Вы тут

"Рафаэлкі" і жывыя свінні: што перастануць увозіць у Беларусь з 1 студзеня

Больш ніякіх вам "рафаэлак"! / flickr.com

У новым годзе беларусы могуць застацца без імпартных харчовых тавараў — і ўсё праз "контрсанкцыі" ўладаў Беларусі. Дакумент Саўміна зацверджаны на 6 месяцаў, на працягу якіх будуць забароненыя ўвоз і рэалізацыя некаторых прадуктаў з "недружалюбных" ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і іншых краін.

Еўрарадыё акінула позіркам імпарт, які трапіў пад раздачу і патэнцыйна можа стаць "забаронкай".

 

Улюбёныя шакаладкі

1 студзеня 2022 года пад удар трапяць шакаладкі Rittersport, Тoffifee, Merci вытворчасці Германіі і швейцарскі Toblerone. З прылаўкаў можа знікнуць прадукцыя кампаніі Mars (батончыкі Snickers, Twix, Bounty), шакалад MilkaSchogetten і гандлёвая марка Nestle, якая стварыла брэнды Alpen Gold, Nesquik, Kit Kat.

Шакалад Ritter Sport і Toblerone / калаж Еўрарадыё

"Контрсанкцыі" закрануць дражэ Тіс Тас і Mentos, нямецкія цукеркі Mamba, Haribo, Maoam і чэшскія Bon Pari. Цукеркі Raffaello, Kinder, шакаладная паста Nutella і іншая прадукцыя кампаніі Ferrero можа быць пад пагрозай знікнення з паліц беларускіх крамаў як мінімум да лета 2022 года. Таксама меч Саўміна навіс над салодкімі таварамі ад гандлёвых марак Oreo і Baileys.

Набор “Рафаэлак” / Ferrero

Высакародны сыр

"Імпартазамяшчаць" чыноўнікі плануюць і замежную малочную прадукцыю. У забарону на "малочку" ў асноўным трапляюць прысутныя ў вялікім асартыменце замежныя сыры — Parmigiano, Radamer, сыры з высакароднай цвіллю, такія як "Дарблю", Chavroux і іншыя.

Французскі сыр Chavroux / zvenigora.com

Садавіна, гародніна і арэхі

Востры дэфіцыт садавіны Беларусі наўрад ці пагражае, бо акрамя ўмоўных іспанскіх "санкцыйных" дынь ёсць аналагі з той жа Бразіліі. Гэта таксама датычыцца некаторай гародніны і арэхаў, якія прысутнічаюць на беларускім рынку. Але, магчыма, хтосьці ўсё ж будзе сумаваць без італьянскага вінаграду, брусельскай капусты ці польскіх яблыкаў.
 

Больш ніякіх свіней з ЗША

Пасля Новага года "забаронкай" у тым ліку стане і мясная прадукцыя. У анлайн-крамах беларускіх гіпермаркетаў яна прадстаўлена гандлёвымі маркамі аўстрыйскай кампаніі Greisinger, іспанскай Tello, італьянскай San Leonardo ды іншымі.

Сасіскі "Нюрнбергскія" кампаніі Greisinger

Акрамя таго, забарона датычыцца тлушчу, каўбас, мяса і "харчовых субпрадуктаў буйной рагатай жывёлы, свойскай птушкі, свіней, авечак, коз, коней, аслоў, мулаў або лашакоў".

Калі вы надумалі ў 2022 годзе купіць у "санкцыйнай" краіне свінню, то паспяшайцеся, таму што ў харчовым эмбарга ад беларускіх чыноўнікаў першым пунктам згадваюцца "свінні жывыя".

Свінні з ЗША з новага года пад забаронай / калаж РІА Навіны

Таксама ў стоп-ліст трапіла соль, лярд-стэарын (цвёрды белы тлушч), харчовая мука з мяса. Варта адзначыць, што "забаронка з Захаду" наўрад ці цалкам знікне з крамаў. Увоз такой прадукцыі будзе дазволены "ў рамках квот" і "ўсталяваных тарыфных ільгот". Акрамя таго, у пастанове згадваецца, што пералічаныя тавары дазволена ўвозіць "для асабістага карыстання".

Дарэчы, у Расіі вырабляюць брэнды, якія трапілі ў блэк-ліст у Беларусі: "снікерсы", прысмакі ад Ferrero і іншыя. Можа быць і так, што нейкая частка "санкцыёнкі" без праблем будзе паступаць на паліцы беларускіх крамаў, але ўжо з Усходу, а не праз заходнія межы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.