Расія не будзе даваць інфармацыю пра ядзерныя зарады ў Беларусі

Сяргей Рабкоў / ria.ru
Сяргей Рабкоў / ria.ru

Расія не будзе даваць інфармацыю пра ядзерныя зарады ў Беларусі. Пра гэта ў пятніцу заявіў намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў.

"Пытанне аб апублікаванні звестак аб ядзерных зарадах, якія пастаўляюцца Беларусі, не стаіць, — гаворыць расійскі чыноўнік. —...Я глыбока сумняваюся ў тым, што гэтая тэма наогул стане прадметам публічнага абмеркавання і "засветкі" з нашага боку. Хачу сказаць, што дзесяцігоддзямі ЗША трымаюць на тэрыторыі шэрагу еўрапейскіх краін сваю тактычную ядзерную зброю, і ніколі лічбы дакладныя яны не называюць — усё гэта ацэначныя нейкія параметры, нейкія выкладкі экспертаў, бог ведае каго. Чаму мы павінны ў аднабаковым парадку нешта такое аб'яўляць?".

Уладзімір Пуцін упершыню заявіў, што ў Беларусь будзе пастаўлена расійская тактычная ядзерная зброя, 25 сакавіка 2023-га. Масква падкрэслівае, што захавае кантроль над ёй. 16 чэрвеня Пуцін распавёў, што першыя ядзерныя зарады ўжо ў Беларусі, а працы па размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі збіраюцца завяршыць да канца года.

Аляксандр Лукашэнка спрабуе пераканаць, што размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта яго просьба і настойлівае патрабаванне. Ён спадзяецца з яе дапамогай захаваць сваю ўладу. А дзяржсакратар Саўбеза РБ Аляксандр Вальфовіч кажа, што ядзерная зброя патрэбна толькі для абароны, і "гэтая мера стратэгічнага стрымлівання... не мае наступальнага характару".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі