Рэпетытары: Сучасныя выпускнікі не ведаюць вершаў

“Дзеці цяпер мала чытаюць, затое добра разбіраюцца ў тэхніцы. Слабыя дзеці і дзесяць гадоў таму былі, і цяпер ёсць. Гэта ўсё ад сям’і ідзе”, — адказвае Еўрарадыё рэпетытар па рускай і беларускай мовах Кацярына Цімошына, калі пытаю, ці не робяцца школьнікі менш разумнымі.

За год Кацярына рыхтуе да тэсціравання 20 чалавек. І каб набраць па мове да 90 балаў, трэба займацца толькі дзве гадзіны на тыдзень, рэкамендуе выкладчыца.

Сучасныя школьнікі не ведаюць вершаў, адразу кажа рэпетытар па фізіцы і матэматыцы Яўген Лівянт. Але рэпетытар прызнае: вучні больш працаздольныя, чым ён сам.

”На многіх вучняў гляджу з зайздрасцю: мне б такія мазгі і такую працаздольнасць. Я ў добрай школе вучыўся. Але я блізка не прыкладаў такіх намаганняў, каб атрымаць адукацыю: часу столькі не затрачваў, практыкаванняў столькі не рабіў. Але толькі адзін з 50-ці адзінаццацікласнікаў здолеў бы распавесці верш на памяць”, — прыводзіць прыклад выкладчык.

Узровень адукацыі ў дзяцей зніжаецца, канстатуе рэпетытар па гісторыі Беларусі Вадзім Аніпяркоў. Але і тэсты таксама зніжаюць узровень…

“Абітурыенты прыходзяць з праблемнымі ведамі па гісторыі, іх можна падрыхтаваць. Але і ўзровень тэстаў на іспыце таксама зніжаецца”, — параўноўвае Вадзім Аніпяркоў. І нават неабходны для паступлення бал у 20 са 100 ён называе маленькім для універсітэта. Трэба ўздымаць планку!

“На 20 можна напісаць нічога не ведаючы. Увогуле, гэта ж вышэйшая адукацыя, і ўзровень мусіць быць адпаведны”.

Мінадукацыі з дапамогай планкі ў 20 балаў па профільных прадметах, 15 — па матэматыцы, хіміі фізіцы і біялогіі і 10 па мовах збіраецца адсеяць да траціны абітурыентаў.

Нагадаем, сёлета на цэнтралізаванае тэсціраванне запісаліся 117 тысяч абітурыентаў. Для іх ва ўніверсітэтах ёсць амаль 80 тысяч месцаў. А 30,5 тысяч змогуць паступіць на бюджэт — гэта кожны чацвёрты абітурыент, які запісаўся на тэсціраванне.

Кожны чацвёрты абітурыент зможа паступіць ва ўніверсітэт на бюджэт

Фота: repetitor-live.com відэа: belapan.by (мінулагодняе тэсціраванне)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі