Расіянін на машыне прарываўся праз беларуска-польскую мяжу

Расіянін на машыне прарываўся праз беларуска-польскую мяжу

Расіянін на машыне спрабаваў прарвацца праз пункт пропуску “Бераставіца” на беларуска-польскай мяжы. Пра такі інцыдэнт паведамляе сайт Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, гэта здарылася позна ўвечары 16 лютага. У 21.13 памежны нарад звярнуў увагу на легкавік, што рухаўся ў кірунку пункта пропуску на хуткасці каля 120 км/гдз. Памежнікі загадзя паставілі сродак прымусовага спынення. Кіроўца праігнараваў забараняльны сігнал святлафора і патрабаванне памежнікаў спыніцца. У выніку ён наскочыў на сродак прымусовага спынення і збіў зачынены шлагбаум. Машына моцна пабітая, кіроўца атрымаў нязначныя траўмы.

У момант здарэння на пункце пропуску стаяў пасажырскі аўтобус і дзеянні парушальніка маглі прывесці да трагічных наступстваў.

Кіроўца — грамадзянін Расіі 1974 года нараджэння. Яму аказалі медыцынскую дапамогу, ад шпіталізацыі ён адмовіўся. Вынікі праверкі на ўтрыманне ў крыві алкаголю будуць вядомыя пазней. Расіяніна даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Яму пагражае да 2 гадоў зняволення.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі