Юрыст: Верагодна, хочуць, каб Свярдлоў дасядзеў усе 15 сутак

А бывае, што і ўвогуле губляюцца "з канцамі". Так пракаментавала Еўрарадыё былая адвакат Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка тое, што адпраўленая з Акрэсціна 25 чэрвеня касацыйная скарга Паўла Свярдлова не "дайшла" да Гарадскога суда і 29 чэрвеня. Менавіта на гэты дзень быў прызначаны судовы разгляд касацыі на прысуд журналіста.

На думку юрыста, скарга журналіста Еўрарадыё магла дзесці "затрымацца" для таго, каб ён не выйшаў на свабоду "датэрмінова".

Тамара Сідарэнка: "Фармальна-та ў суда яшчэ скарга адваката і справа ўсё адно будзе разгледжана. І тут якая мэта можа пераследавацца? Толькі крыху падзацягнуць слуханне справы, каб чалавек адбыў усё, што яму прысудзіў суд першай інстанцыі. А потым як ты яму гэты арышт "аддасі назад?" Не аддасі ж – чалавек адбудзе ўсё! А тут яшчэ 4 дні святаў і слуханні будуць ужо пасля адбыцця пакарання, па сутнасці”.

Праўда, Тамара Сідарэнка не выключае, што касацыя Свярдлова сапраўды магла затрымацца па тэхнічных абставінах. Справа ў тым, што з Акрэсціна яе поштай накіроўваюць у той суд, які выносіў прысуд. У дадзеным выпадку – суд Маскоўскага раёна сталіцы. І ўжо адтуль яе мусяць перанакіраваць далей – у Гарадскі суд, які мусіць разглядаць скаргу. Чатырох дзён на гэта можа сапраўды не хапіць. Асабліва, калі з Маскоўскага суда скаргу накіравалі ў суд Гарадскі не адразу.

Нагадаем, што журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова пяцёра невядомых у цывільным затрымалі а 10 гадзіне раніцы ля пад’езда ўласнага дома. Як вынікае з матэрыялаў справы, журналіст, у мінулым выкладчык факультэта журналістыкі БДУ, капітан каманды “Што? Дзе? Калі?”, уладальнік “Крыштальнай савы” за перамогу ў гэтай звышінтэлектуальнай гульні, не паспеўшы выйсці на выліцу, адразу пачаў брудна лаяцца матам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі