Расіяне ўзялі на Данбасе горад Навагродаўку і наступаюць на Пакроўск

На фронце, ілюстрацыйнае фота

На фронце, ілюстрацыйнае фота / Getty Images

На Данбасе расійская армія працягвае наступ на Пакроўскім напрамку. За некалькі дзён яна здолела ўзяць горад Навагродаўку — важны апорны пункт УСУ за 10 км ад Пакроўска, піша Бі-Бі-Сі.

У самім Пакроўску і Мірнаградзе ўжо некалькі дзён адбываецца масавая эвакуацыя насельніцтва. У гэтых двух гарадах жыве агулам каля 100 тысяч чалавек. Гэта апошнія буйныя гарады Данецкай вобласці на захад і паўночны захад ад Данецка, якія застаюцца пад кантролем Украіны.

Праз Пакроўск праходзяць трасы на Данецк, Канстанцінаўку, Краматорск і ўглыб Украіны.

Тым часам УСУ працягваюць наступ у Курскай вобласці. За жнівень яны захапілі больш тэрыторыі, чым раіяне ў Данбасе. Але самы буйны населены пункт, узяты УСУ — Суджа, дзе жыве каля 5 тысяч чалавек. Гэта амаль утрая менш, чым у той жа Навагродаўцы, не кажучы ўжо пра Пакроўск і Мірнаград.

Украінскі галоўнакамандуючы Аляксандр Сырскі прызнаў, што адно з задач наступу ў Курскай вобласці было адцягнуць "значныя сілы праціўніка з іншых напрамкаў, у першую чаргу з Пакроўскага, Курахаўскага". Але, паводле яго слоў, расійскія часці не толькі не пакідаюць Пакроўскі напрамак, а, наадварот, нарошчваюць там колькасць войскаў. Пра надзвычай складаную сітуацыю на Пакроўскім напрамку заявіў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі