Вы тут

Расійская інтэлігенцыя адказвае Алексіевіч: Жыве Беларусь!

Пратэсты ў Беларусі / Еўрарадыё

Расійская інтэлігенцыя выступіла з публічным адказам на ўчорашні зварот пісьменніцы Святланы Алексіевіч

Нобелеўская лаўрэатка выступіла са зваротам, калі ўсіх астатніх сяброў Каардынацыйнай рады арыштавалі або выціснулі за мяжу. Яна адзначыла, што ў Беларусі паўстаў народ, з якім не хоча размаўляць Аляксандр Лукашэнка. 

Да рускай інтэлігенцыі яна звярнулася з пытаннем: "Чаму вы маўчыце?.. Чаму вы маўчыце, калі бачыце, як растаптваюць маленькі, горды народ?".

У адказ расіяне напісалі: "Усе гэтыя тыдні пасля выбараў 9 жніўня, калі перад усім светам паўсталі жахлівыя сцэны злачынстваў вашых уладаў супраць мірных людзей, мы былі і застаемся разам з вамі. Мы будзем з вамі і далей, што б ні адбылося".

Яны адзначылі, што памятаюць пра роднасць беларускага і рускага народаў. "Сотні гадоў мы разам пераносілі самыя розныя нягоды і дзялілі радасці", — цытуе іх адказ "Новая газета".

Прадстаўнікі расійскай інтэлігенцыі заявілі, што стаяць побач з беларусамі ў супраціве абуральнай несправядлівасці і хлусні. 

"Мы слухаем вас, перажываем за вас і стараемся вам дапамагчы. Для нас гонар быць родным для вас народам. І мы спадзяемся ім для вас і застацца. Абдымаем вас.

Жыве Беларусь!"

Пад лістом падпісаліся эканаміст Іван Любімаў, навуковы кіраўнік Цэнтра даследаванняў мадэрнізацыі Еўрапейскага універсітэта ў Санкт-Пецярбургу Дзмітрый Травін, доктар сацыялагічных навук Міхаіл Аніпкін, дэпутат Заканадаўчага сходу СПб, намеснік старшыні партыі "Яблоко" Барыс Вішнеўскі, палітолаг, прафесар Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу і універсітэта Хельсінкі Уладзімір Гельман, псіхолаг Леанід Гозман ды інш.

З асобнымі зваротамі ў падтрымку беларусаў выступілі артыстка Лія Ахеджакава і пісьменнік Дзяніс Драгунскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.