Расіяне адпраўляюць жыхароў Марыупаля ў фільтрацыйныя лагеры ў РФ. Як паведамляе гарадскі савет, масава вывозяцца жыхары Левабярэжнага раёна. Агулам "пад незаконную дэпартацыю" трапілі каля 15 тысяч чалавек. Людзей заганяюць у аўтобусы, якія іх вязуць у Расію. Па некаторых звестках, у іх забіраюць украінскія дакументы.
З фільтрацыйных лагероў жыхароў Марыупаля размяркоўваюць па розных аддаленых гарадах РФ. Тысячы людзей ужо туды завезеныя. Ім прапануюць працу нават на... Сахаліне. А вось эвакуацыя з Марыупаля на падкантрольную Украіне тэрыторыю блакуецца расійскімі войскамі.
Марыупаль з пачатку сакавіка знаходзіцца ў поўным акружэнні. Украінскія войскі трымаюць абарону. Горад перажыў жахлівыя абстрэлы, ён у руінах, загінулі некалькі тысяч мірных жыхароў. Расію абвінавачваюць у ваенных злачынствах, здзейсненых у Марыупалі.