Расійскі паляўнічы параніў беларускага лесніка ў ягадзіцу
Здарэнне адбылося 16 кастрычніка ў Дамачаўскім лясніцтве на Брэстчыне падчас тура паляванняў для грамадзян Расіі.
Як паведамляе сайт tomin.by, адзін з паляўнічых пры разрадцы зброі зрабіў кантрольны спуск з карабіна з патронам у патронніку. У выніку стрэлу ляснік атрымаў кулявое раненне ягадзіцы. Куля прайшла навылёт.
Кіраўнік палявання выклікаў на месца здарэння следча-аператыўную групу, якая "ўстанавіла факт нанясення менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці". У дачыненні да няўдалага паляўнічага была распачатая крымінальная справа. Мужчыну пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі.
Наразны карабін "Заўэр" калібра 9,3х62 мм быў забраны для экспертызы.
Фота — sauer.de