Афіцыйны трыб'ют-канцэрт AС/DC выратавалі бабруйскія даішнікі

Украінскі трыб'ют-гурт AS/DS, які набыў правы на выкарыстанне песень культавых аўстралійцаў AC/DC, упершыню выехаў за межы радзімы. Праўда, каб адыграць канцэрт у Мінску, давялося прайсці праз пэўныя прыгоды.

"За 180 кіламетраў да Мінска ў нас нешта задымілася, мы павыскоквалі з машыны, бо ці мала што, — распавядае пра дарогу да беларускай сталіцы вакаліст AS/DS Аляксандр Цяцерын. — Машына далей не заводзілася, але мы ведалі, што побач знаходзіцца пост ДАІ. Нам аператыўна выклікалі эвакуатар. У выніку два чалавекі ехалі да Бабруйску ў эвакуатары, а мы ўтраіх ехалі на лафеце! У Бабруйску мы пераселі на маршрутку і даехалі да Мінску. Да апошняга моманту мы не тэлефанавалі арганізатарам, каб не расстройваць, але, дзякуй Богу, усё абыйшлося".

Аляксандр дадаў, што канцэрт адбыўся выключна дзякуючы дапамозе, разуменню ды хуткасці 938-га экіпажу ДАІ горада Бабруйска, і папрасіў Еўрарадыё перадаць ім гарачую падзяку, што мы зараз і робім. Тым не менш, вернемся да канцэрта...


Апошнім часам трыб'юты сталі ў Мінску хіба не самымі частымі канцэртамі-салянкамі. Праўда, іх якасць рэдка радуе публіку, бо песні сусветнавядомых выканаўцаў часцей пагаджаюцца выконваць "зялёныя" гурты. Тым не менш, наведвальнасць такіх канцэртаў нельга назваць малой. Колькасць публікі на трыб'ютах рэдка набліжаецца да колькасці наведвальнікаў звычайных канцэртаў, няхай, нават, і салянак.

Менавіта такім "рэдкім" для сталічнай рок-тусоўкі стаў выступ украінскага гурта AS/DS. У сталічны "Мулен Руж" на канцэрт-прысвячэнне памерламу вакалісту AC/DC Бону Скоту, які адбыўся акурат у дзень яго смерці, сабралася каля чатырохсот рознаўзроставых аматараў аўстралійцаў.

"Цудоўны гук, выдатны! — каментуе мужчына, які граў на басухе ў памяшканні "Мулен Ружа" яшчэ пры Саветах, калі гэта была звычайная сталоўка. — Электронная тэхніка на вышыні! А я крытык абалдзенны! Я на старым року... AС/DC былі крыху пазней, а вось Deep Purple, як кажуць, — багі. Яны зараз граюць "квадратам", але цудоўны гук, усё ідзе ў моц, у адну касу! Я абалдзяваю".


Аматар класікаў року дадаў, што ніколі не быў на сапраўдным канцэрце AС/DC, але ў гэты вечар рэальна адчуваў сябе недзе за мяжой. І сапраўды, украінскія кавершчыкі паспрабавалі максімальна наблізіцца да знакамітых рокераў. Вакаліст, увесь выступ папраўляючы кепку, паўтараў класічныя рухі Дэйва Эванса, гітарыст прыстукваў нагамі ў шортах так, як гэта робіць Ангус Янг, а басіст для большага падабенства з Кліфам Уільямсам нават апрануў парык. А вось прафесійны ўзровень музыкаў AS/DS не ўсе ацанілі станоўча, хоць і не згубілі імпэту да іх выступу.

"Натуральна, гітарыст, які выступае ў ролі Ангуса Янга, нават і 30 адсоткаў яго сольных партый не выконвае, — дзеліцца ўражаннямі хлопец, знешне зусім не падобны да фаната AC/DC. — Але другога Ангуса Янга няма, не было і не будзе! Праўда, агулам імітацыю гукаў, імітацыю пэўных яго хадоў ён робіць. І гэта радуе".

Тым не менш, падчас выканання песні The Jaсk, гітарыст AS/DS, як і Ангус Янг, пачаў распранацца. Апошняй паводле яго "стрыптызу" была дэманстрацыя майткоў, на якіх ззаду была напісаная назва трыб'ют-гурта.

Пад няспынныя спевы прысутных украінскія музыкі адыгралі больш за двухгадзінны канцэрт з невялікім антрактам. Прычым, другое аддзяленне складалася выключна з асноўных хітоў AС/DC, кшталту T.N.T, You Shook Me All Night Long, Hells Bells ды Highway to Hell.

Хоць аматары AС/DC і прыйшлі на канцэрт украінскага трыб'ют-гурта AS/DS, але асноўнай зоркай вечару стаў хлопчык Багдан, які прыехаў на канцэрт разам з бацькамі і няспынна адрываўся амаль увесь час. Ён нават апрануў шорты, пінжак ды гальштук, каб быць падобным на Ангуса Янга.

"Дзесьці паўгода таму пачаў слухаць разам з гуртамі Metallica, Nirvana, "Дай дорогу", "Ляпис Трубецкой", "Крама", Neuro Dubel, — кажа 14-гадовы рок-н-рольшчык. — Агулам, вельмі класна, мне вельмі спадабалася! Але думаю, што на сапраўдным AС/DC будзе нармальная гучнасць, бо хацелася б большай".


Багдан так скакаў, што пад самы канец выступу яму нават стала крыху дрэнна, але, аддыхаўшыся, ён працягнуў свае танцы. А пасля канцэрту, як сапраўдны прыхільнік "са стажам", не саромеючыся зайшоў у грымёрку і ўзяў аўтографы ў музыкаў. Пакуль гэта быў украінскі трыб'ют-гурт AS/DS, але калі-небудзь ён атрымае фотакартку побач з сапраўднымі AС/DC, — пераканаў бацька хлапчука.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі