Вы тут

Расійскі эксперт: Авіябаза будзе! Ніякіх прычын, каб яе не было, няма

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін яшчэ 18 верасня даў загад падпісаць “Пагадненне паміж Расіяй і Беларуссю аб стварэнні расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі”, а кіраўнік Беларусі дагэтуль нічога пра планы саюзніка не ведае! І размовы ніякай наконт яе беларускі лідар ні з кім не меў. Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што ніякай расійскай базы ў нас не будзе, бо яна нам проста не патрэбная.

“Нам не трэба база сёння. Тым больш, ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбныя самалёты, а не базы сёння. У нас выдатныя лётчыкі, у нас добрая школа лётчыкаў ваенных, цывільных. І навошта мне ствараць базу? Навошта мне сёння завозіць сюды самалёты і лётчыкаў іншых дзяржаў? А свае што будуць рабіць?” — абураецца беларускі лідар падчас сустрэчы з будаўнікамі другой Мінскай кальцавой дарогі.

Лукашэнка пра расійскую авіябазу

Што за гульня і хто яе вядзе, Крэмль ці афіцыйны Мінск? А можа, і сапраўды на ўзроўні кіраўнікоў нашых краін ніякіх дамоўленасцяў пра базу і не было?

Калі і казаць пра адсутнасць нейкіх дамоўленасцяў паміж Мінскам і Масквой, то толькі наконт фінансавай кампенсацыі за размяшчэнне расійскай авіябазы ў Беларусі, упэўнены расійскі палітолаг Ігар Мінтусаў. І разважае, як будзе рэагаваць Крэмль на выказванне Лукашэнкі.

“Калі з пункту гледжання Расіі прапанаваны кошт (за размяшчэнне ў нас авіябазы, — Еўрарадыё) ужо дасягнуў вышэйшага ўзроўню, то Расія далей будзе весці перамовы з Лукашэнкам, абапіраючыся не на фінансавы кампанент, а на нейкі іншы. Будзе, скажам акуратна, пераконваць словам. Калі ж з пункту гледжання Расіі быў прапанаваны не верхні ўзровень кошту, то, верагодна, будзе павышаны кошт кампенсацыі за тыя страты палітычныя і, магчыма, эканамічныя, якія нясе беларускі бок у сувязі са стварэннем гэтай авіябазы на яе тэрыторыі”.

А вось кіраўнік службы стратэгічнага планавання расійскай Асацыяцыі памежнага супрацоўніцтва Аляксандр Сабянін не верыць у меркантыльнасць беларускага кіраўніцтва. Маўляў, тут непаразуменняў быць не можа, бо Расія ў выпадку “і ўсіх сваіх замежных баз, і усіх кропках сваёй ваеннай прысутнасці, якіх у 15-20 разоў больш, чым баз за мяжой”, плаціць столькі, колькі трэба, каб задаволеныя былі абодва бакі.

“Я думаю, што Аляксандр Рыгоравіч гэтай сваёй заявай прымушае расійскі бок недзе там у працоўных групах не хітраваць і дакладна вызначыць: дзе мы мяркуем ставіць базу, якая ўжо юрыдычна абгрунтаваная пастановай Ураду Расійскай Федэрацыі. Бо ваенная супольнасць цяпер абмяркоўвае Бабруйск, але з пункту гледжання і Расіі, і Еўразійскага саюза, трэба гаварыць пра Ліду. І вось нас прымушаюць вызначыць не толькі, дзе будзе база, але і тое, у якім узаемадзеянні будуць ваенна-паветраныя сілы і СПА Беларусі з рускай базай, якія ўрэшце будуць стаяць задачы перад базай. Заява кіраўніка Беларусі прымушае расійскі бок даць выразныя адказы на гэтыя пытанні”.

З калегай згодная расійскі палітолаг Наталля Бурлінава:

“На мой погляд, гаворка вядзецца пра ўзгадненне тэхнічных і юрыдычных аспектаў. Гэта не пытанне палітычных рознагалоссяў паміж нашымі краінамі, не нейкі новы канфлікт — тут цалкам тэхнічны момант. Мяркую, што ў межах перамоў абодва бакі будуць задаволеныя, і нейкая агульная пазіцыя будзе знойдзеная”.

А пазіцыя гэтая ў любым выпадку прывядзе да стварэння расійскай ваеннай авіябазы ў Беларусі, канстатуюць суразмоўцы Еўрарадыё. “База безумоўна будзе! Ніякіх прычын і ніякіх сігналаў пра тое, што база можа не з’явіцца не было і няма”, — катэгарычна заяўляе Аляксандр Сабянін. Пагаджаецца з ім і Ігар Мінтусаў:

 

“Уся геапалітыка і ўсе апошнія трэнды геапалітычныя і міжнародныя кажуць пра тое, што вельмі лагічна і натуральна было б, калі б Расія стварыла новую авіяцыйную базу на тэрыторыі Беларусі”.

А як жа беларускія інтарэсы на Захадзе, ці не пацерпяць яны ад стварэння гэтай базы — ці ж дарма афіцыйны Мінск прыкладае столькі намаганняў для прызнання прэзідэнцкіх выбараў міжнароднай супольнасцю?

“Стратэгічна Беларусь вызначылася ў сваім выбары — гэта саюз з Расіяй, які носіць фармат саюзнай дзяржавы, фармат эканамічнага саюза ў межах еўразійскай інтэграцыі, і які носіць ваенны характар ў межах нашага ваеннага ўзаемадзеяння, — Даводзіць Наталля Бурлінава. — Таму любое пытанне ваеннага характару — гэта выключна справа Расіі і Беларусі. Хто, дзе і што будзе размяшчаць. У межах гэтых двухбаковых адносінаў бакі і будуць дамаўляцца. Што ж тычыцца адносінаў Беларусі з Захадам, то я не думаю, што гэтае пытанне неяк наўпрост стасуецца са ступенню давяральных адносінаў Беларусі і Расіі”.

Калі зыходзіць з упэўненасці расійскіх экспертаў, то база ў Беларусі ўсё ж будзе. Цікава, як у выніку падпісання адпаведнага пагаднення з Расіяй гэты факт будзе тлумачыць беларускі кіраўнік.

Фота: Змітра Лукашука