Расійскі палітолаг: Расія ўвязваецца ў самазабойчы варыянт развіцця

У жывым эфіры Еўрарадыё абмеркавала ўвядзенне расійскіх войскаў ва Украіну з расійскім палітолагам, доктарам гістарычных навук, вядучым навуковым супрацоўнікам Цэнтра Карнегі ў Маскве Ліліяй Шаўцовай.

Еўрарадыё: Узгадваючы апошнюю прэс-канферэнцыю Уладзіміра Пуціна, як думаеце, ці будзе нейкае зацішша альбо трэба чакаць нейкай новай эскалацыі ў Крыме?

Лілія Шаўцова: Калі нехта мяркуе, што Уладзімір Пуцін змякчыў свой падыход да Украіны, той, відавочна, не разумее логікі Крамлёўскага самадзяржаўя. Справа не ў настроях ці псіхалогіі Пуціна. Мне здаецца, гэта мела на ўвазе Ангела Меркель, калі казала, што ў Пуціна свой свет, намякаючы на тое, што ён, магчымы, неадэкватны. Але калі казаць пра тактыку Крамля, то Пуцін цалкам адэкватны. І тое, што ён казаў, нягледзячы на рытарычныя абрамленні фраз, азначае адно: ён прапанаваў новай уладзе ў Кіеве ўльтыматум. Ультыматум сцвярджае: “Мы, Расія, не прызнаем вашу ўладу, лічым яе нелегітымнай. Можам прызнаць яе пасля выбараў. Але толькі калі вы прызнаеце нашы ўмовы і прымеце нашы правілы гульні”. Фактычна, Уладзімір Пуцін прапанаваў кіеўскай уладзе свае патрабаванні і бачанне ўкраінскай дзяржавы. Адначасова гэта і ўльтыматум Захаду, якому ён сказаў: “Добра, я не буду ўводзіць войска ва Украіну. Але калі будзе трэба, можа, і ўвяду. Давайце разам вырашаць украінскае пытанне. А ў прынцыпе, у мяне ёсць іншыя сродкі ўплыву на Украіну, не абавязкова войска”.

Еўрарадыё: А гледзячы на міжнародную рэакцыю, ці можна сказаць, што Пуцін і Расія ў выйгрышы ад усяго гэтага канфлікту?

Лілія Шаўцова: Калі гаворка аб выжыванні расійскага самадзяржаўя на чале з Пуціным, то я думаю, ён на дадзены момант вырашае тактычную задачу. Ён забяспечвае пэўныя ўмовы для выжывання расійскага самадзяржаўя за кошт дэстабілізацыі Украіны, дэмаралізацыі расійскага грамадства, значная частка якога падтрымлівае пуцінскую агрэсію ва Украіне і падтрымлівае братэрскую “дапамогу” ўкраінскаму народу. Але калі гаворка ідзе пра стратэгію, якой няма ў Крамля, калі гаворка аб будучыні, то Расія ўвязваецца абсалютна ў самазабойчы варыянт развіцця, вяртаючыя не толькі да стэрэатыпаў пасляваеннага свету ХХ стагоддзя, але да рэалій XVI-XVII стагоддзяў.

Еўрарадыё: А як, на вашу думку, скончыцца канфлікт: ён стане пачаткам канца Пуціна альбо ён будзе крокам, каб Пуцін яшчэ больш узмацніў свой уплыў у рэгіёне?

Лілія Шаўцова: Думаю, тактычна, Пуцін узмацняе ўплыў сярод традыцыйнага расійскага электарату і нават пашырае за кошт часткі грамадства, якая мысліць па-імперску. У Крамля ёсць пэўныя рэсурсы выжывання: фінансавыя, эканамічныя. А таксама такі рэсурс як пасіўнасць Захаду. Але ў цэлым сам крок і тое, што робіць Крэмль ва Украіне, з’яўляецца прыкметай пачатку агоніі расійскага самадзяржаўя. У рытме мабілізацыйнай краіны Расія не можа доўга існаваць. Але як доўга такое працягнецца, пакуль няма адказу.

Еўрарадыё: Тое, што Расія ўвяла войскі ва Украіну, ці можа стаць нагодай, для таго, каб грамадзянская супольнасць ў Расіі прачнулася і супраціўлялася самадзяржаўю?

Лілія Шаўцова: Першая рэвалюцыя ва Украіне аказалася няўдалай. Цяпер мы пажадаем украінцам поспехаў. Яны разумеюць, за што яны выйшлі на вуліцы. Я думаю, што частка расійскага грамадства з увагай, сімпатыяй, вялізнай увагай сочыць за украінскімі падзеямі. Яны ўсе сядзяць у Фэйсбуку, гэта маладое больш дынамічнае пакаленне людзей, якія выходзілі на Балотную і на Сахарава ў 2011-2012 гадах. Але ў цэлым расійскае грамадства, на жаль, знаходзіцца ў фазе дэмаралізацыі. Па крайняй меры, цяпер Майдан Расію як цэласнасць не абудзіць. Ён можа толькі даць аргументы расійскай уладзе закручваць гайкі. Але ў будучыні, калі пачнецца новая хваля ажыўлення, зразумела, урокі Майдана будуць вывучаныя, і, магчыма, прыдадуць нейкі імпульс новай пратэстнай хвалі.

Еўрарадыё: Як лічыце, ці хопіць фінансаў у Расіі праводзіць такую палітыку? Тым больш, пасля Алімпіяды.

Лілія Шаўцова: Вядома, расійскі бюджэт не гумовы, тым больш, калі Расія ўступіла ў рэцэсію. Гады праз 2-3 у нас будуць сур’ёзныя эканамічныя і, адпаведна, сацыяльныя праблемы. І тады нават тыя, хто падтрымліваў агрэсію супраць Украіны, задумаюцца. Зразумела, ўтрымліваць нават Крым будзе вельмі складана. А тым больш, Украіну, Арменію, якую спрабуюць уцягнуць у Еўразійскі саюз. А тым больш — Беларусь. То бок, гэта выкарыстоўванне маіх грошай як расійскага падаткаплацельшчыка. Думаю, што праблемы ўзнікнуць, і стане відавочнай вычарпальнасць мадэлі расійскай галактыкі на чале з Масквой і дзяржавамі-сатэлітамі па баках. Але чым скончыцца такая авантура, мне складана сказаць. Зразумела, што калісьці і расійскае грамадства выйдзе на вуліцы альбо ўсё ж яшчэ на кухні задумаецца: а навошта нам аплачваць авантуры Крамля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі