Расіяне абстралялі Адэсу, ГУР атакавала два нафтаперапрацоўчыя заводы ў РФ
Атака на Разанскі НПЗ
У ноч на 1 траўня расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Адэсе, у выніку чаго загінулі тры чалавекі і столькі ж параненых, паведамляе hromadske.ua.
Як заяўляе кіраўнік ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер, Адэсу атакавалі дзвюма балістычнымі ракетамі.
Таксама ў выніку атакі ёсць пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры.
Зранку 1 траўня кіраванымі авіябомбамі былі атакаваныя аўтамабіль і прыватны дом ў Багадухаўскім раёне Харкаўскай вобласці. Загінулі мужчына і жанчына, якія былі ў аўтамабілі, паведамляе кіраўнік ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Загарэліся таксама тры аўтамабілі, якія былі недалёка ад месца выбуху. Пры гэтым пацярпелі 77-гадовы мужчына і жанчына 74 гадоў.
У сваю чаргу ўкраінская разведка ўначы атакавала беспілотнікамі два нафтаперапрацоўчыя заводы на тэрыторыі Расіі — у Разанскай і Варонежскай абласцях.
Як паведамляе hromadske са спасылкай на крыніцу ў спецслужбах Украіны, гэта была аперацыя Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Мінабароны Украіны. У выніку атакі ёсць пашкоджанні, іншыя дэталі пакуль невядомыя.
У тэлеграм-каналах з'явілася відэа пажару на Разанскім НПЗ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.