Вы тут

Раманчук: я прасіў Ціханоўскую выключыць Шакуціна з "чорнага спісу" ЕС

Яраслаў Раманчук / Еўрарадыё

Уключэнне ўладальніка "Амкадора" Аляксандра Шакуціна ў "чорны спіс" Еўрасаюза — вялікая памылка, лічыць эканаміст і палітык Яраслаў Раманчук. У каментары "Нашай Ніве" ён патлумачыў сваю пазіцыю. 

Шакуцін — адзін з двух бізнесоўцаў, якія трапілі пад санкцыі Еўрасаюза напрыканцы 2020 года (другі — Мікалай Варабей). У сярэдзіне сакавіка 2021-га ён падаў пазоў у суд Еўрасаюза, каб адмяніць гэтую пастанову.

Па словах Раманчука, санкцыі трэба накладаць на тых, хто працуе з дзяржаўнымі рэсурсамі, душачы канкурэнтаў. Найперш гаворка ідзе пра такія сферы, як нафтаперапрацоўка, будаўніцтва, імпарт рыбы і гэтак далей. "Калі ж чалавек працуе ў канкурэнтным полі, як Шакуцін, яго ціснуць міністэрствы, ведамствы, урад, то гэта зусім іншая гісторыя", — заяўляе эканаміст. Па яго словах, на прадпрыемствах Шакуціна распрацоўваюць унікальныя рэчы і куюць кіроўныя кадры.

Ён здзіўлены, што ўладальніка "Амкадора" ўключылі ў "чорны спіс", хаця не ўключылі многіх іншых.
 
На закіды пра сяброўства Шакуціна з Аляксандрам Лукашэнкам Раманчук адказвае: "Я не ведаю ніводнага чалавека, які б сябраваў з Лукашэнкам. Чалавеку маглі сказаць: сёння ты едзеш туды, і ён нават мог не ведаць, куды едзе. За 26 гадоў улады Лукашэнкі мы бачым, што сяброў у яго няма. І няважна, ці касілі вы разам траву, ці гулялі ў тэніс".

Эканаміст заяўляе, што фінансавыя паказчыкі "Амкадора" хутчэй сведчаць, што іх ладальнік гуляе не на баку ўлады. А тое, што Шакуцін ратуе свой бізнэс, кантактуючы з урадам ці Лукашэнкам, наўрад ці служыць падставай для ўнясення ў "чорны спіс".

Раманчук прызнаецца, што пісаў Святлане Ціханоўскай прапанову выключыць бізнесоўца з "чорнага спісу" ЕС. "Я фактычна праз пару дзён пасля ўключэння Шакуціна накіраваў такі ліст Ціханоўскай. Ніякай рэакцыі не было. Ціханоўская павінна ведаць, што не ўсе аднолькавыя ў органах улады і ў бізнесе. Калі мы за праўду і справядлівасць, за нацыянальны бізнес, то Шакуціна там быць не павінна быць. На жаль, я нічога не пачуў у адказ", — прызнаецца ён. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.