Вы тут

Вешаць сцягі на фасадах дамоў больш нельга — пастанова МНС

Сцяг на адной са шматпавярховак у Мінску / Еўрарадыё​

Сцягі на фасадах будынкаў і дахах з гэтага часу абвешчаныя па-за законам. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях змяніла Правілы пажарнай бяспекі. Новы пункт Правілаў зацверджаны пастановай МНС № 39 ад 6 кастрычніка. Яна апублікавана на Нацыянальным прававым партале.

Згодна з новымі правіламі, не дапускаецца "размяшчаць на фасадах, дахах і (або) вонкавых паверхнях выступаючых частак будынкаў (тэраса, ганак, прыступкі і іншыя) вырабы з гаручага тэкстылю, не прадугледжаныя праектнай дакументацыяй, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых заканадаўствам".

Прычым гэтае правіла тычыцца і жылых дамоў, і будынкаў, размешчаных на прыдамавой тэрыторыі, і садовых дамкоў, і гаспадарчых пабудоў.

Дакумент уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання — гэта значыць з 26 лістапада.

Цяпер ва ўладаў з'явілася законная нагода караць за сцягі, вывешаныя на дамах. Артыкул 23.56 КоАП РБ прадугледжвае пакаранне за парушэнне заканадаўства аб пажарнай бяспецы. Фізічным асобам пагражае папярэджанне або штраф да 30 базавых велічынь.

Цягам усёй восені беларускія ўлады вялі адчайную барацьбу з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія з'яўляліся на дамах і паміж дамамі. Часам даходзіла да кур'ёзаў: у верасні камунальнікі здымалі з балкона на вуліцы Талбухіна ў Мінску кавалак прасціны з надпісам "Гэта не сцяг".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.