Рассельгаснагляд пакуль не плануе новыя праверкі на прадпрыемствах Беларусі

Рассельгаснагляд пакуль не плануе новыя праверкі на прадпрыемствах Беларусі

Бліжэйшым часам Рассельгаснагляд не збіраецца ладзіць новыя інспекцыі на беларускія прадпрыемствы, якія вырабляюць малочную прадукцыю. Пра гэта перадае ТАСС са словаў кіраўніка ведамства Сяргея Данкверта.

Чыноўнік патлумачыў, што ў выніку такіх інспецыяў сітуацыя ў Беларусі часцей за ўсё не паляпшаецца, а пагаршаецца. Ён дадаў, што не з'яўляецца прыхільнікам інспекцый. "Я не прыхільнік пасылаць інспекцыі, я прыхільнік таго, каб ажыццяўляць маніторынг (прадукцыі на мяжы. — Еўрарадыё)", — дадаў Данкверт.

Як паведамлялася раней, з 15 траўня Рассельгаснагляд ўвёў узмоцнены кантроль прадукцыі дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з выяўленымі парушэннямі ў вытворчасці. Пад такі кантроль трапілі ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" (а таксама яго Капыльскі і Любанскі філіялаў), ААТ "Баранавіцкі малочны завод", ААТ "Кобрынскі масласырзавод", ААТ "Пружанскі малочны камбінат", ААТ "Бабушкина крынка", ААТ "Малочная кампанія Навагрудскія дары", ААТ "Маладзечанскі малочны камбінат", КВУП "Мазырскія малочныя прадукты", а таксама ААТ "Лепельскі малочна-кансервавы камбінат".

Таксама Рассельгаснагляд часова абмежаваў пастаўку прадукцыі з ПУП "Малочны полюс"  там былі выяўленыя парушэнні ў вытворчасці малака.

Расійская іспекцыя ў складзе дзвюх груп працавала ў Беларусі ў траўні. Расіяне праверылі 17 перапрацоўчых прадпрыемстваў краіны, у тым ліку пяць малочных, восем мясных, два рыбныя, а таксама дзве птушкафабрыкі і тры малочна-таварныя фермы. Пасля гэтага Рассельгаснагляд зняў забарону на пастаўкі ў Расію з двух беларускіх прадпрыемстваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі