Расійскія СМІ сцвярджаюць, што Пуцін наведаў "ЛНР" — 419-я раніца вайны

Пуцін размаўляе з ваеннымі групоўкі войскаў "Днепр" / rbc.ru
Пуцін размаўляе з ваеннымі групоўкі войскаў "Днепр" / rbc.ru

Расійскія СМІ сцвярджаюць, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін наведаў штаб групоўкі войскаў "Днепр" на херсонскім кірунку, а таксама штаб нацыянальнай гвардыі "Усход" у так званай ЛНР. Паведамляюць, што Пуцін заслухаў даклады камандуючых, а таксама павіншаваў вайскоўцаў з Вялікаднем і падарыў ім копіі абразоў

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW)  выказалі здагадку, што добразычлівасць Пуціна ўдалося вярнуць фінансісту групы "Вагнер" Яўгену Прыгожыну. На думку аналітыкаў ISW, гэта стала магчымым праз няздольнасць звычайных расійскіх узброеных сіл выканаць задачы на Данбасе. У выніку цяпер сілы "Вагнера" атрымліваюць і падмацаванне, і боепрыпасы, і палітычнае прызнанне.

"Звязаныя з "Вагнерам" крыніцы абвясцілі 17 красавіка, што "Вагнер" рыхтуе да трох мотастралковых брыгад з мабілізаванага персаналу для ўзмацнення флангаў ў Бахмуце. Прыгожын таксама пацвердзіў, што расійскія Паветрана-дэсантныя сілы (ПДВ) дзейнічаюць бок аб бок з "Вагнерам", і паказаў, што актыўна атрымлівае артылерыйскія снарады", — гаворыцца ў справаздачы Інстытута. Аналітыкі ISW таксама мяркуюць, што "паляпшэнне адносін Пуціна з "Вагнерам" таксама можа быць сімптомам яго нерашучасці павялічыць мабілізацыю і сігналізаваць аб вяртанні да крыптамабілізацыі".

Бахмут, дзе вядуць наступленне "вагнераўцы", а таксама Мар'інка з'яўляюцца эпіцэнтрам баявых дзеянняў, кажуць у Генеральным штабе УСУ. Расіяне спрабуюць наступаць таксама на Купянскім, Ліманскім і Аўдзееўскім кірунках. Актыўна ўжываюць авіяцыю. На працягу сутак Сілы абароны Украіны адбілі на гэтых участках фронту больш за 70 нападаў праціўніка.

У офісе Генеральнага пракурора Украіны правяраюць інфармацыю аб злачынствах, пра якія распавялі былыя зняволеныя і найміты "Вагнера". Напярэдадні іх паказанні апублікаваў праект Gulagu.net. Суразмоўцы праекта — Азамат Улдараў і Аляксей Савічаў — прызналіся ў забойстве дзяцей і грамадзянскіх у Салядары і Бахмуце.

"Несумненна, што ў выпадку пацверджання наўмыснага забойства расійскімі вайскоўцамі ўкраінскіх дзяцей трэба прыняць усе неабходныя меры рэагавання. За ваенныя злачынствы на тэрыторыі нашай краіны вінаватыя павінны быць справядліва пакараныя", заявіў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец. Лубінец таксама распавёў, што толькі паводле афіцыйных звестак праз вайну ва Украіне загінула 470 дзяцей, 407 — прапалі без вестак, а 19 384 дзіцяці — дэпартаваныя Расіяй. Але гэтыя лічбы, паводле яго, могуць быць нашмат большымі.

Тым часам "герой" іншага жудаснага відэа — чалавек у расійскай вайсковай форме, які ў кадры адрэзаў галаву ўкраінскаму ваеннаму — усталяваны, ягонае імя вядомае. Пра гэта распавёў у інтэрв'ю Radio NV кіраўнік Галоўнай управы разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў. Ён таксама распавёў, што выпадкі такіх злачынстваў з'яўляюцца "адзінкавымі". Пры гэтым ён адзначыў, што "неяк так склалася, што амаль усе з тых, хто рабіў такія рэчы (дзе гэта было нам дакладна вядома), больш не існуюць". У гэтай сувязі, выказаў здагадку Буданаў, чалавек з відэа наўрад ці "стане выключэннем". На пытанне аб тым, ці датычная да гэтага ўкраінская разведка, кіраўнік ГУР Мінабароны адказаў: "Проста так адбылося".

Российские СМИ утверждают, что Путин посетил "ЛНР" — 419-е утро войны в Украине
Кірыл Буданаў / ГУР МА Украіны

У Кіеве ўжо рыхтуюцца да 11-га пасяджэння кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны (так званы фармат "Рамштайн"). Сустрэча запланаваная на 21 красавіка. Пра гэта ў традыцыйным вячэрнім відэазвароце распавёў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

"Чакаем грунтоўных рашэнняў, якія будуць адпавядаць перспектывам на полі бою. Даволі амбіцыйным перспектывам, якія мы ўсімі сіламі набліжаем. Прычым набліжаем не толькі для сябе, не толькі для Украіны, але і для ўсёй нашай антываеннай кааліцыі", — сказаў Зяленскі. Ён падкрэсліў, што агульная адказнасць Украіны з партнёрамі — выйграць больш часу для міру, гэта значыць быць цяпер максімальна актыўнымі ў забеспячэнні зброяй і снарадамі.

"Вельмі важна гэта разумець: кожны раз, калі мы чуем, што абяцаная пастаўка зброі затрымліваецца, калі ўзнікаюць сумневы адносна тыпу зброі для Украіны, адносна дальнабойнасці або іншых якасных характарыстык — гэта азначае, што ўкраінскія ваяры аддаюць сваё жыццё, каб быў гэты час... час, які траціцца на перакананне, каб усё ж адбылося пастаўка неабходнай зброі", — сказаў Зяленскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі