Рэгістрацыя каштуе столькі ж, колькі прапіска: 250-500 у.а.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці змяніліся кошты на рынку прапіскі з увядзеннем рэгістрацыі. Чыноўнікі сцвярджалі, што людзі перастануць зарабляць на прапісцы, бо працэдура будзе цалкам іншай. Але аб’яў “прапішу” ў газетах і Інтэрнэце меней не стала. І новая рэгістрацыя прадаецца ў Мінску і Мінскім раёне па тых жа коштах, што і раней прапіска. Людзі, якія размяшчаюць аб’явы, што прапісваюць у сябе за грошы, кажуць, што нічога ў прапісцы не змянілася.

- Так, толькі цяпер гэта называецца прыгожым словам “рэгістрацыя”.
- А ёсць там розніца нейкая?
- Ніякай, гэта тая ж прапіска. Толькі ёсць часовая і пастаянная. Што вам трэба? Я магу вам і тое, і тое зрабіць.

Разбежка коштаў на рэгістрацыю даволі вялікая, але, у прынцыпе, такая ж, як і раней на прапіску. Сярэдні кошт пастаяннай рэгістрацыі – 300 – 350 долараў.

- 250 у.а. плюс падаткі каштуе Мінскі раён, 500 у.а. плюс падатак – г. Мінск.
- А падатак колькі?
- У Мінску 35 тысяч у месяц, у раёне – 21 тысяча.
- Але ж цяпер не прапіска, а рэгістрацыя – змянілася ж нешта?
- Гэта тое ж самае, дзяўчына!

Натуральна, часовая рэгістрацыя каштуе менш. І тут ёсць адзіны плюс – не трэба плаціць падатак. Самае таннае, што мы знайшлі, гэта 150 долараў на год. Але ці можна з такой рэгістрацыяй працаваць у Мінску, застаецца незразумелым. Гэта, хутчэй за ўсё, залежыць ад працадаўцы.

- Вы беларуска, адна, без дзяцей?
- Так.
- Добра, няма пытанняў! Прыёмныя дні сёння, у сераду і ў пятніцу. Але калі хочаце можна сёння, да сямі вечара. За гадзіну-паўтары па часе я вас цалкам зарэгіструю.
- Колькі каштуе на год часовая рэгістрацыя?
- 150 долараў.
- А падатак?
- Не, 150 долараў, і ўсё. За часовую падатку няма.
- А колькі пастаянная каштуе?
- 840 тысяч беларускіх рублёў.
- Гэта Мінск ці Мінскі раён?
- Гэта Бараўляны, але гэта 20 хвілін ад цэнтру!
- Скажыце, калі ласка, калі я зарэгіструюся часова, я маю права працаваць у Мінску?
- Па ідэі, так. Але гэта трэба дазнавацца ў працадаўцы.
- Мой працадаўца сам не ведае!
- Мне ўсё роўна, я магу зарэгістраваць вас і часова, і пастаянна – любы ваш капрыз!

Дарэчы, усе “гандляры” просяць прапісацца хутчэй, бо ў іх ці то чарга, ці то яшчэ нешта. Менш чым на год рэгістраваць згаджаюцца рэдка. І часам усё роўна ўлічваюць кошт падатку.

- Гэта Мінскі раён. Але ў мяне будзе месца з лютага.
- А вы прапісваеце на які час?
- На год прапісваю, менш – не. У мяне вызваліцца месца 19 лютага. Гэта будзе 300 долараў плюс падатак, ён 100 у.а. недзе.
- А хіба ў рэгістрацыі гэты падатак застаўся?
- Ведаеце, я яшчэ ні разу не прапісвала па новых правілах, але не будзе менш каштаваць гэта. Адзінае, калі малады спецыяліст, то ён вызваляецца ад падатку.

Маладыя спецыялісты вызваляліся ад падатку і тады, калі была прапіска.

Таму атрымліваецца, што ўся розніца паміж рэгістрацый і прапіскай – гэта магчымасць не плаціць падатак, калі рэгіструешся на кароткі час.

У нашай краіне адмяняюць дазвольны штамп выезду ва ўсе краіны свету, але ўводзяць базу невыязных. У выніку, за мяжу могуць цяпер паехаць менш людзей. У нашай краіне адмяняюць прапіску, але ўводзяць рэгістрацыю, якая каштуе столькі ж, але дапамагае адсачыць, хто дзе знаходзіцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі