Расіяне заяўляюць, што беларускія мытнікі працуюць на мяжы з Расіяй

Мытныя службы Беларусі аднавілі праверкі аўтатранспарту на мяжы з Расіяй, паведамляе расійская Федэральная мытная служба. "ФМС пацвярджае, што беларускія мытнікі аднавілі сваю працу на мяжы з Расіяй. З нашага боку мытнага кантролю не ажыццяўляецца", — цытуе словы прадстаўніцы прэс-службы ФМС Алены Грач ТАСС.

Таксама ў ФМС пацвердзілі наяўнасць цяжкасцяў пры перасячэнні грузавым аўтатранспартам расійска-беларускай мяжы.

Нагадаем, учора Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі абверг паведамленні пра шматкіламетровыя чэргі з грузавых аўтамабіляў на беларуска-расійскай мяжы. Не была пацверджана інфармацыя пра ўвядзенне Беларуссю больш жорсткага мытнага кантроля, які, нібыта, і справакаваў чэргі на мяжы. Разам з тым, на беларуска-расійскай мяжы праводзіцца "маніторынг" ці "спецыяльнае кантрольнае мерапрыемства".

Як вядома, у канцы лістапада Рассельгаснагляд забараніў транзіт праз тэрыторыю Расіі харчавання, якое знаходзіцца пад эмбарга, у трэція краіны праз пункты пропуску Беларусі з-за выяўленай кантрабанды. Многія партыі да заяўленых краін не даязджалі, а насамрэч выгружаліся ў Расіі. Цяпер увоз такіх тавараў для транзіту дапускаецца толькі праз пункты пропуску, размешчаныя на расійскім участку знешняй мяжы Мытнага саюза. Мінск заявіў, што дадзеная мера парушае міжнародныя дамовы.


"Наша ніва" нагадвае, што Аляксандр Лукашэнка паставіў Расіі фактычны ўльтыматум: ён запатрабаваў зняць наяўныя абмежаванні цягам дзесяці дзён. Мытных праверак на мяжы Беларусі і Расіі няма ад 2011 года, калі краіны заключылі Мытны саюз.

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі