Бахмут пад пагрозай штурму УСУ — расійскія ваенкары

Трафеі УСУ / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Трафеі УСУ / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Расійскія войскі пакінулі Кляшчэеўку, сяло ў 9 кіламетрах на поўдзень ад Бахмута. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале расійскі ваенны карэспандэнт Аляксандр Сладкоў.

"Калі ўсё так, гэта дрэнна. Бахмут пад агнявым кантролем УСУ", — напісаў ён. І дадаў, што горад апынуўся "пад пагрозай штурму". "Ці ўтрымаем? Ды хто ж ведае", — дадаў пры гэтым Сладкоў. Паводле яго, адной з прычын адступлення стаў снарадны голад.

Пазней расійскія вайскоўцы, ваенкары сыход з Кляшчэеўкі абверглі. Але там ідуць баі.

Міністэрства абароны Украіны аб поспехах у Кляшчэеўцы пакуль не паведамляла. Аднак прадстаўнік Генштаба УСУ Андрэй Кавалёў расказаў у эфіры тэлемарафона, што ўкраінскія вайскоўцы сёння вядуць наступальныя дзеянні на Бахмуцкім, Мелітопальскім, Бярдзянскім кірунках і маюць поспех у раёне вёскі Кляшчэеўка Бахмуцкага раёна. Пра гэта расказвае ТСН.

Інстытут вывучэння вайны ў традыцыйнай справаздачы адзначае, што ўчора ўкраінскія сілы працягнулі контрнаступальныя аперацыі прынамсі на чатырох участках фронту і прасунуліся наперад. У тым ліку яны дамагліся пэўных поспехаў на паўночным і паўднёвым флангах Бахмута.

Адзначым, што расіяне штурмавалі Бахмут са жніўня 2022 года да траўня 2023-га. Адной з галоўных дзейных сіл у гэтай бітве была прыватная ваенная кампанія "Вагнер". За час штурму горад быў амаль цалкам разбураны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі