Разбітае сэрца пацана "Не налівай"

Давайце спачатку ўвогуле пра дыск, ну, а пасля паспрабуем прайсціся па некаторых песнях.

Падчас канцэртнай прэзентацыі альбома шмат хто казаў, пра тое, што ў песнях РСП стала больш музыкі, і гэта праўда. І сапраўды, у параўнанні з першым альбомам, мелодыі сталі больш складанымі, а аранжыроўкі больш багатымі ды цікавымі. Параўда, з-за гэтага амаль не засталося песень, якія залазяць у галаву і сядзяць там увесь дзень, калі не больш. Хіба загалоўная тэма, але яна была напісана менавіта ў тыя ж часы, што і дэбютны альбом. Ну, і песня-прысвячэнне сэксуальным прыладам робатаў, на напісанне якой музыкаў натхніла каханне робатаў УОЛІ і ЭВА з аднайменнага мультфільму.

Дарэчы, гэтая ж песня, напэўна, самая цікавая і па аранжыроўцы. Аранжыроўкі “РСП” відавочна палепшылі, у іх з’явіліся цікавыя, а галоўнае своечасовыя, фішкі, ды і ўвогуле, песні пачалі гучаць больш прафесійна. А ў дадатак, у вялікай колькасці трэкаў з’явілася гукавая гульня з вакаламі, то бок, гульня з рознымі камп’ютарнымі фільтрамі для вакалу. Праўда, трэба прызнаць, што далёка не ўсюды гэтыя прымочкі паўплывалі пазітыўна. Да прыкладу, песня “Вітаміны”, дзе голас гучыць нібы з прыбіральні ды ў дадатак праз тры пакоі.

Тэкст песні пачынаеш разумець дзесьці пасля пятага праслухоўвання, прычым, кожнае новае праслухоўванне даецца цяжэй і цяжэй, а шкада, бо ён варты таго, каб быць пачутым. Увогуле, калі казаць пра тэксты, то ясны сталі нейкімі больш дарослымі. Не, усе трэкі напоўненыя класічным “эрэспэшным” пачуццём гумару, але сама яго падача неяк змянілася. Магчыма, гэта з-за таго, што на першым альбоме ЎСЕ песні спяваюцца ад першай асобы і пра каханне да дзяўчат. А гэтым разам адчуваецца спроба выступаць у ролі апавядальніка, прычым не толькі слязлівых гісторый пра няўдалае каханне. Да прыкладу, песня “Хонгільдон”, дзе вырашаецца які інструмент больш важны ў любві – свірэль ці трамбон.

Асаблівай увагі патрабуе той факт, што “Разбітае сэрца пацана” з альбомам “Не налівай” стала сапраўды больш рокавым, часам, нават цяжкім. Праўда, да гэтага часу немагчыма знайсці дакладную музычную стылістыку, акрамя той, якую музыкі самі сабе даюць: “пост-панк-порна-грайнд-цежаляк з элементамі манавара і прыгожыя танцы”.

Пасля прэзентацыі альбома “Не налівай” стала зразумела, што ў “РСП” ёсць прыхільнікі і сярод сапраўдных пацаноў. Відаць, гэты факт натхніў музыкаў закрануць і яшчэ адну, сапраўды балючую тэму для кожнага “актывіста” раёну – мабільнік. Мы ж ведаем, што хлопцы не эканомяць на тэлефонах, але часам гэтая тэхніка так моцна перакрыжоўваюцца з каханнем, што таксама здольная разбіць пацанскае сэрца.

Песня “Смартфон” не адзіны трэк, з новай тэматыкай на альбоме “РСП”. Напрыклад, “Чорны ніз, белы верх” распавядае пра няўдалую спробу пацана ажыццявіць сваю мару спяваць у хоры. Зразумела, што і тут не абышлося без умяшальніцтва спявачкі-прыгажуні.

Падводзячы вынікі скажу, што альбом “Не налівай” у музыкаў “Разбітага сэрца пацана” атрымаўся! Магчыма, не такім, як чакалі, магчыма, у ім бракуе хітоў кшталту “Жэншчыны” ды “Розавы закат, але ён па-новаму прыгожы. Музыкі рухаюцца наперад і, відавочна, растуць у прафесійным сэнсе. Дарэчы, асобным сказам варта сказаць пра вакалы. Відаць, хлопцы пачалі браць урокі вакалу, бо яны спяваюць! Разумееце, спяваюць..! Так што набывайце, качайце, слухайце - не пашкадуеце! 

Ну і замест P.S.: “Не налівай!” гэта не заклік, гэта часовая слабасць, ва ўсялякім выпадку, так патлумачылі гэта музыкі.

Заўвага: Якасць прыкладаў песень адмыслова пагоршаная

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі