Расія ўводзіць санкцыі на пастаўкі шасці беларускіх прадпрыемстваў

Расія ўводзіць санкцыі на пастаўкі шасці беларускіх прадпрыемстваў

Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі прадукцыі з некалькіх бедарускіх прадпрыемстваў, якія выпускаюць малочную прадукцыю. Як паведамляецца на сайце ведамства, прычынай сталі парушэнні ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў Еўразійскага эканамічнай саюза і Расійскай Федэрацыі, якія ў апошні час набылі сістэматычны характар.

Рассельгаснагляд падкрэслівае, што прасіў беларускі бок прыпыніць ветэрынарную сертыфікацыю прадукцыі высокай рызыкі (сухое малако, сыр, масла) з шэрагу прадпрыемстваў. Аднак афіцыйны Мінск на гэты зварот не адрэагаваў. А расійскія спецыялісты тым часам выявілі паўторныя парушэнні на шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. 

Таму Расія з 19 траўня ўводзіць часовую забарону на пастаўкі сухога малака, масла і сыру з наступных прадпрыемстваў: ААТ "Кобрынскі масларобна-сыраробны завод", ААТ "Маладзечанскі малочны камбінат", ААТ "Малочная кампанія Навагрудскія дары", ААТ "Пружанскі малочны камбінат", ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат", ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" Любанскі філіял. У іх прадукцыі расійскія спецыялісты выявілі рэшткі ветэрынарных антыбіётыкаў, а таксама зафіксавалі парушэнні паказчыкаў бяспекі.

Таксама з 19 траўня ўводзіцца часовае абмежаванне на пастаўкі сухой малочнай сыроваткі, вырабленай ААТ "Бабушкина крынка": у ёй таксама выявілі ветпрэпараты. 

Рассельгаснагляд таксама інфармуе, што выявіў сальманэлы ў прадукцыі ААТ "Агракамбінат Скідзельскі" — філіяле Скідзельскай птушкафабрыкі. Таму ён  звярнуўся да беларускага боку з просьбай увесці ўзмоцнены лабараторны кантроль над прадукцыяй гэтага прадпрыемства. 

Таксама расійскі бок выявіў, што некаторыя беларускія вытворцы парушаюць якасны склад сваёй прадукцыі. У гэтым пераліку называюцца ААТ "Баранавіцкі малочны камбінат", СТАА "Верхні луг", ААТ "Здравушка-мілк" Бярэзінскі філіял, "Ашмянскі сыраробны завод" філіял ААТ "Лідскі малочна-кансервавы камбінат". Да таго ж, у прадукцыі ПУП "Малочны полюс" паўторна выяўленыя рэшткі антыбіётыкаў. Гэтыя прадпрыемствы называюцца кандыдатамі ў расійскі "чорны спіс", калі Беларусь не прыме меры па недапушчэнні паставак нядобраякаснай прадукцыі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі