Развесілі бчб-сцягі і раскідалі бутэлькі — у "Лебядзіным" падпалілі ТУ

Пажарная машына едзе да месца надзвычайнага здарэння​
Пажарная машына едзе да месца надзвычайнага здарэння​

Мінулай ноччу ў памяшканні таварыства ўласнікаў дома на Пераможцаў, 127 здарыўся пажар. Кабінет старшыні выгарэў цалкам.

Старшыня ТУ напісала ў дамавым чаце, што прыйшлі пяцёра невядомых, адчынілі дзверы і ўчынілі падпал, паведамляе Onliner.by. Паводле інфармацыі партала, злачынцы таксама развесілі побач бел-чырвона-белыя сцягі і раскідалі бутэлькі ад каньяку.

У МНС пацвердзілі інфармацыю пра надзвычайнае здарэнне, а таксама пра тое, што меркаваная прычына пажару — падпал. У МУС сказалі, што праводзіцца праверка.

Двор гэтага дома знаходзіцца у спісе месцаў, якія з нядаўняга часу патрулюе мінская міліцыя.  

"Мяркуючы па ўсім, разбілі адно акно і кропкава падпальвалі. Унутры ўсё выгарэла ў нуль. Цяпер там голыя сцены замест утульнага кабінета", — распавёў адзін з мясцовых жыхароў.

На апублікаваных здымках відаць, што пацярпелі і дакументы таварыства.

Напярэдадні МНС прыняло пастанову, якой забараніла размяшчаць на фасадах дамоў "вырабы з гаручага тэкстылю". Мяркуецца, што гэта дрэнна ўплывае на пажарную бяспеку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі