У Мінску знайшлі дом з мухамі і не ведаюць, адкуль яны бяруцца

Мухі ў пад'ездзе дома №17 па вуліцы Шугаева

Мухі ў пад'ездзе дома №17 па вуліцы Шугаева / "Мінск-Навіны"

Жыхары аднаго з дамоў у мінскім мікрараёне Уручча паскардзіліся на масавае нашэсце мух, пішуць "Мінск-Навіны".

Скарга прыйшла ад жыхароў дома №17 на вуліцы Шугаева. Мясцовая жыхарка расказала журналістам, што навалу мух у доме яны назіраюць ужо некалькі гадоў. У траўні-чэрвені спачатку з'яўляецца няшмат вялікіх мух, але з кожным месяцам іх колькасць павялічваецца, яны залятаюць у кватэры, гудуць на гаўбцах. Прычым у суседніх дамах нічога такога няма.

Камунальнікі, якія абследавалі дом, не выявілі ачаг, з якога лятуць мухі.

"Намі, спецыялістамі ЖЭУ № 4 было праведзена абследаванне ўсіх тэхнічных памяшканняў жылога дома. Паходжання збору гэтых мух мы на сённяшні момант не выявілі", — кажа намесніца дырэктара ЖКГ Першамайскага раёна Мінска Ірына Зелянкевіч.

Паведамляецца, што спецыялісты ЖЭУ ўжо двойчы праводзілі дэзінсекцыю. На пажарнай лесвіцы цяпер ляжыць шмат мёртвых мух, але новыя ўсё адно прылятаюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі