваецца даведацца. Яна толькі расказала, што атрымлівала ад Бяляцкага грошы на праваабарончую дзейнасць. Канкрэтызаваць колькі грошай і на якія мэты -- гаварыць адмаўляецца.

Тым часам пракурор развесяліў прысутных, назваўшы "Вясну" не праваабарончым цэнтрам, а "правоохранительным". Адвакату Бяляцкага прыйшлося папраўляць пракурора.

15.35 У судзе сведчыць Таццяна Равяка. Яна пачала расказваць, як даўно пазнаёмілася з Бяляцкім, як ставіцца да яго. Равяка адзначыла, што Алесь Бяляцкі з'яўляецца яе калегам па праваабарончай дзейнасці.

15.22 Пачаўся допыт іншага сведкі -- жыхара Бялыніч Андрэя Палуды. Ён паведаміў, што знаёмы з Бяляцкім і атрымоўваў ад яго грошы на праваабарончую дзейнасць. На ўсе іншыя пытанні пракурора Палуда гаворыць адно -- "Згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі РБ я маю права не сведчыць супраць сябе".

15.20 Адвакат Алеся Бяляцкага знайшоў памылкі ў матэрыялах справы. Ён заявіў, што у дакументах, што ўтрымліваюць інфармацыю аб рахунку Звозкава, розныя нумары рахункаў. У арыгінале пазначаны адзін нумар, а ў перакладзе -- іншы (адрозніваецца на адну лічбу). Пракурор наяўнасць несупадзення прызнаў

У залі сёння заўважна менш людзей, чым учора. Няма лідараў палітычных партый і рухаў.

14.55 Першы сведка, якога дапытваюць пасля перапынку -- праваабаронца Барыс Звозкаў. Пракурора цікавіць, ці ведае сведка Бяляцкага, ці мае рахункі за мяжой, ці з'яўляецца сябрам нейкай праваабарончай арганізацыі. Звозкаў адказаў толькі, што ведае Бяляцкага некалькі гадоў. На іншыя пытанні адказваць не стаў -- спаслаўся на права не сведчыць супраць самога сябе. Заявіў толькі, што зараз замежных рахункаў у яго няма.

Аднак пракурор прадэманстраваў дакументы з польскага банка, дзе фігуруе прозвішча Звозкава. Сам сведка заявіў, што падчас следства яму ўжо паказвалі дакументы з польскага банка. Ён тады не змог высветліць, што гэта за рахунак. Супрацоўнікі банка ў Польшчы паведамілі Звозкаву, што такога рахунка не існуе. Ён нават мае даведку з банка аб гэтым. Разам з тым, Звозкаў гаворыць аб тым, што прадэманстраваныя сёння пракурорам звесткі аб банкаўскім рахунку Звозкава ў Польшчы адрозніваюцца ад тых, якія Звозкаў бачыў падчас следства.

Сведка настойвае, што ніякіх грошай ад Бяляцкага не атрымоўваў сам і іх яму не пералічваў.

14.40 Толькі зараз, з 40-хвілінным спазненнем людзей запусцілі ў залу паседжанняў. Прычыны такой затрымкі не патлумачылі. Нават сакратарка суда не змагла сказаць, чаму паседжанне аднавілася толькі цяпер.

Чакаецца, што пасля абедзеннага перапынку ў судзе выступіць яшчэ некалькі сведак.

11.55 На судзе над Бяляцкім выступаюць падаткавікі

Першым сведкам выступіў Леанід Чаўко, намеснік дырэктара Дэпартаменту па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Ён распавядаў аб прынцыпах атрымання гуманітарнай дапамогі ў Беларусі. Адвакат запытаў, ці ведае Чаўко што-небудзь пра крымінальную справу, якая разглядаецца ў судзе. Атрымаўшы адмоўны адказ, адвакат звярнуў увагу, што гэты чалавек, згодна з заканадаўствам, не можа быць сведкам на працэсе, перадае nn.by.

Потым дапыталі сведку Собалеву — падатковую інспектарку Першамайскага раёна Мінску. Яна ведае Бяляцкага па сваёй працы. У 2008 годзе рэгістравала дэкларацыю аб прыбытках Бяляцкага. Тады былі выяўленыя перавышэнні па 1994–1998, 1999, 2005, 2006 гадах. Бяляцкі сказаў, што пазычыў грошы ў грамадзяніна Францыі тэрмінам да 2014 года. 30 снежня 2008 года Бяляцкі сплаціў падатак з перавышэння.

У 2010 годзе падаткавікі зноў праверылі Бяляцкага, але не знайшлі перавышэння. Бяляцкі па сваёй ініцыятыве прадстаўляў дэкларацыі за 2008-2010 гады і дэклараваў прыбыткі, атрыманыя за мяжой. Собалева ўдзельнічала ў складанні актаў пасля таго, як звесткі на Бяляцкага прыйшлі з Літвы і Польшчы, інфармуе Радыё "Свабода". Яна патлумачыла, што паводле Падатковага кодэксу, любыя сумы, атрыманыя грамадзянінам за мяжой, лічацца ягонымі прыбыткамі. Каб не залічыць іх прыбыткамі, грамадзянін павінен самастойна падаць адпаведныя даведкі. Гэтага не было зроблена.

10.10 Працягваецца суд над праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

У першы дзень працэсу, 2 лістапада, пракурор зачытаў абвінавачванне, суд пачаў дапытваць Бяляцкага.

Сёння ў судзе плануецца допыт сведкаў, перадае Радыё "Свабода". На працэс выкліканыя асобы, якія фігуруюць у матэрыялах справы: Наталля Пінчук, Таццяна Равяка, Барыс Звоскаў.

2 лістапада

17.30 У судзе над Алесем Бяляцкім абвешчаны перапынак да 10 гадзінаў раніцы 3 лістапада.

Перад гэтым, паведамляе Радыё "Свабода", пытанні Бяляцкаму задаваў адвакат. Ён просіць даць тлумачэнні па генеральнай праверцы яго прыбыткаў, якую падатковая інспекцыя ладзіла ў 2008 годзе. З адказаў Бяляцкага вынікае, што з яго не ўзялі патрэбных тлумачэнняў пры падрыхтоўцы акту праверкі, які цяпер далучаны да крымінальнай справы.

16.15 Адна з асноўных рэчаў, якую спрабуе высветліць сёння пракурор — гэта схема працы праваабарончага цэнтра "Вясна". Пракурора цікавіць чаму былі такія сумы грошай, а не іншыя, чаму іх давалі "Вясне" і пад якія ўмовы. Чаму "Вясна" не захоўвала справаздачаў аб сваёй дзейнасці. Алесь Бяляцкі ў адказ на гэтыя пытанні заявіў, што будзе вымушаны расказваць аб дзейнасці Цэнтра пачынаючы з 1996 году, а справаздачы "Вясна" не захоўвала, бо ў гэтым порста не было патрэбы. "Для каго іх захоўваць? Для КДБ?", — запытаў Бяляцкі ў пракурора.

Суддзя на працэсе таксама паводзіць сябе выключна карэктна. У працэс практычна не ўмешваецца. Гэта таксама адрознівае працэс Бяляцкага ад працэсаў па справе аб "масавых беспарадках".

15 55 Бяляцкі: "Я быў толькі перадатачным звяном пры размеркаванні гэтых сродкаў... Грошы ішлі на працу грамадскіх прыёмных, пералічваліся ахвярам палітычных рэпрэсій... Я не маю ніякіх дакументаў, якія бы датычыліся гэтых выдаткаў. зазначу толькі, што нашым замежным партнёрам мы заўсёды падавалі справаздачы аб выдатках. Усе справаздачы знаходзяцца ў іх... Дадам таксама, што не ўсе гэтыя грошы расходаваліся ў Беларусі. Значная частка заставалася ў тых краінах, дзе былі адчыненыя рахункі. Яны выдаткоўваліся на друк матэрыялаў, арганізацыі семінараў. Дзейнасць нашай арганізацыі у Беларусі была немагчымай. Таму рахункі былі адчыненыя за мяжой... Я не бачу асабістай адказнасці за гэтыя сродкі. Яны выкарыстоўваліся не мною. Я асабіста ў Беларусь іх не ўвозіў... Я не магу адказаць вам, хто тыя людзі, якія ўвозілі гэтыя грошы ў краіну. Яны могуць трапіць пад пераслед КДБ".

15.50 Пракурор папрасіў Алеся Бяляцкага расказаць аб дзейнасці кожнай арганізацыі, згаданай у дакументаў аб рахунках у польскіх і літоўскіх банках. Абвінавачанне таксама цікавіць, чаму яны пералічалі грошы на рахунак Бяляцкага і куды ішлі грошы.

Алесь Бяляцкі ізноў заўважыў, што сродкі выдаткоўваліся на дзейнасць "Вясны" і яе партнёраў.

Тым часам стала вядома, што Літва абяцае сачыць за працэсам над Алесем Бяляцкім. Пра гэта заявіў міністр замежных справаў краіны Аўдронюс Ажубаліс. 
Па яго словах, якія перадае партал DELFI, літоўскія дыпламаты ўжо назіраюць за працэсам. Ажубаліс паабяцаў, што Літва абавязкова будзе рэагаваць на гэты суд. Прычым гэта можа быць рэакцыя як старшыні АБСЕ або як рэакцыя кіраўніка МЗС Літвы. Усё будзе залежаць ад сітуацыі, кажа кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
Літва паведаміла, што разглядае магчымасць вылучыць Бяляцкаму Прэмію свабоды. Яе прызначаюць за дасягненні і ўнёсак у справу абароны правоў чалавека, развіццё дэмакратыі, заахвочванне міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў барацьбе за свабоду выбару і суверэнітэт народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Прэмія ў памеры 5000 еўра ў год будзе вылучацца праваабаронцам Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. 
Нагадаем, што асновай для суда над Бяляцкім сталі звесткі пра яго рахункі, якія выдалі Літва і Польшча. Амбасадар Літвы Багдонас прысутнічае на працэсе.

15.45 Чарговы кур'ёз на працэсе, які выклікаў смех у зале. Пракурор пацікавіўся ў Бяляцкага, ці знаёмы той з нейкай Пінчук Наталляй, якой паводле дакументаў з літоўскага банка пералічыў 19 еўра. Бяляцкі пасля кароткай паўзы адказаў: "так. Знаёмы. 30 гадоў знаёмы. Гэта мая жонка".

Працэс Бяляцкага моцна адрозніваецца ад працэсаў па справе 19 снежня. Пракурор падкрэслена дакладны ў пытаннях, нават ветлівы. Ніякай агрэсіі і нават падвышэння голасу падчас допыту няма. Усё гэта было рэгулярнай з'явай на "палітычных" працэсах вясны. На заўвагі адваката пракурор таксама рэагуе спакойна.

15.35 Пракурор працягвае высвятляць у Бяляцкага значэнне абрэвіятур і спецыфічных тэрмінаў з банкаўскіх дакументаў. Абвінавачаны заяўляе, што большасць з іх таксама не разумее.

У дакументах пазначаныя прозвішчы некаторых асобаў, якім Бяляцкі пералічваў грошы. Гэта Сазонаў, Салаўёў і іншыя. Бяляцкі пацвярджае, што знаёмы з імі, але факту пераводу канкрэтных сум не пацвярджае, бо не памятае.

На працэсе высвятляюцца кур'ёзныя акалічнасці. У прыватнасці, пракурор не змог зразумець, што значыць Human rights House. У выніку Алесь Бяляцкі доўга тлумачыў, што такон Дом правоў чалавека і чым ён займаецца.

Бяляцкі таксама звярнуў увагу пракурора на тое, што большасць дакументаў, змест якіх цікавіць зараз абвінавачанне, не замацаваныя ніякай пячаткай. то бок з'яўляюцца звычайнымі раздрукоўкамі. "Гэта фількіна грамата, а не дакументы", патлумачыў Бяляцкі. Пракурор неспадзявана пагадзіўся больш па падобных дакументах пытанняў не задаваць.

15.10 Адвакат Бяляцкага падаў хадайніцтва аб тым, што не ўсе матэрыялы справы былі перакладзеныя на беларускую мову. Адпаведна абарона звяртае увагу суддзі аб тым, што абвінавачаны не мог цалкам азнаёміцца з матэрыяламі справы (працэс вядзецца з перакладчыкам, які перакладае абвінавачанаму пытанні пракурора і суддзі. На гэтым настаяў сам Бяляцкі)

Падчас допыту Алеся Бяляцкага пракурорам адчуваецца юрыдычная падкаванасць праваабаронцы. Бяляцкі ўмела абыходзіць пытанні і нават сам удакладняе некаторыя рэчы ў абвінавачання. У выніку працэс падобны да размовы двух юрыстаў. З той розніцай, што адзін іх сядзіць за сталом з ноўтбукам, а другі размаўляе стоячы ў клетцы.

14.55 Амаль на ўсе пытанні пракурора, што датычацца пераводаў грашовых сум, Алесь Бяляцкі адказвае "не памятаю" і "не магу дакладна пацвердзіць".

14.50 Пракурор высвятляе у Алеся Бяляцкага, чаму на некаторых яго грашовых пераводах (да Тацяны Равякі, напрыклад), від пераводу пазначаны як "сямейны". Праваабаронца патлумачыў, што гэта неабходная банкаўская фармальная працэдура.

Пракурор таксама папрасіў патлумачыць, адкуль Бяляцкі ведае Тацяну Равяку. Той патлумачыў, што яна -- вядомы беларускі праваабаронца, стасункаў асабістых з ёй ён не мае -- толькі працоўныя. Гэтая заява абвінавачанага выклікала смех у зале.

14.45 Пракурор задае пытанні Бяляцкаму аб арганізацыях і установах, якія супрацоўнічаюць з "Вясной". Прагучалі назвы "Шведскага Хельсінкскага камітэта" і Міністэрства замежных спраў Галандыі. Паводле абвінавачання, яны пералічвалі грошы на рахункі Бяляцкага.

14.40 Пракурор агучвае некаторыя матэрыялы справы. У прыватнасці, ён заявіў, што у 2009 годзе Бяляцкі перавёў на рахунак Таццяны Равякі суму ў 10 тысяч долараў. Абвінаваўца просіць Бяляцкага пацвердзіць гэты факт. праваабаронца ў адказ заявіў, што не можа з дакладнасцю пацвердзіць гэтую інфармацыю. Кажа, што не ўпэўнены ў сумах і датах. Бяляцкі таксама дадаў, што лічыць сваю справу ініцыяванай КДБ, адпаведна не можа з поўным даверам ставіцца да ўсёй інфармацыі з матэрыялаў справы.

14.35 Пракурор спрабуе высветліць, хто пералічваў грошы на банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага ў Літве.

Высвятляецца, што некаторыя матэрыялы справы не былі перакладзеныя на беларускую мову. На пытанне Алеся Бяляцкага, чаму гэта не было зроблена, той адказаць не змог.

14.30 Абвінавачаны патлумачыў пракурору, навошта адчыніў рахункі ў польскіх і літоўскіх банках. Паводле яго словаў, грошы з гэтых рахункаў ішлі на маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, дзейнасць цэнтра "Вясна". Бяляцкі зазначыў, што рахункі адкрываў пачынаючы з 2007 году.

14.25 Суддзя запытаў у Алеся Бяляцкага, якую суму можна легальна перавозіць праз мяжу без дадатковага падаткаабкладання. Праваабаронца заявіў, што 10 тысяч долараў і тут жа пажартаваў. Зазначыў што "колькі гэта ў рублях зараз, я не ведаю".

14.20 Бяляцкі расказаў, што пры перасячэнні мяжы кожны раз запаўняў дэкларацыі. У іх адзначаныя ўсе сумы, якія ён перавозіў праз мяжу. Іх налічваюцца дзясяткі. Праваабаронца кажа, што ўсе яны могуць быць даступнымі для суда.

14.15 Пачаўся допыт Алеся Бяляцкага. пракурор пытае яго аб пададзеных за апошнія гады падатковых дэкларацыях. Усе пытанні перакладчыца пераказвае Бяляцкаму па-беларуску. Прычым робіць гэта з цяжкасці. Напрыклад, слова "совместительство" яна пераклала як "саўмясціцельства". Яе памылкі выклікаюць шэпт у залі.

У Бяляцкага таксама пытаюць аб прычынах шматлікіх паездак за мяжу. Ён тлумачыць, што паездкі былі звязаныя з праваабарончай дзейнасцю.

14.10 Перапынак на абед скончыўся. Працэс аднаўляецца. Спадар бяляцкі па-ранейшаму ў добрым настроі. Усміхаецца фотарэпарцёрам. Нават прыпадняў перад камерамі швэдар і прадэманстраваў ім кашульку з надпісам "Вясна".

11.55 Іну Кулей ахова вывяла з судовай залы за тое, што яна апранула майку з партрэтам Алеся Бяляцкага. Жанчыне сказалі, што больш яе ў залу не пусцяць, перадае Радыё "Свабода". Заступніцтва яе мужа Аляксандра Мілінкевіча не дапамагло выратаваць сітуацыю.

11.50 Ахова суда не аддае наведнікам бел-чырвона-белую атрыбутыку

Алесь Пілецкі, Еўрарадыё

Непрыемныя выпадкі адбыліся ў Маскоўскім судзе сталіцы з тымі, хто прыйшоў пабачыць суд над праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

Каб трапіць у залу суда, наведнікі здаюць ахове некаторыя рэчы. Так, ахова прымусіла здаць бел-чырвона-белы шалік, у якім прыйшла адна з дзяўчат. Таксама здаць бел-чырвона-белы значак давялося адной з пажылых жанчын. Ахоўнікі абяцалі аддаць рэчы, калі жанчыны будуць выходзіць з суда.

Аднак калі наведніцы вырашылі сысці, рэчы ім не аддалі. Ахоўнікі заяўляюць, што такіх рэчаў у іх няма. Дзяўчына расплакалася і сышла. Жанчына заявіла, што будзе пісаць скаргу на тое, што яе абакралі ў судзе.

11.05 На працэсе над Алесем Бяляцкім суддзя адхіліў два хадайніцтвы падсуднага. Праваабаронца хадайнічаў, каб суд ішоў па-беларуску і каб яму змянілі меру стрымання. Па словах суддзі Сяргея Бандарэнкі, якія перадае Радыё "Свабода", Бяляцкага падазраюць ва ўчыненні "цяжкага злачынства".


Суддзя забараніў відэазапіс працэсу. Аператары пакінулі залу суда.

10.20 Бяляцкага прывезлі ў суд каля 9.30, паведамляе БелаПАН. Зала, дзе праходзяць слуханні, разлічаная на 80 месцаў. Апроч сваякоў Бяляцкага на суд прыйшлі кіраўнікі дыпмісій Нямеччыны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, ЗША, вядомыя палітыкі, грамадскія дзеячы, праваабаронцы. У іх ліку Аляксандр Мілінкевіч і Уладзімір Някляеў з жонкамі, Сяргей Калякін, Алег Воўчак, Валянцін Стэфановіч, Таццяна Равяка, Алег Гулак, Гары Паганяйла.

У залу таксама прайшлі каля двух дзясяткаў невядомых маладых людзей. На пытанне журналістаў яны адказалі, што з'яўляюцца студэнтамі юрыдычнага факультэта. Каля ўваходу ў будынак суда стаіць аўтобус з міліцыяй.

Бяляцкі выступіў з хадайніцтвам весці паседжанне па-беларуску.

Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі, у залу суда не змаглі трапіць праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Агулам у холе суда ў 10.20 знаходзіцца каля трох дзясяткаў чалавек, столькі ж — на вуліцы. У суд не пусцілі мужчыну ў кашульцы з надпісам "Свабоду Бяляцкаму!"

***

Нагадаем, што праваабаронцу вінавацяць ва ўхіленні ад падаткаў у буйных памерах. Яму пагражае да сямі гадоў турмы. Звесткі пра банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага перадалі Беларусі з Літвы і Польшчы. На асабістых рахунках ён трымаў грошы для праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.

Працэс пачаўся 2 лістапада. Суддзя Сяргей Бандарэнка. Адвакат Зміцер Лаеўскі. Пракурор Зайкоўскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі