Кожны чацвёрты абітурыент зможа паступіць ва ўніверсітэт на бюджэт

“Гэта дэмаграфічная яма. Зменшылася колькасць дзяцей. У гэтым годзе апошні такі нізкі парог. Мы гэта прагназавалі”, — тлумачаць у Мінадукацыі невялікую колькасць тых, хто запісаўся на цэнтралізаванае тэсціраванне. Сёлета на тэсціраванне запісалася 117 тысяч чалавек.

Летась было на 24 тысячы болей. Найбольш здаюць рускую мову — 83 тысячы чалавек. З беларускай горш — амаль утрая меней жадаючых здаваць гэты прадмет.

“Залежыць ад спецыяльнасці, не ад мовы, якую яны вывучалі. Бо беларускую мову здаюць аднолькава з году ў год: вынікі не адрозніваюцца па балах. І ад дэмаграфіі гэта таксама залежыць: больш народу будзе, больш будуць абіраць беларускую мову”, — адказваюць на гэта ў міністэрстве.

У рэпетытара па беларускай і рускай мовах Кацярыны Цімошынай менш вучняў не стала. Рыхтуе 20 чалавек на год. Але да беларускай мовы рыхтуецца толькі кожны пяты.

“Настаўнікі гавораць з дзецьмі па-руску на пераменах. Гэта мова навучальных устаноў, бо няма дзяржаўнай падтрымкі. Ды я сама на вуліцы не размаўляю на мове, смеласці не хапае”, — прызнаецца Еўрарадыё выкладчыца.

І дадае, што каб добра напісаць тэсціраванне па рускай ці беларускай мове дастаткова займацца адзін раз на тыдзень цягам года.

Рэпетытар па фізіцы і матэматыцы Яўген Лівянт спужаўся дэмаграфічнай статыстыкі яшчэ некалькі гадоў таму. Але вучняў наадварот стала больш!

“Некалькі гадоў таму ўбачыў статыстыку. Цяпер жа самая дэмаграфічная яма. Думаў, паменее працы. Нічога не скарацілася, наадварот”, — тлумачыць выкладчык.

Але на фізіку запісаліся на 8 тысяч абітурыентаў менш, чым летась. На матэматыку — на 19 тысяч менш.

Ці прыйдуць вучні да рэпетытара, залежыць ад рэкламы, а не дэмаграфіі, адразу кажа рэпетытар па гісторыі Беларусі Вадзім Аніпяркоў. Але здаюць гісторыю Беларусі, у асноўным, на рускай мове, шкадуе рэпетытар.

“Многія школьнікі проста не разумеюць беларускай мовы. Таму даводзіцца выкладаць па-беларуску. Але і большасць зручных матэрыялаў усё ж на беларускай мове. Тыя ж відэаматэрыялы па тэсціраванні ў большасці — на беларускай мове”.

Сёлета гісторыю Беларусі па-беларуску здаюць толькі 18% ад усіх, каму патрэбны гэты прадмет.

Нагадаем, сёлета ў беларускія ВНУ збіраюцца прыняць 79 тысяч першакурснікаў. 30,5 тысяч — на бюджэтныя месцы. Па бясплатным месцы на кожнага чацвёртага абітурыента, які запісаўся на тэсціраванне.

Фота: belta.by , відэа: belapan.by (мінулагодняе тэсціраванне)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі