Раман Якаўлеўскі: Пуцін будзе "драбіць" расійскую апазіцыю

120507 JakauleuskiS.mp3

Еўрарадыё: Ці стала Расія падчас разгону дэманстрацыі  ў чарговы раз на рэйкі аўтарытарызму? Як цяпер будзе развівацца расійская палітычная сістэма?

Раман Якаўлеўскі: У параўнанні з мінулым часам прэзідэнцтва Пуціна, Расія, большай часткай Масква, ды і Пецярбург – іншыя. Відавочны рост пратэстных настрояў  і апазіцыйнага электарату. Што тычыцца разгону дэманстрацыі – я б не сказаў, што ён падобны на снежаньскі разгон дэманстрацыі ў Беларусі. Не падобны таму, што цяперашняя дэманстрацыя – гэта працяг так званай “белай” рэвалюцыі ў Маскве, якая назіралася пасля думскіх выбараў. Не падобны таксама і ў тым, што сродкі масавай інфармацыі (расійскія, падкрэсліваю) мелі магчымасць асвятляць гэта.

Еўрарадыё: Ці варта беларусам асцерагацца палітыкі Пуціна?

Раман Якаўлеўскі: У першую чаргу, асцерагацца павінен сам Лукашэнка. А што тычыцца незалежнасці Беларусі – я не прыхільнік меркавання, што Беларусь можа быць інкарпарыравана як частка ў Расійскую федэрацыю. Мы назіраем іншае – тое, што я называю “элегантнай каланізацыяй”. Самыя “смачныя” кавалкі беларускай маёмасці Расійскі капітал забірае, а, напрыклад, 2 мільёны беларускіх пенсіянераў пакідае самім беларусам і павадыру Лукашэнку. Пуцінскі ціск будзе ўзмацняцца. 15-га мая ў Маскве адбудзецца саміт абароннай арганізацыі АДКБ, на якой Пуцін будзе ўжо ў якасці прэзідэнта.

Еўрарадыё: Ці памяняецца ў Расіі што-небудзь ад таго, будзе Пуцін прэм’ер-міністрам або прэзідэнтам?

Раман Якаўлеўскі: Нічога не мяняецца, але калі казаць, што і там і там існуе свая вертыкаль, дык, на мой погляд, беларуская вертыкаль працуе мацней. Пуцінская вертыкаль наадварот – стала слабейшай. Гэта відавочна, і гэта мы бачым па масавых акцыях пратэсту.

Еўрарадыё: Нядаўна Дзмітрый Мядзведзеў пахваліў Лукашэнку за тое, што ён адданы Расіі. Можа, Лукашэнку не варта баяцца прыходу Пуціна? Расія і далей будзе фінансаваць рэжым па 7 мільярдаў долараў штогод…

Раман Якаўлеўскі: Наконт 7-мі мільярдаў – гэта за проста так не будзе. А што тычыцца Дзмітрыя Мядзведзева – я нагадаю, што менавіта ён быў рэдактарам гэтага серыялу “Хросны бацька”. Учора ён казаў адно, а сёння – іншае. Да яго словаў трэба ставіцца па-філасофску і спакойна. Тое, што ён нахвальвае Лукашэнку, не сведчыць пра тое, што ён пачаў яго паважаць. Ды і не сведчыць, што сам Лукашэнка пачаў паважаць кіраўнікоў Расіі.

Еўрарадыё: Не так даўно адбыўся круглы стол “Распад Расіі – прагнозы і стратэгіі рэгіянальнай бяспекі”. Калі не адбудзецца лібералізацыя эканомікі, ці магчыма, што Расія пачне распадацца ўжо падчас прэзідэнцтва Пуціна?

Раман Якаўлеўскі: Расійская рэчаіснасць такая, што мы не ведаем, што будзе заўтра, але казаць, што ядзерная дзяржава проста так возьме і разваліцца – не варта. Хаця вайна на Каўказе сведчыць пра тое, што Расія “трашчыць”.

Еўрарадыё: Што можна сказаць пра расійскую апазіцыю? Яе будуць знішчаць, як у Беларусі, ці ў яе ёсць шанец атрымаць нейкую ролю ў палітчных баталіях?

Раман Якаўлеўскі: У адрозненне ад Беларусі, у Расіі ёсць сістэмная і несістэмная апазіцыя, тыя якія лічаць сябе апазіцыяй, засядаюць у Дзярждуме. Мы назіраем дынаміку ўзмацнення апазіцыі ў Расіі, але Пуцін як прафесійны чэкіст, будзе яе драбіць. Апазіцыя там не адзіная: там і чырвоная апазіцыя, і нацыяналісты-імперыялісты, ёсць і ліберальная, уплыў якой не варта перабольшваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі