Расія нясе вялікія страты, але працягвае атакаваць — 355-я раніца вайны

Разбітая расійская тэхніка пад Углядарам / УСУ
Разбітая расійская тэхніка пад Углядарам / УСУ

Пад Углядарам Расія пазбавілася сваёй элітнай 155-й брыгады марской пяхоты з Уладзівастока, піша Politico са спасылкай на спікера ўкраінскіх сіл абароны Таўрычнага кірунку Аляксея Дзмітрашкоўскага. Расійскія войскі гублялі пад Углядарам ад 150 да 300 марскіх пяхотнікаў у дзень.

"Акрамя таго, за апошні тыдзень праціўнік страціў каля 130 адзінак тэхнікі, у тым ліку 36 адзінак танкаў", — кажа Дмітрашкоўскі. Выданне нагадвае, што 155-ю брыгаду ўжо тройчы даводзілася даўкамплектоўваць. Першы раз пасля баёў у Ірпені і Бучы, другі раз — пасля паразы пад Данецкам. Цяпер, па словах украінскіх вайскоўцаў, амаль уся брыгада расійскіх марпехаў знішчана пад Углядарам. Але расійскі штурм Углядара, а таксама Аўдзееўкі і Бахмута працягваецца. Таму УСУ "хацелася б, каб зброя ад нашых партнёраў паступала хутчэй, бо гэта дало б нам магчымасць не толькі абараняцца і стрымліваць атакі, але і канчаткова выцясняць іх з нашай тэрыторыі", — адзначыў Дзмітрашкоўскі.

Россия несет большие потери, но продолжает атаковать — 355-е утро войны
Разбітая расійская тэхніка пад Углядарам / @uniannet

Аб вялікіх стратах расіян падчас штурмаў ў Данецкай і Луганскай абласцях піша і CNN. Журналісты кампаніі пагутарылі ва Украіне з палоннымі байцамі прыватнай вайсковай кампаніяй "Вагнер". Адзін з іх распавёў пра свой першы штурм каля вёскі Белагораўка. "Нас было 90. Шэсцьдзесят загінулі падчас таго першага штурму, былі забітыя мінамётным агнём. Некалькі былі параненыя. Калі адна група не мае поспеху, адразу адпраўляецца іншая. Калі другая няўдалая, яны адпраўляюць наступную групу", — кажа мужчына.

Са слоў суразмоўцаў CNN, у "Вагнер" за невыкананне загадаў камандзіры пагражалі байцам ліквідацыяй. Яны распавялі аб расстрэле аднаго з таварышаў, які адмовіўся ісці на штурм. Яму загадалі выкапаць магілу, а потым расстралялі. Эвакуацыі параненых з поля бою, па іх словах, таксама не было: яны павінны былі самастойна дабрацца да месца, дзе няма агню, і калі побач нікога няма, самі аказаць сабе першую дапамогу.

Аб значных страта праціўніка, асабліва ў жывой сіле, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Тым не менш, расіяне прадаўжаюць весці наступальныя аперацыі на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках. Украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што адбітыя атакі ў раёне Крамянной і Белагораўкі ў Луганскай вобласці, а таксама ў раёнах Бахмута, Выемкі, Фёдараўкі, Васюкоўкі, Іванаўскага і Кляшчэеўкі Данецкай вобласці, а таксама Гранікоўкі Харкаўскай вобласці.

Расійскія крыніцы са свайго боку сцвярджаюць, што ўсталявалі кантроль над паўночнымі ўскраінамі Гранікоўкі, і ў цэлым працягваюць развіваць наступ на Купянскім участку. Па дадзеных гэтай крыніцы, на поўнач ад Бахмута штурмавыя атрады "Вагнер" усталявалі кантроль над Краснай гарой. А на паўднёвым захадзе ад Бахмута расіййскія войскі прасоўваюцца да абарончых межаў УСУ ў кірунку Ступачак і Часовага Яра. А яшчэ аднавіліся баявыя дзеянні на Адэскім кірунку: расіяне атакавалі чыгуначны мост у Затоцы.

Россия несет большие потери, но продолжает атаковать — 355-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Да гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Захад увядзе новыя санкцыі супраць РФ, а прэзідэнту Уладзіміру Пуціну пашле "выразны сігнал". Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба.

"У ААН, у Кіеве, у многіх іншых сталіцах свету адбудуцца розныя падзеі, якія пасылаюць вельмі выразны сігнал прэзідэнту Пуціну: калі ты, Пуцін, гуляеш у гульню на знясіленне і думаеш, што час гуляе на тваім баку, то ты глыбока памыляешся. Таму што адзінства з Украінай з кожным днём толькі расце, і ў гэтай вайне ты абавязкова прайграеш", прыводзіць словы Кулебы "Радыё Свабода". На думку ўкраінскага міністра, планы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна наведаць Польшчу з 20 да 22 лютага таксама з'яўляюцца "састаўным элементам таго сігналу Пуціну".

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным звароце таксама казаў аб новых санкцыях супраць Расіі. Паводле яго слоў, Украіна цяпер робіць усё, каб былі ўведзеныя санкцыі супраць расійскай атамнай галіны.

"Гэта няпроста. Ёсць пэўны супраціў. Але быў час, калі і іншыя абмежаванні супраць Расіі здаваліся няпростымі. Здаваліся. Цяпер яны ўжо дзейнічаюць. Напрыклад, па нафце і нафтапрадуктах з Расіі", — нагадаў Зяленскі.

Для кантрабанды беспілотнікаў далёкага радыусу дзеяння ў Расію Іран выкарыстаў лодкі і дзяржаўную авіякампанію. Гэтыя дроны здольныя атакаваць і вяртацца на базу, Расія выкарыстоўвае іх у вайне супраць Украіны, піша The Guardian са спасылкай на крыніцы ў Іране.

Па дадзеных выдання, па меншай меры 18 такіх беспілотнікаў былі дастаўлены ў РФ пасля візіту расійскіх афіцэраў у Тэгеран у лістападзе 2022 года. У адрозненне ад больш вядомых беспілотнікаў тыпу Shahed-131/136, гэтыя дроны далёкага радыусу дзеяння прызначаныя для нападу і вяртанне на базу цэлымі. Большасць беспілотнікаў, адпраўленых у Расію, былі таемна падабраныя іранскім суднам з базы на ўзбярэжжы Каспійскага мора, а затым перададзеныя ў мора на катэр, паведамілі крыніцы. Яшчэ частка беспілотнікаў была адпраўлена дзяржаўнай іранскай авіякампаніяй. Гэтыя дроны былі вырабленыя на тым самым вайсковым заводзе ў іранскім горадзе Ісфахан, які ў канцы студзеня быў абстраляны ізраільскім дронам, піша выданне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі